Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скаргу палітвязьня Касьцюка на рашэньне аб дэпартацыі з РФ у Беларусь разгледзяць 17 кастрычніка, яму сабралі грошы на квіток у Варшаву


Юры Касьцюк
Юры Касьцюк

Разгляд скаргі жыхара Берасьця Юрыя Касьцюка на рашэньне дэпартаваць яго з Расеі ў Беларусь прызначаны на 17 кастрычніка, паведаміў у сваім тэлеграм-канале каардынатар ініцыятыўнай групы «Арыштанты-212» і кіраўнік прававых праграм Маскоўскай Хэльсынкскай групы (МХГ) Раман Кісялёў.

«Раней Генпракуратура адмовіла ў яго экстрадыцыі, бо пастаўленае яму ў віну дзеяньне не лічыцца злачынствам у Расеі, — адзначыў праваабаронца. — Аднак на выхадзе з СІЗА ён быў затрыманы паліцыяй і прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасьці за парушэньне міграцыйнага рэжыму — яму прызначылі выправаджэньне ў Беларусь. Гэта відавочная спроба ўтоенай экстрадыцыі».

Паводле яго слоў, 13 кастрычніка праваахоўнікі, «не чакаючы ўступленьня рашэньня аб выправаджэньні ў законную сілу», паспрабавалі вывезьці Касьцюка ў Беларусь. «Позна ўначы нам удалося спыніць гэтую спробу, і яго вярнулі ў цэнтра часовага ўтрыманьня замежных грамадзян, — адзначыў Кісялёў. — Але сёньняшняй раніцай яго зноў забралі. Яго цяперашняе месца разьмяшчэньня невядомае.

Праваабаронца паведаміў, што адвакат Касьцюка на судзе будзе акцэнтаваць на факт адмовы ў экстрадыцыі маладога чалавека і папросіць замяніць пакараньне «з прымусовага выправаджэньня на самастойны кантраляваны выезд».

«Гэта дазволіць яму сесьці на той самалёт, на які ён захоча і паляцець у трэцюю краіну. Каб мець магчымасьць пераканаць суд у намеры Юрыя выехаць з краіны, нам трэба мець ужо на судовым пасяджэньні на руках квіток у гэтую самую трэцюю краіну. Юрый мае польскую візу і запрашэньне, але зараз патрэбны квіток», — адзначыў прадстаўнік МХГ.

«Самы танны квіток з Сочы ў Варшаву», паводле яго зьвестак, каштуе 52 тыс. расейскіх рублёў (830 долараў). Гэтую суму ўдалося сабраць літаральна за некалькі гадзін.

«Шанец посьпеху не вялікі, але мы абавязаныя зрабіць усё, што ёсьць у нашых сілах, каб абараніць Юрыя ад вяртаньня ў краіну, дзе яму пагражаюць доўгія гады турмы і катаваньні», — напісаў Кісялёў.

Раней беларуская праваабарончая ініцыятыва Dissidentby паведаміла, што 13 кастрычніка ў аэрапорце Касьцюк «спрабаваў нашкодзіць сабе і парэзаў жывот, каб спыніць катаваньні і незаконную экстрадыцыю». «Яго вярнулі ў цэнтар часовага ўтрыманьня замежных грамадзян, дзе ён зьняў пабоі, — гаварылася ў паведамленьні. — 15 кастрычніка павінна была адбыцца сустрэча з адвакатам, але прыставы вывезьлі Юрыя ў невядомым напрамку. Адваката не дапускаюць і не даюць азнаёміцца з дакумэнтамі».

17 лістапада 2020 года суд Ленінскага раёна Менска прыгаварыў маладога чалавека да аднаго года абмежаваньня волі за «зьнявагу дзяржсымбаляў» (арт. 370 КК). Беларускія праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

За паўтара месяца да вызваленьня Касьцюка перавялі ў калёнію. 6 студзеня ён выйшаў на волю, аднак 15 лютага яго зноў затрымалі — праз падпіску на тэлеграм-чат «Валейбол па выходных» (яго падпісчыкаў прызналі ўдзельнікамі «экстрэмісцкага фарміраваньня») — і пасьля пакаралі адміністрацыйным арыштам. Пасьля вызваленьня Касьцюк зьехаў у Расею.

Маладога чалавека абвясцілі ў міждзяржаўны вышук і праз некаторы час затрымалі ў аэрапорце Сочы. У сувязі з гэтымі падзеямі расійскія праваабаронцы таксама прызналі яго палітвязнем.

У Беларусі Касцюку можа пагражаць абвінавачанне паводле арт. 3611 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG