Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіста Яўгена Меркіса затрымалі ў рамках крымінальнай справы за заклікі да санкцый


Яўген Меркіс, архіўнае фота
Яўген Меркіс, архіўнае фота

У Гомлі затрымалі журналіста Яўгена Меркіса і правялі ператрус у ягонага бацькі і сяброўкі.

Праваабаронцам стала вядома, што 14 верасьня прайшоў ператрус у бацькі журналіста Яўгена Меркіса — забралі тэлефоны і ноўтбук.

У пастанове на ператрус пазначана ч. 1 ст. 361 Крымінальнага кодэксу — заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь. Цяпер санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае да шасьці гадоў зьняволеньня.

Яўгена затрымалі ўчора пасьля ператрусу і зьмясьцілі ў гомельскі ізалятар часовага ўтрыманьня.

Пазьней стала вядома, што вечарам прайшоў ператрус у Сьвятланы Кастэнкі, ягонай сяброўкі. Яна працуе ў Цэнтры інклюзіўнай культуры, займаецца з малавідушчымі і глухімі, таксама валянтэрыць у «Скажы жыцьцю „так“» — арганізацыі, якая займаецца анкалягічнымі праблемамі. Сувязі са Сьвятланай няма.

У гомельскім ІЧУ не даюць інфармацыі, ці знаходзіцца ў іх Яўген Меркіс. На ўсе пытаньні адказваюць: «Прыходзьце да нас з пашпартам».

Паводле гомельскага каналу @shtodzien, Яўген Меркіс, якога затрымалі 13 верасьня, знаходзіцца ў ізалятары.

Яўген Меркіс супрацоўнічаў з тэлеканалам «Белсат», ён вядомы ў Гомлі журналіст, гісторык і краязнаўца. Пасьля прызнаньня шэрагу незалежных СМІ экстрэмісцкімі фармаваньнямі не працаваў журналістам, засяродзіўся на краязнаўчай дзейнасьці. У 2020 годзе яго неаднаразова затрымлівала міліцыя, ён адбываў «суткі» ў ІЧУ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG