Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На плошчы Леніна стаялі намёты, і людзі трымалі галадоўку». Гісторыя Чырвонага касьцёла, які трэці раз забіраюць у вернікаў


Чырвонаму касьцёлу 112 гадоў. За гэты час яго тройчы забіралі ў вернікаў. Рабавалі. Падпальвалі. Хацелі ўзарваць. Адкрывалі там тэатар і кінастудыю. Людзі галадавалі і ставілі намёты дзеля ягонага вяртаньня. Тут сьпявалі на ўсю плошчу «Магутны Божа» і праводзілі ў апошні шлях Рыгора Барадуліна.

Цяперашнія беларускія ўлады зноў выганяюць адтуль каталікоў. Да 12 кастрычніка трэба вынесьці рэчы.

Сьціслая гісторыя:

  • 21 лістапада 1910 году — асьвячэньне касьцёла.
  • 1932 год — савецкія ўлады закрылі касьцёл, перад гэтым разрабавалі.
  • 1941 год — нямецкія акупацыйныя ўлады дазволілі там маліцца.
  • 1945 год — у храме разьмясьцілі кінастудыю «Савецкая Беларусь», зрабілі некалькі прыбудоваў.
  • 1960-я гады — касьцёл маглі ўзарваць, аднак спыніліся на перабудове пад патрэбы Дома кіно.
  • 1986 год — вернікі пачалі дзейнасьць па вяртаньні касьцёла.
  • 16 траўня 1990 году — будынак вярнулі каталікам.
  • 26 жніўня 2020 году — амапаўцы ўзялі Чырвоны касьцёл у аблогу, зачынілі ўнутры дзясяткі вернікаў на 40 хвілін. Падстава — нібыта там хаваліся пратэстоўцы.
  • Ноч 26 верасьня 2022 году — пажар у Чырвоным касьцёле. Улады заявілі пра прыпыненьне працы касьцёла і нікога ўнутр не пусьцілі.
  • 6 кастрычніка 2022 году — стала вядома, што ўлады забіраюць у вернікаў Чырвоны касьцёл.

Бальшавікі разрабавалі, а нямецкія акупацыйныя ўлады дазволілі маліцца

Касьцёл з чырвонай цэглы і з чырвонай дахоўкай на цяперашняй плошчы Незалежнасьці пабудавалі, бо ў Менску вернікі ўжо не зьмяшчаліся ў іншых касьцёлах падчас нядзельных багаслужбаў.

Афіцыйная ягоная назва — касьцёл Сьвятых Сымона і Алены. Гэта імёны пабожных дзяцей, якія памерлі заўчасна. Іхні бацька Эдвард Вайніловіч, гаспадарчы і палітычны дзеяч Расейскай імпэрыі і Беларусі, даў грошы на будоўлю новай сьвятыні.

Будоўля ішла з 1905 па 1910 год. Чырвоны касьцёл стаў самым вялікім у Менску.

21 лістапада 1910 году храм асьвяцілі. На ўрачыстасьць сабраўся амаль увесь горад.

Прыход функцыянаваў нармальна ўсяго 13 гадоў. У 1923 годзе касьцёл першы раз разрабавалі бальшавікі, апісваў гісторыю касьцёла гісторык культуры Уладзімер Дзянісаў. Тады зь яго вывезьлі амаль усё — мэблю, гадзіньнікі, абразы, посуд, бялізну і нават чарніліцы.

Зачынілі храм у 1932 годзе.

Будынак прыстасавалі пад патрэбы Дзяржаўнага польскага тэатра БССР, а перад Другой усясьветнай вайной тут разьмясьцілася кінастудыя.

У 1941 годзе нямецкія акупацыйныя ўлады дазволілі зноў адчыніць касьцёл для набажэнства. Аднак пасьля вайны храм ізноў зачынілі на доўгі час.

«А які там бар быў!»

Пасьля Другой усясьветнай вайны будынак касьцёла перабудавалі пад кінастудыю «Савецкая Беларусь». У 1945–1947 гадах да ягонай алтарнай часткі далучылі двухпавярховую прыбудову, вакол касьцёла зьявіўся шэраг меншых памяшканьняў для тэхнічных патрэбаў кінастудыі.

У 1960-я гады, калі распрацоўвалі праект рэканструкцыі цяперашняй плошчы Незалежнасьці, Чырвоны касьцёл маглі зьнішчыць: узарваць або грунтоўна перабудаваць, каб ён перастаў нагадваць сьвятыню. На ягоным месцы плянавалі пабудаваць шырокафарматны кінатэатар.

Дзякуючы намаганьням грамадзкасьці касьцёл уратавалі. У будынку разьмясьцілі Дом кіно. У 1970-я гады разабралі амаль усе савецкія прыбудовы, замуравалі два ўваходы, разабралі частку агароджы.

«Тое, што там месьціўся Дом кіно, а не, прыкладам, спартовая заля, было ня так і кепска. Дом кіно — тусовачнае, прасунутае, знакавае месца. Прафэсар мастацтвазнаўства з журфаку БДУ Эўфрасіньня Леанідаўна Бондарава прывозіла туды замежныя фільмы, якія больш нідзе не паказвалі. Праходзілі сустрэчы з акторамі і рэжысэрамі. А які там бар быў!» — расказала Свабодзе мянчанка, якая наведвала кінапаказы ў Доме кіно яшчэ студэнткай.

Галадавалі і штодня маліліся, каб касьцёл вярнулі

У 1986 годзе менскія каталікі стварылі ініцыятыўную групу, якая пачала працэс вяртаньня касьцёла вернікам. У гэтым руху ўзялі ўдзел некалькі тысяч чалавек. У 1988 годзе яго падтрымаў ксёндз Уладыслаў Завальнюк, пазьней нязьменны пробашч парафіі цягам 33 гадоў. 16 сакавіка 1989 году ўлады афіцыйна зарэгістравалі грамаду. Аднак будынак касьцёла ўсё яшчэ належаў кінэматаграфістам.

Паўтара года штодня людзі прыходзілі пад Чырвоны касьцёл, маліліся, праводзілі крыжовыя шэсьці вакол яго, адначасна хадзілі па інстанцыях, каб ім вярнулі будынак храма.

1 сакавіка 1990 году вернікі пачалі галадоўку каля сьценаў Чырвонага касьцёла.

«Як усё вяртаецца, нібыта й не было 90-х. Я памятаю, як на плошчы Леніна стаялі намёты, і людзі трымалі галадоўку, каб будынак касьцёла вярнулі вернікам. І яны тады перамаглі. Дом кіно пераехаў у кінатэатар „Партызан“», — узгадвае журналістка Любоў Лунёва.

16 мая 1990 году Менгарвыканкам вырашыў перадаць будынак Чырвонага касьцёла каталікам. Неўзабаве храму пачалі вяртаць першапачатковы выгляд, адкрываць фрэскі на сьценах, схаваныя пад тынкам.

«Я памятаю, як яшчэ студэнткай прыходзіла туды на лекцыі і літаратурныя сустрэчы»

Пасьля вяртаньня вернікам Чырвоны касьцёл стаў цэнтрам ня толькі рэлігійнага, але культурнага і навуковага жыцьця.

Там праводзілі рыма-каталіцкія і грэка-каталіцкія набажэнствы. Дзейнічала нядзельная школа для дзяцей і дарослых.

У падвальным памяшканьні працавала вялікая бібліятэка. Выдавецкі цэнтар пры касьцёле выпускаў рэлігійную літаратуру, кнігі, слоўнікі, часопіс. Ладзілі прэзэнтацыі кніг. Залі бібліятэкі аддавалі пад нерэлігійныя імпрэзы, прыкладам, там ладзіла зьезды Таварыства беларускай мовы.

«Я памятаю, як яшчэ студэнткай прыходзіла туды на лекцыі і літаратурныя сустрэчы, якія праводзіліся ў падвале. Касьцёл працягваў у 2000-х даваць свае памяшканьні для культурных нерэлігійных мерапрыемстваў», — падзялілася ўспамінамі культуроляг Аксана Зарэцкая.

Пры Чырвоным касьцёле дзейнічаў тэатар і хор. У храме праводзілі канцэрты, ладзілі мастацкія выставы. Пры касьцёле рабілі духоўную радыёпраграму.

Вернікі зьбіралі рэчы і аказвалі гуманітарную дапамогу тым, хто ў патрэбе. Пры сьвятыні працавалі дзьве бясплатныя сталоўкі.

На Новы год на ўсю плошчу з касьцёла трансьлявалі гімн «Магутны Божа».

У Чырвоным касьцёле разьвітваліся з выбітнымі людзьмі. У сакавіку 2014 году ў апошні шлях там праводзілі паэта Рыгора Барадуліна.

«Застаўся пробашч і некалькі супрацоўнікаў»

У 2020 годзе на плошчы Незалежнасьці ў Менску праходзілі акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і гвалту. Каля Чырвонага касьцёла людзі станавіліся ў ланцугі і маліліся.

26 жніўня 2020 году амапаўцы зачынілі ў Чырвоным касьцёле дзясяткі вернікаў, якія маліліся там на імшы, нібыта праз тое, што ў сьвятыні схаваліся пратэстоўцы пасьля разгону сілавікамі. Здымак з «чорнымі касманаўтамі» на фоне дзьвярэй Чырвонага касьцёла выглядаў сымбалічна.

У ноч на 26 верасьня 2022 году ў касьцёле адбыўся пажар. Агонь ахапіў каля 20 «квадратаў». Пасьля гэтага ўлады не пусьцілі ў будынак сьвятароў і вернікаў і заявілі пра прыпыненьне працы касьцёла.

Два дні таму пробашч парафіі Сьвятых Сымона і Алены ксёндз Уладыслаў Завальнюк, які апякуецца парафіяй ужо 33 гады, пачаў пост на вадзе і заклікаў вернікаў маліцца і пасьціць, каб касьцёл адкрылі і вярнулі каталікам.

6 кастрычніка 2022 году стала вядома, што ўлады забіраюць Чырвоны касьцёл у вернікаў, тыя мусяць вынесьці свае рэчы і «выселіцца» да 12 кастрычніка.

«Чырвонаму касьцёлу патрэбная ўсялякая дапамога. Застаўся пробашч і некалькі супрацоўнікаў. Усе раптам зьніклі. Патрэбны праўнік!» — напісалі вернікі ў групе «Каталікі Беларусі».

У нунцыятуры паведамілі, што прадстаўнік Ватыкану ў Беларусі, апостальскі нунцый Антэ Ёзіч ужо займаецца сытуацыяй з касьцёлам Сьвятых Сымона і Алены.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG