Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У акупаваным Мелітопалі быў выбух у штабе руху «Мы разам з Расеяй», дзе вялі падрыхтоўку да фіктыўнага «рэфэрэндуму»


Мелітопаль падчас расейскай акупацыі
Мелітопаль падчас расейскай акупацыі

У акупаваным расейскімі войскамі паўднёваўкраінскім горадзе Мелітопалі увечары 7 верасьня адбыўся выбух у штабе руху «Мы разам з Расеяй».

Інфармацыю пра выбух, якую распаўсюдзілі украінскія тэлеграм-каналы, пацьвердзіў «кіраўнік» прызначанай Расеяй «адміністрацыі» акупаванай часткі Запароскай вобласьці Ўладзімір Рогаў. Ён абвінаваціў украінскі бок у зьдзяйсьненьні тэракту. Паводле яго, у Мелітопалі прагрымела пяць выбухаў, зьвесткі аб пацярпелых удакладняюцца.

Інфармацыю аб факце выбуху таксама пацьвердзіў законны мэр Мелітопаля Іван Фёдараў, які зараз знаходзіцца на тэрыторыі, падкантрольнай Украіне. «Яшчэ на адзін крок далей ад псэўдарэфэрэндуму», — зазначыў ён.

Рух «Мы разам з Расеяй» быў створаны пасьля таго, як расейскія вайскоўцы акупавалі Мелітопаль і іншыя тэрыторыі поўдня Ўкраіны. Ён выступае за далучэньне гэтых тэрыторый да РФ. Украінскія СМІ удакладняюць, што штаб руху ў Мелітопалі знаходзіўся ў будынку пошты на вуліцы Ламаносава, там займаліся непасрэдна падрыхтоўкай да «рэфэрэндуму».

Першапачаткова Крэмль плянаваў правядзеньне «рэфэрэндумаў» аб уваходжаньні ў склад Расеі ў некалькіх акупаваных рэгіёнах Украіны 11 верасьня: акрамя Данецкай і Луганскай абласьцей, таксама ў Херсонскай і Запароскай. Аднак становішча на фронце і контранаступ украінскіх войскаў гэтую ідэю рэалізаваць не дазволілі.

Пятага верасьня ў Херсонскай вобласьці Ўкраіны, акупаванай расейскімі войскамі, пацьвердзілі, што «рэфэрэндум» аб далучэньні да РФ адкладаецца. Намесьнік кіраўніка прызначанай Расеяй акупацыйнай адміністрацыі вобласьці Кірыл Страмавусаў удакладніў, што там бяруць паўзу «праз сытуацыю зь бясьпекай».

Праз два дні сакратар генсавету партыі «Единая Россия» Андрэй Турчак заявіў, што «рэфэрэндумы» аб далучэньні да Расеі на Данбасе і акупаваных тэрыторыях поўдня Ўкраіны трэба прымеркаваць да Дня народнага адзінства, які сьвяткуецца ў Расеі 4 лістапада.

Кіеў і большасьць краінаў Захаду лічаць правядзеньне такіх «рэфэрэндумаў» незаконным і абяцаюць крымінальныя справы ўсім іх арганізатарам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG