Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яна вельмі „беларуская“ пісьменьніца». Гутарка з Уладзіславам Гарбацкім, перакладнікам раману сёлетняй набэлісткі


Уладзіслаў Гарбацкі
Уладзіслаў Гарбацкі

Летась у Літве выйшаў па-беларуску раман «Падзея» францускай пісьменьніцы Ані Эрно, якой на гэтым тыдні прысудзілі Нобэлеўскую літаратурную прэмію. Размаўляем з Уладзіславам Гарбацкім, які пераклаў раман, літаратарам і выкладнікам у Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце ў Вільні.

— Вам нехта прапанаваў перакласьці раман Ані Эрно «Падзея» ці было наадварот — вы яго прапанавалі выдаўцу?

— Гэта мой выбар. Гэты тэкст я палюбіў даўно, 21 год таму, калі быў студэнтам у Францыі. Я тады адкрыў для сябе творчасьць Ані Эрно, пачаў чытаць, і якраз раман «Падзея» вельмі мяне ўразіў і натхніў. Калі я навучаўся ў Страсбуры, я й захацеў яго перакласьці. Некаторыя фразы зь яго ўжо тады гучалі ў маёй галаве па-беларуску. Але пераклаў яго толькі праз 20 гадоў, калі быў у пісьменьніцкай рэзыдэнцыі ў Грацы ў Аўстрыі.

— Вы сказалі, што вучыліся ў Францыі. Раскажыце дакладней, дзе і як вы вучыліся францускай мове?

— У Францыі я навучаўся на ўзроўні магістратуры. Францускай я авалодаў у Беларусі, у ЭГУ, калі гэты ўнівэрсытэт яшчэ знаходзіўся ў Менску. Тады існаваў такі франка-беларускі факультэт, дзе адукацыя вялася цалкам па-француску, і ў нас былі францускія выкладнікі. Пасьля гэтага мне прапанавалі паехаць у Францыю, і я выбраў Страсбур — Страсбурскі ўнівэрсытэт палітычных навук. Гэта была мая першая адукацыя.

Другая адукацыя, дадатковая, — гэта перакладнік. Год я правучыўся ў Страсбуры, а потым стаў вучыцца ў Рэймскім унівэрсытэце, дзе выбраў гендэрныя дасьледаваньні. І вось якраз там, у Рэймскім унівэрсытэце, я і адкрыў для сябе Ані Эрно. Бо яна якраз такая пісьменьніца, якую найбольш вывучаюць і аналізуюць ва ўнівэрсытэтах. Яна моцна папулярная ва ўнівэрсытэцкіх колах.

Ані Эрно
Ані Эрно

— Аказваецца яшчэ, што доктарскую дысэртацыю, у соцыялінгвістыцы, вы баранілі ў Варшаўскім унівэрсытэце пад кіраўніцтвам прафэсаркі Ніны Баршчэўскай, зь якой мы некалі вучыліся ў адной пачатковай школе на Падляшшы. Скажыце пра гэты бок вашых навуковых зацікаўленьняў.

— Мая першая адукацыя — паліталягічная, але мне заўсёды было сумна заставацца толькі ў паліталёгіі. Я заўсёды стараўся выбіраць нешта міждысцыплінарнае і заўсёды марыў заняцца прафэсійна мовай. Таму выбраў не клясычную філялёгію, а соцыялінгвістыку. Пазнаёміўся зь Нінай Баршчэўскай, сьпісаўся зь ёй, і яна прапанавала абараняцца ў Варшаве.

Гэта, ведаеце, пытаньне ажыцьцяўленьня мараў. Я марыў перакласьці Ані Эрно — і я гэта пераклаў. Я марыў займацца соцыялінгвістыкай, не па-аматарску, а прафэсіянальна — і я стаў займацца.

— Давайце паспрабуем падысьці крыху бліжэй да Ані Эрно і яе творчасьці. Чаму якраз яна спакусіла вас на пераклад, а не, скажам, Марыз Кандэ або Жан-Мары Гюстаў Лё Клезіё? Што ў ёй такога асаблівага?

— Перадусім — мова. У яе такая вельмі стрыманая, чыстая, сухая мова, якая мяне вельмі ўразіла. Бо звычайна ў францускіх пісьменьнікаў мова вельмі квяцістая. А ў яе такая мова, якая, на маю думку, не зусім упісваецца ў францускі літаратурны канон.

Па-другое, канечне — досьвед жанчыны. Аўтары, якіх вы згадалі, таксама вельмі цікавыя, яны прапануюць па-свойму цікавы і багаты сьвет. Але ў Ані Эрно гэты жаночы досьвед паказаны ўнікальным спосабам. Гэта мяне прывабіла. Яе творы — яны і літаратурныя, і навуковыя адначасова. Як навукоўцу мне была даспадобы гэтая ейная рыса. Можна сказаць, яна стваральніца сацыялягічна-мастацкага стылю ў літаратуры. Яна, дарэчы, натхніла плеяду маладых францускіх пісьменьнікаў і пісьменьніц, якія пішуць у гэтым стылі.

Трэці момант — яна, я б сказаў, вельмі «беларуская» пісьменьніца. Што я маю на ўвазе? Яна апісвае такую жудасную сацыяльную рэчаіснасьць. Я нарадзіўся ў Беларусі за савецкім часам і таксама знаёмы з падобнай сацыяльнай рэальнасьцю, можна сказаць, з сацыяльнай чарнухай.

І чацьвёртае — Эрно найчасьцей уздымае маргінальныя і «нязручныя» сацыяльныя тэмы. Яе ня столькі цікавіць эстэтычны бок літаратуры, колькі моцнае сацыяльнае пасланьне.

— Некалькі тыдняў таму, калі я глядзеў «нобэлеўскія рэйтынгі» ў букмэкераў, маё вока чапіла прозьвішча Эрно, якое я сустракаў і раней, але нічога ейнага не чытаў. Таму замовіў наўгад тры ейныя рэчы, якія прыйшлі на пачатку нобэлеўскага тыдня: «La femme gelée», «Passion simple», «Les annés». Вы, можа, чыталі гэтыя кнігі? Парэкамэндавалі б пачытаць і мне?

— Так, я чытаў іх. «Гады» я лічу ейным шэдэўрам; калі б была такая магчымасьць, я б гэтую кнігу таксама пераклаў, як раней яе знакамітую «Падзею». «Простая жарсьць» — таксама цудоўны твор, паводле яго, дарэчы, нядаўна зьнялі фільм. Так што адназначна — рэкамэндую пачытаць усе тры. Я б на вашым месцы пачаў з «Гадоў», кнігі, якая выйшла ў 2008-м. Я яе прачытаў у 2009–2010-м і, не палічыце гэта за самахвальства, ужо тады падумаў: Эрно — будучая набэлістка.

Парэкамэндую яшчэ раман «Le jeune homme» Эрно, які выйшаў сёлета. Гэты раман, нічога што аб’ёмам усяго на 48 старонак, ужо пасьпеў нарабіць скандалу ў Францыі. Ён пра адносіны старой жанчына і маладога чалавека, студэнта. Яшчэ й за гэта я пісьменьніцу люблю — яны піша коратка, сьцісла, але вельмі ёміста. Канечне, як усе ці амаль усе яе рэчы, і гэты твор — аўтабіяграфічны. За «я» апавядальніцы заўсёды стаіць яна, Ані Эрно.

— З інтэрнэту можна даведацца, што выданьне перакладу «Падзеі» падтрымалі Таварыства беларускай культуры ў Літве, ЭГУ і Літаратурная рэзыдэнцыя ў Грацы. Хто чым падтрымаў — можаце сказаць больш канкрэтна?

— Зразумела. Таварыства беларускай культуры ў Літве — гэта і асацыяцыя, і выдавецтва. Яно выступіла як выдавец «Падзеі». ЭГУ афармляла ўсё, зьвязанае з аўтарскімі правамі. Набыцьцё аўтарскіх правоў у «Галімара» звычайна вельмі дорага каштуе, і я як перакладнік пісаў ім ад імя ЭГУ, каб яны далі нам зьніжку. І яны прызначылі мінімальную цану, якую я мог бы заплаціць і з уласнай кішэні, але заплаціў ЭГУ. А вось на літаратурнай рэзыдэнцыі ў Грацы, дзе я працаваў са сваімі ўласнымі тэкстамі, — дзякуючы ковіду, калі магу так сказаць, мой побыт там працягнуўся, — у мяне знайшоўся час, каб перакласьці Ані Эрно.

— А чым вы занятыя цяпер, калі мець на ўвазе не ўнівэрсытэцкія, а літаратурныя заняткі?

— Я пішу як свае тэксты, так і перакладаю.

Вось якраз сёньня вечарам (7 кастрычніка. — РС) у Вільні будзе прэзэнтацыя майго перакладу з украінскай, «Бэйруцкіх апавяданьняў» Агатангела Крымскага, які выйшаў у выдавецтве Skaryna Press, нядаўна створаным Ігарам Івановым пры Беларускай бібліятэцы і музэі імя Францішка Скарыны ў Лёндане.

Цяпер я перакладаю з францускай, раман Сымоны дэ Бавуар «Une mort très douce» («Вельмі мяккая сьмерць»). Гэта яшчэ адна пісьменьніца, якая мяне натхняе. Спадзяюся, пераклад зьявіцца ў наступным годзе, магчыма, у лёнданскім выдавецтве, якое я згадаў. У Беларусі цяпер выдаваць ня тое што складана, але і немагчыма.

Ну і яшчэ я час-часам публікую невялічкія пераклады зь літоўскай у «Новым часе», зь якім рэгулярна супрацоўнічаю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG