Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пасьля такіх выбухаў трубаправоды не рэанімуеш»,— экспэрт аб пашкоджаньнях «Паўночных патокаў» і вэрсіях здарэньня


Выкід газу дыямэтрам больш за 950 мэтраў праз выцек на газаправодзе «Паўночны паток – 1»
Выкід газу дыямэтрам больш за 950 мэтраў праз выцек на газаправодзе «Паўночны паток – 1»

Апэратар газаправоду «Паўночны паток – 2» паведаміў аб раптоўным падзеньні ціску ў ноч на панядзелак. У аўторак, 27 верасьня, марское ўпраўленьне Швэцыі заявіла аб двух выцеках на газаправодзе «Паўночны паток – 1». Усяго вядома пра 4 выцекі.

NATO і Эўразьвяз заявілі пра «сабатаж» і паабяцалі даць «самы рашучы адказ». Пры гэтым ніякага канкрэтнага абвінавачаньня не агучылі.

Два выцекі адбыліся ў раёне мора, якое зьяўляецца часткай выключнай эканамічнай зоны Даніі, а адзін — у раёне выключнай эканамічнай зоны Швэцыі. Такія зоны лічацца свабоднымі для суднаходзтва, палётаў ці пракладваньня трубаправодаў. Але за марскія рэсурсы, у тым ліку абарону і захаванасьць навакольнага асяродзьдзя ў гэтых зонах, адказваюць Швэцыя і Данія.

Падобных інцыдэнтаў на трубаправодзе «Паўночны паток – 1» не было з моманту яго ўводу ў эксплуатацыю ў лістападзе 2011 году. «Паўночны паток – 2» у эксплуатацыю зусім не ўвялі.

Дыямэтар пашкоджаных труб большы за мэтар. Сталёвыя сьцены — таўшчынёй ад 27 да 35 мм. Зьверху — шматслаёвая абарона ад карозіі. Таксама трубаправод мае жалезабэтонную абалонку.

«Прычына, зь якой мы дастаткова ўпэўненыя ў тым, што гэта менавіта выбухі, — перш за ўсё колькасьць вызваленай энэргіі і час, кароткая працягласьць, падчас якокіх гэтая энэргія была вызваленая. Ці мог гэта быць нейкі каляпс? Звычайна ён больш расьцягнуты ў часе», — лічыць Пітэр Шміт, сэйсмоляг Упсальскага ўнівэрсытэту.

Сіла аднаго з выбухаў склала 2,3 бала па шкале Рыхтэра, што дацкія экспэрты ахарактарызавалі як выбух магутнай бомбы часоў Другой сусьветнай вайны. Швэдзкая паліцыя склала пратакол аб злачынстве ў сувязі з выцекам на «Паўночным патоку». На гэты момант інцыдэнт кваліфікуецца як грубы сабатаж. Міністэрства энэргетыкі Нарвэгіі паведаміла, што непадалёк ад месца выцеку заўважалі «актыўнасьць бесьпілотнікаў». Нарвэгія разглядае дывэрсію ў якасьці адной з вэрсій здарэньня.

Расея адмаўляе сваё дачыненьне да пашкоджаньня трубаправодаў і чакае расьсьледаваньня. Прадстаўнікі ЭЗ пакуль не выстаўляюць абвінавачаньняў.

Сытуацыю ў Балтыйскім моры ў эфіры «Настоящего времени» пракамэнтаваў Аляксей Кучарэнка, намесьнік кіраўніка камітэту энэргетыкі Вярхоўнай Рады Ўкраіны.

«Галоўнае пытаньне: а каму гэта выгадна? Але да гэтага я хачу сказаць адну ключавую выснову многіх экспэртаў, якія разумеюць тэхнічны бок. Пасьля такіх выбухаў, калі яны сапраўды адбыліся ў такіх маштабах, а гэта нібыта відавочна ўжо, большасьць экспэртаў гаворыць пра тое, што, па сутнасьці, гэтыя трубаправоды нельга рэанімаваць. Гэта значыць „ды не даставайся ж ты нікому“. І вось гэта, шчыра кажучы, самае ключавое пытаньне: якое рашэньне на якім узроўні трэба было прыняць, калі гэта сьвядомае вывядзеньне са строю трубаправоду, каб пахаваць шматмільярдны праект».

Разважаючы аб тым, каму былі выгадныя падобнага роду дывэрсіі, Аляксей Кучарэнка сказаў, што. нягледзячы на раньнія заявы Байдэна аб наяўных магчымасьцях ЗША ніколі не дапусьціць да рэалізацыі гэты праект, на яго думку, шла гаворка ішла аб эканамічным, палітычным і санкцыйным ціску на Расею.

«Я ня думаю, што ў такія гульні, як дывэрсіі, такія сур’ёзныя краіны могуць гуляць, — сказаў Кучарэнка. — А вось неадэкватнай краіне-тэрарысту палітычна выгадна, бо гэта ўжо незваротны аргумэнт, які пацьвярджае тое, што паставак расейскага газу ў Эўропу па гэтых дзьвюх нітках ня будзе. Тады застаецца толькі ўкраінскі транзыт, які зараз вельмі слаба загружаны, хаця я чакаю, што ён хутка спыніцца з фармальных прычынаў».

Кучарэнка лічыць, што паводзіны Расеі прадказальныя.

«Яны могуць пайсьці на любую шкоду сваёй маёмасьці, каб шантажаваць і загнаць Эўропу ў крытычную сытуацыю для таго, каб Эўропа спыніла падтрымку Ўкраіны», — мяркуе ён.

Нядаўныя тэорыі аб тым, што гэтыя дывэрсіі маглі зрабіць украінскія спэцслужбы, бо гэта выгадна Кіеву, каб транзыт газу ішоў толькі праз Украіну і Польшчу, Кучарэнка камэнтуе так:

«Разумееце, я ня ведаю, наколькі гэта выгадна, гэта ж ня простая камбінацыя, каб „ну падарвалі“. Гэта ж трэба прымусіць яшчэ, каб газ пайшоў цераз нас на Эўропу. Таму я выключаю вэрсію ўкраінскіх баявых плыўцоў. Толькі ў хворым уяўленьні. І гэта ж агучана, я так разумею, расейскімі адпаведнымі клясыкамі кансьпіралёгіі. Тым больш там вельмі важны аргумэнт: гэта Балтыйскае мора, там вельмі маленькія глыбіні, 70 мэтраў, калі я не памыляюся. Гэта значыць на такіх глыбінях дастаткова лёгка адсачыць, што там адбывалася. Як бы Ўкраіна выканала гэтую апэрацыю, я нават не ўяўляю».

Кучарэнка лічыць, што паломка газаправоду, улічваючы, што ён і так быў спынены, амаль не паўплывае на Эўропу.

«У Эўропе сёньня ўзровень запаўненьня звыш 85%, то бок яны нават перавыканалі сваю праграму. Практычна ўсе эўрапейскія сховішчы запоўненыя. Гэта значыць, яны сабе падушку бясьпекі стварылі. Безумоўна, у выпадку спыненьня транзыту праз Украіну на Эўропу, вядома, ва Ўкраіны будзе вельмі няпросты ацяпляльны сэзон, мы гэта і так разумеем. Але мы праходзілі такую штуку ў 2009 годзе і ў прынцыпе разумеем, што так, з абмежаваньнямі, але катастрафічных сцэнароў менавіта па газавай тэхналягічнай схеме не павінна быць. Ракетныя ўдары — гэта асобны тэрарызм № 1, які сёньня пагражае Ўкраіне ў пляне ацяпляльнага сэзону. Толькі молімся на СПА, на ўзброеныя сілы і на іншыя фактары стрымліваньня агрэсара».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG