Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 22 верасьня: праваабаронцу Лойку зноў арыштавалі на 15 сутак; затрымалі супрацоўніка мабільнага апэратара «A1»

абноўлена

Зьняволеная праваабаронца Наста Лойка. Архіўнае фота
Зьняволеная праваабаронца Наста Лойка. Архіўнае фота

Рэпрэсіі ў дачыненьні да беларусаў працягваюцца.

Пасьля 15 дзён адміністрацыйнага арышту ня выйшла на свабоду праваабаронца Наста Лойка , паведамляе тэлеграм-канал humanconstanta.

Абаронцам і родным Насты не паведамляюць пра яе месцазнаходжаньне.

Вядома, што перадачы для Насты і іншых адміністрацыйна арыштаваных у турме на Акрэсьціна ў Менску не прымаюць. Увесь гэты час жанчына ня мае сродкаў асабістай гігіены і цёплых рэчаў.

Праваабаронцу Насту Лойку затрымалі 6 верасьня пасьля абвяшчэньня прысуду каардынатарцы валянтэрскай службы «Вясны» Марфе Рабковай і яшчэ дзевяці палітвязьням. Лойку абвінавацілі нібыта ў «дробным хуліганстве», за гэта суд пакараў яе 15 днямі арышту.

22 верасьня над Настай зноў адбыўся суд. Па зьвестках праваабаронцаў, судзьдзя Юлія Блізьнюк пакарала Насту чарговымі 15 «суткамі» нібыта праз тое, што пасьля адбыцьця мінулага арышту яна пачала «паводзіць сябе абуральна» (за гэта яе зноў і затрымалі).

Працэс праходзіў па Skype у судзе Фрунзенскага раёну Менску. Сьведкам выступаў супрацоўнік Фрунзенскага РУУС Талкачоў.

У Менску зноў затрымалі супрацоўніка мабільнага апэратара «A1» Агароднікава

На відэа допыту, разьмешчаным у праўладных тэлеграм-каналах, у Дзьмітрыя Агароднікава на галаве на манер хусткі завязаны сьцяг ЭЗ. Пры гэтым супрацоўнікі ГУБАЗіК на запісе называлі мужчыну «бабуляй».

Агароднікаў расказаў, што затрыманы за падпіскі на «экстрэмісцкія каналы» і рэпосты зь іх.

39-гадовы супрацоўнік A1 Дзьмітры Агароднікаў — праграміст. Раней працаваў у прадпрыемстве «Белгаспгандаль», а пасьля перайшоў на пасаду інжынэра-праграміста ў кампанію A1, піша «Наша Ніва».

Усяго Агароднікава затрымлівалі тры разы. Першы — на адным з маршаў на Паўднёвым Захадзе Менску 29 лістапада 2020 году. За гэта яму прысудзілі 14 дзён арышту. Калі адбылося другое затрыманьне, невядома, але арыштавалі яго за рэпосты з «экстрэмісцкіх» каналаў. Цяпер прычына тая ж.

Студэнту БДПУ зь сьпісу «тэрарыстаў» прысудзілі 2,2 года калёніі

Менскі гарадзкі суд 15 жніўня пакараў 21-гадовага студэнта БДПУ Мацьвея Грынкевіча 2 гадамі і 2 месяцамі калёніі паводле арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці) і 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) КК.

Раней хлопца ўнесьлі ў сьпіс «тэрарыстаў», паведамляе «Вясна».

2,5 года калёніі за камэнтар у «справе Зельцара» і намер ваяваць на баку Ўкраіны

28 чэрвеня суд Савецкага раёну Менску пакараў палітзьняволеную Юлію Макась 3 гадамі «хатняй хіміі» паводле арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх), піша «Вясна».

Таксама праваабаронцы паведамляюць, што суд Дрыбінскага раёну (Магілёўская вобласьць) прысудзіў 2,5 года калёніі магіляўчаніну Паўлу Белагаловаму паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) за камэнтары ў інтэрнэце ў «справе Зельцара».

2,5 года калёніі прысудзілі і жыхару Магілёва Яўгену Карпаву, якога абвінавацілі ў намеры ваяваць на баку Ўкраіны паводле арт. 361-3 КК (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяньнях, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу).

Рашэньне вынес 21 верасьня Гомельскі абласны суд.

Шматдзетнага бацьку асудзілі за камэнтары ў Тэлеграме

У судзе Маскоўскага раёну Менску 22 верасьня на 1,5 года калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму асудзілі 48-гадовага шматдзетнага бацьку Паўла Ларына. За камэнтары ў тэлеграм-чатах і каналах яго абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады і Лукашэнкі (артыкулы 369 і 368 Крымінальнага кодэксу). Прысуд вынесла судзьдзя Тацяна Пірожнікава, паведамляе «Вясна».

Паўла асудзілі па трох эпізодах. У канцы 2020 году ён у тэлеграм-канале пакінуў камэнтар, які «зьневажаў годнасьць» тады яшчэ міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева. Таксама, згодна з вэрсіяй абвінавачваньня, Ларын пакінуў камэнтар наконт Лукашэнкі — допіс прызнаны абразьлівым. І 24 лютага 2022 году ў дваровым тэлеграм-чаце мікрараёну «Малінаўка» Ларын выказаўся пра «спэцыяльную ваенную апэрацыю». Самі камэнтары на судзе не агучваліся.

На працэсе палітвязень прызнаў віну і пацьвердзіў, што ён сапраўды пакідаў камэнтары.

Павал — шматдзетны бацька, на волі яго чакаюць чацьвёра дзяцей, двое зь якіх — малалетнія. У апошнім слове ён прасіў судзьдзю не пазбаўляць яго волі, бо дзеці маюць патрэбу ў бацьку. Пракурор 21 верасьня запрасіў для Паўла паводле ч. 1 арт. 369 і 368 КК 1,5 года калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Менавіта такі прысуд вынесла на наступны дзень Пірожнікава.

Пад вартай Паўла ўтрымліваюць з 14 чэрвеня 2022 году. У лютым яго арыштоўвалі на 15 сутак за паведамленьне ў раённым чаце, дзе ён выказаўся супраць вайны.

Затрымалі пастара царквы «Ян Прадвесьнік» Антонія Бокуна

Пра гэта паведаміў прыхаджанін гэтай царквы Дзяніс Садоўскі ў сваім Фэйсбуку. «Сёньня ў Менску затрымалі пастара маёй царквы „Ян Прадвесьнік“ Антонія Бокуна. Молімся за яго і ўсіх хрысьціян Беларусі. Трымайцеся, Пастар!»

Падставы для затрыманьня пакуль невядомыя.

20 верасьня ў Менску затрымалі Вячаслава Ганчарэнку — пастара іншай эвангельскай царквы «Новае жыцьцё». У той жа дзень над пастарам прайшоў суд, яго аштрафавалі на 2900 рублёў за правядзеньне сходу вернікаў 18 верасьня.

Мастак Андрэй Бусел выйшаў на волю пасьля 13 сутак арышту

Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Яго затрымалі 8 верасьня, а пазьней асудзілі на 13 сутак арышту. Прычыны затрыманьня, а таксама ў чым яго абвінавацілі — невядомыя. Андрэй Бусел — вядомы менскі мастак. Трамвай на сьцяне галерэі «Ў», цягнік мэтро побач з «Пясочніцай» і невялікія люстэркі ў незвычайных рамах, якія месьцяцца па ўсім горадзе — гэта яго творы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG