Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Украіна ўжо перамагла». Добраахвотнік «Лысы» аб прапагандыстах БТ і тым, што ўратавала на вайне


Уладзімер «Лысы» Лаўранюк
Уладзімер «Лысы» Лаўранюк

Уладзімер Лаўранюк з пазыўным «Лысы» некалькі месяцаў правёў на вайне. Быў камандзірам аддзяленьня ў палку Кастуся Каліноўскага. Удзельнічаў у баявых апэрацыях, звольніўся праз траўму калена. У інтэрвію Свабодзе «Лысы» расказаў пра сябе і пабрацімаў.

«Вучэльня для цяжкіх падлеткаў»

— Адкуль вы родам? Дзе вучыліся, дзе працавалі?

— Я мянчук. Мае бацькі і бабулі таксама зь Менску. Жыў на Паўднёвым Захадзе разам з бацькамі. Мае бацькі і продкі калісьці жылі ў Траецкім прадмесьці. У 1980 годзе іх перасялілі ў новы раён. На Паўднёвым Захадзе ёсьць некалькі дамоў, куды шмат людзей перасялілі з Траецкага.

Вучыўся ў школе № 39. Потым паступіў у паўвайсковую вучэльню, так званы Кадэцкі-юрыдычны агульнаадукацыйны корпус. Начальнікам там быў былы вайсковец Робэрт Эдуардавіч Хмара. Далей хацеў пайсьці вучыцца па «ваенцы», паступаць у Вайсковую акадэмію, але нешта не атрымалася. У выніку паступіў на юрыста ў Беларускі інстытут правазнаўства на факультэт гаспадарчага права. Адвучыўся там.

За час вучобы ў армію ісьці перахацеў, бо разумеў, што рабіць там няма чаго. У выніку паступіў на «завочку» ў Беларускі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт імя Танка на факультэт гісторыі. Гэта быў 2010 год, але тады пачалі забіраць у армію з завочкі, калі ў цябе другая вышэйшая. Мяне выклікалі ў ваенкамат, але ж я быў ужо адукаваным юрыстам. І гэты закон аб прызыве набываў моц прыкладна з 18 жніўня, а паступіў я 8 жніўня. А закон тады яшчэ зваротнай сілы ня меў у нашай краіне.

Прыйшоў у ваенкамат з раздрукоўкамі, усё патрэбнае падкрэсьліў зялёным маркерам. Капітан у ваенкамаце быў злы як чорт, крычаў на мяне, але нічога ня мог зрабіць. У выніку я скончыў БДПУ ў 27 гадоў. Адпрацаваў тры гады юрыстам на прыватным прадпрыемстве, якое вырабляла тубікі для парфумы, таксама там была паліграфія.

— Раскажыце крыху пра вучобу ў «паўвайсковай вучэльні». Што гэта такое?

— Яна стваралася, здаецца, у 1996 годзе. Там вучыліся цяжкія падлеткі, забіралі пасьля дзявятай клясы і вучыцца трэба было тры гады. Форма, каравулы, нарады, шыхтаваньні — усё як трэба. Не было толькі казармы, таму начавалі дома. Гэта было дастаткова цяжка. Я быў няпростым падлеткам, нічога кепскага не рабіў, але любіў пахуліганіць.

— На Паўднёвым Захадзе ў ваш час было такое, што раён на раён?

— Натуральна! У канцы 1990-х было. Я жыў у другім Паўднёвым Захадзе, а літаральна праз дарогу быў шосты. Біліся на праспэкце Любімава, які нас разьдзяляў. Прыяжджалі міліцыянты раздымаць, тады мы аб’ядноўваліся. Старэйшыя хлопцы нават міліцэйскія машыны перакульвалі і ўцякалі. Было весела.

— У фанацкіх групоўках ці апазыцыйных аб’ядананьнях былі?

— Не, але было шмат сяброў сярод фанатаў менскага «Дынама». Было шмат таксама сяброў з розных субкультур — панкі, мэталісты, скінгэды, рэпэры. Я сам быў мэталістам.

«З гэтым народам буду да канца»

— У 2020 годзе ўдзельнічалі ў пратэстах?

— Так, 9 жніўня прыехалі ў цэнтар разам зь сябрам, які цяпер у палку Кастуся Каліноўскага, Сашам «Лахвічам». Спачатку былі на Нямізе і пайшлі пешшу ўбок стэлы. Калі ішлі, то чулі выбухі, бегалі мянты, мноства аўтазакаў. У людзей добры настрой, белыя стужачкі, бчб-сьцягі, усё пачыналася вельмі мірна. Беспарадкі пачыналі толькі мянты, калі прыяжджалі кудысьці. Злачынцаў у Беларусі сёньня вельмі лёгка знайсьці, яны ходзяць у аднолькавай форме і служаць у адной установе.

Уладзімер Лаўранюк з Аляксандрам Наўковічам
Уладзімер Лаўранюк з Аляксандрам Наўковічам

У той дзень 9 жніўня я паверыў у перамогу, калі па нас пачалі страляць гумавымі кулямі, закідвалі сьвятлашумавымі гранатамі. Мы скандавалі: «Міліцыя з народам», пачалі будаваць барыкады з таго, што было. Прыехаў нават вадамёт. Былі дымавыя гранаты, тады мы пачалі адступаць. Быў такі момант, калі з дыму выбягае хлопец зь дзяўчынай на плячы, у яе з галавы цячэ кроў, пад нагамі выбухаюць пэтарды. Гэта было так гераічна. Я стаяў з адкрытым ротам. І ў гэты момант падбягае да мяне хлопчык і працягвае яблык: «Вазьмі». У мяне проста сьлёзы ў той момант зьявіліся. І я зразумеў, што з гэтым народам буду змагацца да канца.

— Гэта ваш першы ўдзел быў?

— Я даўно перажываў. Пасьля вайсковай вучэльні мазгі былі прамытыя, не да канца разумеў, што да чаго. У 2006-м я ня ўдзельнічаў таму. У 2010 годзе я выходзіў, але да плошчы Незалежнасьці не дайшоў. Потым былі на Чарнобыльскія шляхі, маршы на Дзень Волі, стараўся ніколі не прапускаць. У 2015-м таксама быў кароткі пратэст.

А вось у 2020 годзе ўжо было інакш. Разам зь сябрамі сталі ля «Бігза» на праспэкце Машэрава. Бачылі як мянты нападалі на жанчын, падлеткаў, на ўсіх, на каго маглі. Людзі не супраціўляліся, яны былі не настроены на супраціў, выходзілі выказаць сваё абурэньне. Ніхто не хацеў гвалту. У 2020 годзе ў мяне была надзея, што мы пераможам — Бабарыка, Ціханоўскі, Сьвятлана. Нам не пакінулі выбару, мы ўсе галасавалі за Ціханоўскую.

Я памятаю, калі мы прыйшлі на акцыю на плошчы Бангалор перад выбарамі. Я тады ўпершыню ўбачыў столькі людзей разам, добры настрой ва ўсіх. Калі я праходзіў загароды міліцыі, то яны так ласкава са мной паразмаўлялі, міла, адчувалася, што мянты на сваім месцы. Яны не разганялі мітынг, а яго ахоўвалі, як ва ўсім нармальным сьвеце.

— Вам пэрсанальна хто з палітыкаў найбольш падабаецца?

— Мікалай Статкевіч. Я лічу, што ён сумленны і прыстойны чалавек. Мяркую, што ён быў бы добрым прэзыдэнтам.

«Баяўся памерці ад ковіду ў турме»

— Вас затрымлівалі ў 2020?

— Двойчы амаль затрымалі, а трэці раз ужо вялі пад рукі людзі ў форме і ў цывільным. Вялі ў аўтазак, але нешта паміж сабой сталі спрачацца. У выніку спачатку адзін адпусьціў, потым — другі. І я неяк ціха назад-назад — і сышоў ад іх. Гэта ўжо была лякальная акцыя ў Малінаўцы, мы там зьбіраліся традыцыйна «на Зубры». На «сутках» я ня быў, проста ўсё рабіў правільна.

— Калі прынялі рашэньне выехаць з краіны і чаму?

— Мне хацелася заставацца да перамогі. Але ў 2021 годзе сябры скінулі мне спасылку на сайт Сьледчага камітэту, там было фота са мной, дзе мы ідзём у счэпцы. Мы ішлі зь сябрам у другім шэрагу, а першы шэраг — шэсьць хлопцаў — усе ўжо сядзелі. Я трапляў пад артыкул «Арганізацыя масавых беспарадкаў». Я зразумеў тады, што тады наступным буду я.

З таварышам мы пайшлі ў турагенцтва. Хоць у мяне віза была, але прынялі рашэньне ў Эўропу ня ехаць, бо было страшнавата, вырашылі афармляць выезд на аздараўленьне ва Ўкраіну. Атрымалі пуцёўкі ў Львоўскую вобласьць, заставалася здаць толькі ПЦР-тэст. А мне кажуць, што тэст станоўчы. Я зьлёг, а сябру сказаў, каб ён ехаў.

Мне не было страшна памерці ад ковіду, мне было страшна памерці ад ковіду ў турме. Усё абышлося, я перахварэў. Пасьля сабраў заплечнік і зьехаў. Жыў у Ірпяні, вельмі добра мяне прыняла Ўкраіна і нашы сябры. Там зрабіў гуманітарную візу і 1 сьнежня паляцеў у Варшаву. У Польшчы ў асноўным працаваў на будоўлі.

«Мы ў правільным месцы»

— Калі вайна пачалася, то адразу зразумелі, што паедзеце?

— Не адразу. Хаця быў да гэтага і маральна падрыхтаваны, і фізычна. Рашэньне не было спантанным; я нейкі час хадзіў на працу, мучыўся. І ўсё ж зразумеў: калі не паеду на вайну, то перастану сябе паважаць, не змагу з гэтым жыць. Гэтая вайна ня толькі ўкраінцаў, але і беларусаў. Ва Ўкраіну паехалі 5 сакавіка, мы былі ў другой групе. Памежнікі такія з падазрэньнем: «Беларусы?» — «Так» — «Куды едзеце?» — «На вайну» — «З кім ваяваць будзеце?» — «З расейцамі». Яны так узрадаваліся, што нават шмоткі ня сталі правяраць, не пыталіся, што вязём. Спачатку паехалі ў Львоў, па дарозе забралі яшчэ хлопцаў.

— Якія першыя ўражаньні былі ад Украіны?

— Было шмат хваляваньняў з дакумэнтамі, зь мяжой, ці прапусьцяць. Усё мінула, як толькі заехалі ва Ўкраіну. Усё стала на свае месцы, мы ў правільным месцы і робім правільную справу. Сустракалі нас вельмі па-сяброўску.

— Пазыўны самі сабе прыдумалі?

— Сам. Мяне выклікаюць у штаб, кажуць, каб запаўняў анкету. Пытаюцца, які пазыўны. «Барада», — адказваю. «Не, дружа, „Барада“ ўжо заняты, іх у нас вельмі шмат», — кажуць мне. Мне сказалі, што патрэбна нешта ляканічнае і запамінальнае. «Давайце „Лысы“», — кажу. Такой мянушкі ў мяне раней не было.

«Мы былі падрыхтаванымі»

— Калі ўпершыню сутыкнуліся з вайной?

— Наблізіўся да баявых дзеяньняў у Кіеве, стаялі ў каравуле з «Кусем» (Аляксандар Клачко. — РС) і «Оскарам» (Аляксей Вайцяховіч. — РС). Шэсьць гадзін раніцы, прыходзяць зьмяняць каравул, у гэты момант па суседнім аб’екце пачынаюць біць ракеты. Гэта быў завод Антонава. Мы спачатку думалі, што ўдарылі па нас. Ад нас гэта было 400-500 мэтраў.

Уладзімер «Лысы» Лаўранюк (справа) з Аляксандрам «Кусем» Клачко
Уладзімер «Лысы» Лаўранюк (справа) з Аляксандрам «Кусем» Клачко

Другі раз у Кіеве. Я выходжу з душу, лічы, у адных майтках, выйшаў на балькон, закурыў цыгарэтку. У гэты момант расейцы сталі адпрацоўваць па гандлёвым цэнтры, куды перад гэтым заяжджала вайсковая тэхніка. Гэта было дастаткова блізка ад мяне. Усё пачынае трэсьціся, і я з крыкамі залятаю ў памяшканьне (сьмяецца).

— А баявое заданьне?

— Наступ у Мікалаеўскай вобласьці. Маглі быць у Ірпяні, правесьці ратацыю хлопцаў зь першай роты. Мы хацелі ўжо выяжджаць, але нас адмянілі ў апошні момант.

— Як сябе адчувалі падчас наступу?

— Я хваляваўся, была нават мітусьня. Я быў камандзірам аддзяленьня. Падчас плянаваньня заданьня супакойваўся. Мы дастаткова добра былі падрыхтаваныя. Трэнаваліся з іншаземцамі, наш трэнэр потым загінуў на Данбасе. Мы вельмі добра былі ўзброеныя і выдатна абароненыя. Страх і хваляваньне прападаюць, як толькі пачынаецца заданьне. Зразумела, мозг не зусім цьвярозы, калі цябе бамбяць з усіх бакоў. Але ты дзейнічаеш паводле пляну. Амаль усё так і было выканана. Амаль, бо вайна заўжды бардак. Як казаў «Брэст»: «А ў нас зноў усё перая...ся».

«Яго каты мяне грызуць»

— Васіль «Пацук» Верамейчык казаў, што «Брэст» быў абсалютна бясстрашным чалавекам.

— Як па мне, то так. Ён быў бясстрашным, але не вар’ятам. У яго не было такога, што толькі наперад. Ён даўно ваяваў, цудоўна разумеў, што адбываецца. Ведаў, калі хавацца, а калі не. Ён быў строгім і вельмі харызматычным, за ім хацелася ісьці. Ён шмат крычаў, быў гучным. Пасьля бою да ўсіх падыдзе, з усімі паразмаўляе, душэўны.

Памятаю, калі ён яшчэ быў камандзірам роты цяжкога ўзбраеньня, то неяк падыходзіць да мяне, а ў яго ў падпарадкаваньні быў мой сябра «Лахвіч», які ўвесь час катоў заводзіў. «Слухай, скажы, „Лахвічу“, што ягоныя каты мяне дасталі, яны па мне ходзяць, грызуць мяне, а я нічога зрабіць „Лахвічу“ не магу. Ты ж яго сябра, можа, цябе паслухае». А «Лахвіч» вельмі добры хлопец: і катоў, і сабак пастаянна заводзіў.

— Астатніх хлопцаў ведалі, якія загінулі пад Лісічанскам?

— Так, усіх. «Папік» (Вадзім Шатроў. — РС) быў у маім аддзяленьні. «Папік» — гэта дарослы мужык, яму ўжо пад 45. Перад адным боем мы сядзелі і размаўлялі, ён мне кажа: «„Лысы“, скончым заданьне, паедзем да мяне ў Крамянчук, у мяне прыватны дом, зробім шашлыкоў, лазьню». У яго там была жонка-ўкраінка і трое дзяцей. Увогуле хлопцы на вайне сталі дабрэйшымі. Стаўленьне адзін да аднаго стала братэрскае. «Папік» быў сьмелым воінам. Я ўспамінаю — і сьлёзы на вочы наварочваюцца.

«Атам» (Васіль Грудовік. — РС) трошкі пабыў нават у маім аддзяленьні. «Сябро» (Васіль Парфянкоў. — РС) — вельмі вясёлы хлопец.

— У Севераданецк і Лісічанск вы ўжо ня езьдзілі?

— Не, я атрымаў баявую траўму. Надарваў зьвязкі. У Лазавое яшчэ пайшоў «на характары», хоць і было балюча. Калена ня вытрымала потым, я нават зь цяжкасьцю хадзіў.

— Мне казалі, вы сябе добра праявілі пад Лазавым.

— Мой атрад выканаў задачу ў поўнай меры. Нашай задачай было ісьці апошнімі і заняць пазыцыю перад Лазавым, у пасадцы лесу. «Тут будзе знаходзіцца застава «Лысага», — было сказана на адным з брыфінгаў, доўга з гэтага рагаталі. Мы ахоўвалі мінамётны разьлік «Брэста».

«Любоў пераможа зло»

— На БТ вы сталі ахвярай падману іх журналісткі. Як так сталася?

— Я ўжо хвіліне на пятай размовы зразумеў, што нешта ня так (прапагандыстка з БТ, прадставіўшыся журналісткай Deutsche Welle, узяла некалькі інтэрвію ў байцоў палку Каліноўскага, у тым ліку ў «Лысага». — РС). Яны хацелі нешта кепскае нарэзаць з маіх адказаў, але нават гэтага ў іх не атрымалася. Настолькі яны бяздарныя, настолькі перапоўненыя чарнатой і нянавісьцю. Нічога добрага са зла не атрымаецца, а любоў пераможа зло.

Вось у мяне ў Варшаве дзяўчына, беларуска. Мы пазнаёміліся ў Ірпяні. Рэвалюцыя нас пасябравала, а вайна закахала. Яна мяне чакала ў Польшчы.

— Што самае непрыемнае на вайне?

— Адчуваньне таго, калі нехта з майго атраду атрымае траўму ці загіне. Я б сабе такога не дараваў. Гэта вельмі вялікая адказнасьць. Досьвед кіраўніцтва ў мяне быў, але такой адказнасьці — не.

— А самае прыемнае?

— Даведацца, што ў цябе ёсьць сапраўдныя сябры, якія могуць прыкрыць, выцягнуць. Ведаць, што цябе чакаюць і ў цябе вераць. Мая дзяўчына на працягу вайны была маёй музай і натхненьнем, яна мяне выратавала. Украіна ўжо перамагла ў вайне. Гэта толькі пытаньне часу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG