Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што агульнага паміж скрыпкай, балалайкай і Маркам Шагалам


У жніўні 2022 году міністэрства адукацыі Беларусі прыняло пастанову аб завядзеньні ў школах факультатыўных заняткаў ігры на васьмі музычных інструмэнтах. Сярод гэтых інструмэнтаў няма, на маю думку, самага важнага беларускага народнага інструмэнту — скрыпкі, і ёсьць балалайка.

Калісьці вельмі даўно мне даводзілася пісаць пра балалайку і скрыпку. І вось зьявілася сумная нагода напісаць ізноў.

Гісторыя са скрыпкай

У 1970–1980-я гады ў БССР праводзіліся рэспубліканскія конкурсы ігры на беларускіх народных інструмэнтах. Выканальніцкіх катэгорый было тры — балалайка, гармонік і цымбалы.

Менавіта такі патройны набор народных інструмэнтаў быў кананізаваны камуністычнымі ўладамі БССР, а магчыма, і Масквой зь яе агітпропам, ЦК і Лубянкай.

Гэта, вядома, была адна з праяваў паўзучай русыфікацыі Беларусі. Насамрэч, беларускі народны інструмэнтарый іншы і нашмат багацейшы, а балалайка туды трапіла выпадкова — гэта вынік перасяленьня ў Беларусь хваляў расейскіх старавераў і пазьнейшага знаходжаньня Беларусі ў складзе Расеі. У навуковых тэкстах сьцьвярджаецца, што балалайка вядомая ў нас зь сярэдзіны XIX стагодзьдзя, а пашырэньне набыла ў 1920–1930-я гады ў СССР. Этнографы ведаюць, што ў народзе існавала адмоўнае стаўленьне да балалаечнікаў, пра што сьведчыць сама народная назва балалайкі — балабайка, утвораная ад слова «балабол».

На тыя конкурсы мне — тады студэнту гістарычнага факультэту БДУ — глядзець было цяжка. І ня толькі таму, што я ўжо прайшоў курс этнаграфіі на факультэце, але і таму, што яшчэ ў гады навучаньня ў школе ў Менску летнія канікулы я праводзіў у роднай бацькавай вёсцы Кожава ў Карэліцкім раёне і бачыў так званыя капэлі, якія гралі на вясельлях і іншых народных сьвятах. Ніякіх балалаек там не было. Тыповы інструмэнтальны набор беларускай народнай капэлі — гэта гармонік, скрыпка, драўляны клярнэт (жалейка), басэтля і барабан з талеркай або бубен.

І вось, здаецца, у 1987 годзе пасьля абвяшчэньня адбору на чарговы рэспубліканскі конкурс выканаўцаў на народных інструмэнтах мая душа ня вытрымала. Я напісаў абураны ліст у газэту «Літаратура і мастацтва», які, са згоды сваёй бабулі, падпісаў «Пэнсіянэрка Вера Лось-Паўлава». І ліст той «ЛіМ» надрукаваў цалкам.

Вокладка кнігі Іны Назінай «Беларускія народныя музычныя інструмэнты», Мн., 1997
Вокладка кнігі Іны Назінай «Беларускія народныя музычныя інструмэнты», Мн., 1997

У тэксьце ад імя «абуранай пэнсіянэркі» я пісаў пра беларускую скрыпку, якая была незаслужана забытая арганізатарамі конкурсу. У той час па ўсёй Беларусі яшчэ жылі дзясяткі народных майстроў, якія саматужна выраблялі скрыпкі, а на народных сьвятах, вясельлях і вечарынках скрыпач заставаўся цэнтральнай фігурай. Скрыпка, пісаў я, — гэта адзін з самых старажытных і самых улюбёных беларускіх народных інструмэнтаў, і нагадваў пра першыя назвы кніг Францішка Багушэвіча і Цёткі — «Смык беларускі» і «Скрыпка беларуская».

Гісторыкам музыкі і этнографам ужо тады было вядома, што скрыпка нарадзілася не пазьней за XIV стагодзьдзе ў трохкутніку Заходняя Беларусь — Усходняя Польшча — Заходняя Ўкраіна. У нас яна называлася «скрыпіца» і мела тры струны. І толькі ў наступныя стагодзьдзі празь Нямеччыну і Аўстрыю беларуска-польская «скрыпіца» з грыфам без ладоў трапіла ў Італію, дзе ў сярэдзіне XVI стагодзьдзя набыла чацьвёртую струну і эўрапейскую вядомасьць.

У Беларусі ж побач з прафэсійным наладжваньнем скрыпкі (строем) здаўна існавалі некалькі народных строяў, розныя манеры выкананьня і тэхнікі ігры, розныя спосабы трыманьня інструмэнта — некаторыя віртуозы літаральна жанглявалі скрыпкай падчас ігры. Са скрыпкай зьвязаныя і некалькі дзясяткаў беларускіх тэрмінаў-лексэмаў, якімі яна ўзбагаціла беларускую мову — абэчкі, эфы, эсы, падстаноўкі, падгрыфак, лапатнік, колічкі, куцыкі, душкі, дыскант, рымка, талька, падрымоўка, тэрца, падбасоўка, пасмыкайла, смыкавішча і многія іншыя.

Разварот кнігі Іны Назінай «Беларускія народныя музычныя інструмэнты»
Разварот кнігі Іны Назінай «Беларускія народныя музычныя інструмэнты»

Ніякай рэакцыі на той ліст, наколькі памятаю, не было. Але праз два гады, у 1989 годзе, калі нарэшце выйшла доўгачаканая энцыкляпэдыя «Этнаграфія Беларусі», на яе першым развароце пад сьпісам рэдакцыйнай калегіі быў зьмешчаны фатаздымак народнага музыкі са скрыпкай, а ў адпаведным артыкуле, напісаным неўтаймоўнай дасьледчыцай беларускіх народных інструмэнтаў, незабыўнай прафэсаркай Інай Назінай, сьцьвярджалася:

«У народзе скрыпку называюць царыцай музыкі, здольнай перадаць настрой і перажываньні ўсіх і кожнага. Невыпадкова яна спадарожнічае многім звычаям, абрадам (каляндарна-земляробчым і сямейным), сьвятам, ігрышчам, вечарынкам, гульням, танцам, паказам батлейкі, заўсёды падліваючы „алею ў вясельнае цяпло“. На вясельлях ушаноўваюць ня толькі музыку, але і ягоны інструмэнт. У Беларусі вельмі разьвіта традыцыя як сольнага, так і ансамблевага выкананьня на скрыпцы: яна гучыць разам з бубнам, гармонікам, цымбаламі, клярнэтам, а раней і з дудой. Паўсюднае выкарыстаньне скрыпкі, яе выключная роля ў вясковым побыце вызначылі тую асаблівую ўвагу і цікавасьць, аб якіх сьведчаць шматлікія ўпамінаньні аб ёй у творах вусна-паэтычнай і песеннай творчасьці народу».

Разварот энцыкляпэдыі «Этнаграфія Беларусі», Мн., 1989
Разварот энцыкляпэдыі «Этнаграфія Беларусі», Мн., 1989

Здаецца, гэта не было вынікам майго ліста ў «ЛіМ», але сатысфакцыю я атрымаў поўную — нарэшце нашай старажытнай скрыпачцы была аддадзена адпаведная ўвага і павага.

Чын беларусаў

З таго часу прайшло больш за 30 гадоў.

Увосень 2021 году адышла ў лепшы сьвет доктар мастацтвазнаўства, прафэсар Іна Дзьмітрыеўна Назіна, карэнная мянчанка, якая дзясяткі разоў аб’ехала ўсю Беларусь, стварыла сапраўдную гісторыю беларускіх музычных інструмэнтаў і выдала яе хоць у невялікай, але фундамэнтальнай кнізе «Беларускія народныя музычныя інструмэнты» (Мн., 1997). Думаю, што так, як яна, беларускую народную музыку і музычную тэрміналёгію ня ведаў ніхто.

У тую ж восень 2021 году было ліквідаванае і выдавецтва «Беларуская энцыкляпэдыя», якое некалі выдала «Этнаграфію Беларусі» і мноства іншых энцыкляпэдыяў, энцыкляпэдычных даведнікаў і слоўнікаў, у тым ліку Тлумачальны слоўнік беларускай мовы.

Адразу пасьля закрыцьця «Беларускай энцыкляпэдыі» стала непамысна і горка, было зразумела, што гэта яшчэ адзін крок цяперашніх уладаў у бок Расеі і вялікая культурная страта для краіны.

Але так я думаў нядоўга. Прыйшло азарэньне і асэнсаваньне ўжо зробленага. Раптам стала зразумела, што «Беларуская энцыкляпэдыя» выканала сваю ролю.

Поўны пералік яе выданьняў разбурыць структуру любога эсэ. Але і кароткія энцыкляпэдыі Беларусі ў пяці тамах, і вялікія энцыкляпэдыі ў дванаццаці і васямнаццаці тамах, і «Энцыкляпэдыя літаратуры і мастацтва Беларусі» ў пяці тамах, і аднатомнікі «Беларусь», «Этнаграфія Беларусі», «Прырода Беларусі», «Архітэктура Беларусі», «Мысьліцелі і асьветнікі Беларусі», і «Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі» ў шасьці тамах, і энцыкляпэдыя «Вялікае Княства Літоўскае» ў трох тамах, і «Тэатральная Беларусь» у двух тамах, і больш за сто пяцьдзясят тамоў сэрыі «Памяць», і шматтомныя акадэмічныя слоўнікі... зрабілі Беларусь неўміручай.

Усё ўжо зроблена. Мы ўжо адбыліся. Мы спазналі, вывучылі і асэнсавалі сябе як асобны этнічны, культурны і нацыянальны арганізм. Мы апісалі гэта, сыстэматызавалі і выдалі.

Гэта матрыца, генэтычны код культуры, народу і нацыі. Прычым пасланы ён ня толькі ў нашы сэрцы і галовы, але і ў сьвет зь яго наасфэрай, і ў сусьвет зь яго вымярэньнямі, узроўнямі і формамі энэргіі.

Бог, космас і час ведаюць пра нас.

Біблія беларушчыны

Сярод многіх сотняў тамоў, якія выдала заснаванае ў 1967 годзе Петрусём Броўкам акадэмічнае выдавецтва «Беларуская энцыкляпэдыя», мне асабліва дарагі адзін — «Этнаграфія Беларусі». Гэта кніга, якую я магу чытаць і ўдзень, і ўноч.
Там апісана ўся матэрыяльная і духоўная культура беларусаў, іх гісторыя і лёс. Той велізарны том на 575 старонак дробнага, завярстанага на кожнай старонцы ў тры слупкі тэксту са шматлікімі ілюстрацыямі, рабілі найлепшыя інтэлектуалы-дасьледчыкі з усіх гуманітарных галінаў беларускай навукі і культуры. Проста пачаць пералічаць хаця б некаторых зь іх тут не выпадае толькі таму, каб некага не забыцца.

Пасьля ліквідацыі выдавецтва менавіта «Этнаграфію Беларусі» я паклаў на начны столік каля ложка, каб мець магчымасьць часам пагартаць, паглядзець ілюстрацыі або перачытаць нейкі артыкул.

Вокладка энцыкляпэдыі «Этнаграфія Беларусі».
Вокладка энцыкляпэдыі «Этнаграфія Беларусі».

Адна гэтая кніга можа лічыцца поўным і вычарпальным апісаньнем беларускага народнага космасу.

Калі б беларусаў ужо цалкам не было, калі б нас фізычна зьнішчыла ці асымілявала варожая дзяржава, і штучны інтэлект або нейкія рамантыкі раптам захацелі б рэканструяваць і аднавіць беларускі этнас, пасяліўшыся кампактна і асобна на нейкай тэрыторыі, то для пачатку гэтай справы ім бы цалкам хапіла «Этнаграфіі Беларусі».

Гэтая кніга, сярод іншага, хавае ў сабе тысячы адмысловых народных тэрмінаў, якія датычаць абсалютна ўсіх галінаў народнага жыцьця і дзейнасьці. Прыведзеныя на пачатку эсэ скрыпічныя слоўцы я ўзяў з артыкула Іны Назінай пра скрыпку, і гэта далёка ня ўсе з тых, што яна там выкарыстала. Ад тэрміналёгіі са сьвету народнай кухні ці народных тэхналёгіяў галава наогул кружыцца.

Ну, а пасьля тыя рамантыкі ці штучны інтэлект да «Этнаграфіі Беларусі» маглі б дадаць іншыя выданьні «Беларускай энцыкляпэдыі» і шматлікія тамы акадэмічнага фальклёру.

Этніка не састарэла і не састарэе — менавіта зь яе ўсё пачынаецца. Як пісаў славуты дасьледчык нацый, брытанскі гісторык Энтані Сьміт, незалежна ад таго, які тып нацыяналізму практыкуе тая або іншая нацыя — этнічны, грамадзянскі ці зьмешаны — кожная зь іх мае так званае этнічнае ядро. У нашым выпадку кніга «Этнаграфія Беларусі» апісвае зьмест і вытокі этнічнага ядра сучаснай беларускай нацыі.

Аказалася, што падзьвіжніцтва і высілкі сотняў і тысяч беларускіх інтэлектуалаў, якія працавалі над усімі энцыкляпэдычнымі і акадэмічнымі выданьнямі, зрабілі Беларусь неўміручай.

Марк Шагал і беларуская капэля

Праз шмат гадоў пасьля гісторыі з конкурсам ігры на народных інструмэнтах, увесну 2022 году, мне давялося трапіць у швайцарскі Цюрых.

У гэтым горадзе ёсьць тры месцы канцэнтрацыі твораў Марка Шагала. Гэта царква Fraumünster зь пяцьцю вітражамі Шагала ў апсыдзе, рэстаран Kronenhalle з карцінамі вядомых мастакоў-мадэрністаў на сьценах, сярод якіх і Марк Шагал. І, нарэшце, мастацкі музэй Kunsthaus, у адной з заляў якога сабраныя вялікія палотны Шагала, у тым ліку «Палёт над Віцебскам».

У музэй мы прыйшлі ўжо даволі раззлаваныя паўсюднымі згадкамі на шыльдах, у буклетах і турыстычных даведніках пра «расейскага мастака» Марка Шагала, які «чэрпаў натхненьне ў хасыдзкіх традыцыях сваёй расейскай радзімы».

Але, падышоўшы да карціны Шагала «Сьвятло шлюбу», я раптам успомніў і пра «Этнаграфію Беларусі», і пра Іну Назіну, і пра свой студэнцкі артыкул у «ЛіМе» з пратэстам супраць ігнараваньня беларускай скрыпкі.

Раздражненьне прайшло, стала лёгка і сьмешна. Немцы могуць нас ня ведаць, але мы сябе ведаем. Ім можна ня ведаць пра расейскі народны інструмэнтарый, але мы дакладна ведаем, што такое беларуская народная капэля.

У цэнтры карціны «Сьвятло шлюбу» на местачковым пляцы, за якім відаць сьцены хрысьціянскай бажніцы, стаяць маладыя, а вакол іх грае капэля. Набор інструмэнтаў такі: зьлева барабаншчык, унізе музыкант з басэтляй, у правым ніжнім куце рука з бубнам, а справа ад маладых — скрыпач. Я засьмяяўся і сказаў жонцы:

— Будуць нам немцы даказваць, што Шагал з Расеі! Вось амаль увесь набор беларускай народнай капэлі. Аналягічны набор мелі і габрэйскія музыкі, якія гралі ў корчмах Беларусі: барабан, басэтля, скрыпка. Не хапае толькі беларускага драўлянага клярнэта.

Жонка ў адказ:

— А гэта што?

Я паглядзеў, куды яна паказвала, а там, над маладымі, сваю партыю дагары нагамі выконвае пяты музыка... зь беларускім драўляным клярнэтам.

Карціна Марка Шгала «Сьвятло шлюбу», Kunsthaus, Цюрых
Карціна Марка Шгала «Сьвятло шлюбу», Kunsthaus, Цюрых

Так што даводзіць немцам нічога ня трэба, за нас гэта зрабіў Марк Шагал. Нават калі ён сам пра гэта не казаў, ён быў часткай ня толькі габрэйскага, але і беларускага космасу.

Космасу, які для нашчадкаў зафіксавалі многія пакаленьні беларускіх інтэлектуалаў, у тым ліку аўтары энцыкляпэдыі «Этнаграфія Беларусі» — Бібліі беларушчыны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG