Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША абвінавацілі расейскага алігарха ў парушэньні санкцый за арганізацыю нараджэньня яго дзяцей


Алег Дзерыпаска
Алег Дзерыпаска

Улады ЗША выставілі абвінавачаньне ў парушэньні санкцыйнага рэжыму аднаму з найбагацейшых расейскіх бізнэсоўцаў Алегу Дзерыпаску.

Згодна з дакумэнтамі, пададзенымі ў Фэдэральны суд у Мангэтане, ён наняў трох жанчын, якія аказвалі яму паслугі на тэрыторыі краіны. Адна зь іх нарадзіла яму ў ЗША дваіх дзяцей, сьцьвярджае абвінавачаньне, ужо пасьля таго, як ён трапіў у санкцыйныя сьпісы.

Як паведамляюць агенцтвы Reuters і AP, абвінавачаньне выставілі, акрамя Дзерыпаскі, Вользе Шрыке, Натальлі Бардаковай і Кацярыне Варонінай. Згодна з судовымі дакумэнтамі, Вароніна ў 2020 і 2022 гадах езьдзіла ў ЗША, каб нарадзіць для Дзерыпаскі. Бардакову і Шрыке абвінавацілі ў арганізацыі паездкі.

Паводле заявы абвінавачаньня, Дзерыпаска выдаткаваў сотні тысяч даляраў, каб яго дзеці нарадзіліся ў ЗША і скарысталіся плюсамі амэрыканскай мэдычнай сыстэмы і правам на грамадзянства, якое ім аўтаматычна надаецца пасьля нараджэньня.

Акрамя арганізацыі паездкі, Шрыке абвінавачваецца ў тым, што ў 2019 годзе прадала для Дзерыпаскі музычную студыю ў Каліфорніі за 3,1 мільёна даляраў. Яна адзіная арыштаваная з абвінавачаных.

Вашынгтон увёў санкцыі супраць Дзерыпаскі ў 2018 годзе, растлумачыўшы сваё рашэньне тым, што бізнэсовец займаўся «разнастайнай зламыснай дзейнасьцю» па ўсім зямным шары, прадстаўляючы інтарэсы расейскіх уладаў. У прыватнасьці, заяўлялася, што алігарх валодае актывамі і адмывае грошы ў інтарэсах прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Акрамя таго, улады падазравалі яго ў датычнасьці да магчымага ўмяшаньня ў выбары прэзыдэнта ЗША ў 2016 годзе.

Дзерыпаска ранейшыя абвінавачаньні ў свой адрас адмаўляў. Увядзеньне абмежаваньняў ён абскардзіў у судзе. У чэрвені 2021 году Фэдэральны акруговы суд у акрузе Калюмбія гэты пазоў адхіліў. Новыя абвінавачаньні супраць сябе Дзерыпаска на момант публікацыі навіны не камэнтаваў.

У абвінаваўчым заключэньні гаворыцца, што пры нараджэньні аднаго зь дзяцей абвінавачаныя напісалі прозьвішча Дзерыпаскі ня так, як ён пішацца, каб схаваць яго бацькоўства.

Часопіс Forbes у 2022 годзе ацаніў багацьце Дзерыпаскі ў 1,7 мільярда даляраў. Пры гэтым сам прадпрымальнік ацэньваў страты ад уведзеных супраць яго санкцый у 7,5 мільярда.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG