Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вольныя купалаўцы» выступілі ў Варшаве з прэм’ерай «Рамантыка» паводле Міцкевіча. ФОТА


Прэм’ера «Вольных купалаўцаў» «Рамантыка» паводле «Балядаў і рамансаў» Адама Міцкевіча ў Польскім тэатры. Варшава, 8 кастрычніка
Прэм’ера «Вольных купалаўцаў» «Рамантыка» паводле «Балядаў і рамансаў» Адама Міцкевіча ў Польскім тэатры. Варшава, 8 кастрычніка

Спэктакль стаў плёнам тэатральнай рэзыдэнцыі незалежнай беларускай трупы ў Польскім тэатры імя Арнольда Шыфмана ў Варшаве, піша Reform.by.

«Піксэльныя» птушкі, агромністыя косы, фіялетавы крыж, бойкі на зялёных мячах, рознакаляровыя пальчаткі ў гераіні, хор у чорным — 8 і 9 кастрычніка на сцэне Тэатра Польскага ў Варшаве прайшла прэм’ера «Вольных купалаўцаў»​ «Рамантыка» паводле «Балядаў і рамансаў» беларускага і польскага рамантыка Адама Міцкевіча. Рэжысэр-пастаноўшчык — Мікалай Пінігін.

У пастаноўцы былі задзейнічаны Алег Гарбуз, Кацярына Алейнікава, Мікалай Стонька, Алена Сідарава, Сьвятлана Зелянкоўская, Іван Кушнярук, Марта Голубева, Сяргей Чуб, Валянціна Гарцуева, Андрэй Дробыш, Віктар Манаеў, Аляксандар Зелянко, Ігар Сігоў, Зоя Белахвосцік, Юлія Шпілеўская, Яўгенія Кульбачная, Андрэй Сенажэнскі, Юры Хілавец.

У спэктаклі гэтаксама прымалі ўдзел Моніка Даўкшо, Клаўдзія Голан, Марыя Казлоўская і Міхаліна Лайтар. Харэаграфія — Пётар Чубовіч.

«Баляды і рамансы» — творы маладога Міцкевіча, натхнёныя беларускім фальклёрам.

«Творчасьць Міцкевіча — „паэта двух народаў“ — у купалаўскім асэнсаваньні — гучыць з новай сілай і набывае сэнсы, пра якія мы не задумваемся, замкнёныя ў павярхоўных, школьных інтэрпрэтацыях баляд, рамансаў і казак нашага народнага барда», — адзначаюць новае прачытаньне збора твораў беларускімі артыстамі ў Тэатры Польскім.

Літаратуразнаўца Катажына Дрозд-Урбаньска так пракамэнтавала свае ўражаньні ад убачанага спэктакля ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна ў інтэрвію Polskieradio.pl.

«Найбольшае ўражанне на мяне, безумоўна, зрабіла фінальнай сцэна гэтага спэктаклю. Гэта былі словы з паэмы „Пана Тадэвуша“ пра долю эмігрантаў. Беларусы адчуваюць увесь боль эміграцыі, паказаны ў гэтых радках, якім амаль 200 гадоў, менавіта цяпер», — падкрэсьліла яна.

Вядома, што «Рамантыка» застанецца ў рэпэртуары тэатру — далейшыя паказы будуць выкананыя польскімі акторамі з трупы тэатру.

Польскі тэатар імя Арнольда Шыфмана ў Варшаве — адна з найстарэйшых тэатральных інстытуцыяў Польшчы. Першы спэктакль на яго сцэне адбыўся ў 1913 годзе. Сёньня пры стварэньні рэпэртуару тэатар пад кіраўніцтвам дырэктара Анджэя Северына арыентуецца перш за ўсё на амбіцыйную клясыку ў распрацоўцы найлепшых рэжысэраў сьвету.

Праект «Рамантыка» быў падтрыманы Міністэрствам культуры і нацыянальнай спадчыны і ўрадам Мазавецкага ваяводзтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG