Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: у Івашына падчас ператрусу ў камэры забралі паліто, ручнік і фота жонкі


Палітвязень Дзяніс Івашын
Палітвязень Дзяніс Івашын

У Беларусі на 15 верасьня праваабаронцы «Вясны» прызналі палітычнымі зьняволенымі 1335 чалавек. Іншыя праваабарончыя ініцыятывы лічаць, што зьняволеных з палітычных матываў значна больш.

Людміла Івашына, маці асуджанага журналіста Дзяніса Івашына, паведаміла, якія рэчы забралі ў яе сына ў часе ператрусу ў камэры, калі яшчэ адбываўся судовы працэс:

«Літаральна ў часе працэсу турэмныя служкі правялі ў камэры ператрус. Забралі ў Дзяніса асеньняе паліто, махровы ручнік, фота жонкі, некаторыя ягоныя малюнкі і запісы. Буду зноў званіць, пісаць скаргі і крычаць на ўвесь сьвет», — напісала Людміла Івашына на сваёй старонцы ў Facebook пасьля сустрэчы з сынам у турме.

Паводле яе слоў, Дзяніс зноў не атрымлівае газэты:

«І, вядома, Дзяніс прасіў перадаць усім, хто перажывае, падтрымлівае і дапамагае, вялікі дзякуй. Верыць, што перамога не за гарамі, што мы ўсе павінны прайсьці гэты складаны шлях з гонарам і годнасьцю, дапамагаючы і падтрымліваючы адзін аднаго зь верай у перамогу Дабра над Злом», — падкрэсьліла маці журналіста.

Горадзенскаму журналісту Дзянісу Івашыну 14 верасьня далі 13 год і 1 месяц пазбаўленьня волі нібыта за «ўмяшаньне ў дзейнасьць супрацоўніка органаў унутраных спраў» і «здраду дзяржаве».

У ягонай справе 9 «пацярпелых» міліцыянтаў. Кожнаму падсудны мусіць сплаціць па 2 тысячы рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды — усяго 18 тысяч рублёў. Да таго ж яму прысудзілі 4800 рублёў штрафу. Дэталі справы невядомыя, бо працэс ішоў у закрытым рэжыме.

Дзяніс Івашын вядомы сваімі расьсьледаваньнямі пра ўплыў «русского мира» на Беларусь, пра скандальную забудову ў Курапатах і пра пераход былых украінскіх «беркутаўцаў» у сілавыя структуры Беларусі. Таксама Івашын валянтэрыў як рэдактар сайта міжнароднай расьсьледніцкай супольнасьці InformNapalm, працаваў пазаштатным карэспандэнтам газэты «Новы час».

Івашын сутыкнуўся зь ціскам адміністрацыі турмы, у тым ліку і з прычыны катэгарычнай адмовы пісаць прашэньне аб памілаваньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG