Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі вывеў украінскую дэлегацыю з Трохбаковай кантактнай групы па Данбасе


Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі адмяніў указы аб удзеле дэлегацыі краіны ў Трохбаковай кантактнай групе па Данбасе.

Адпаведны дакумэнт апублікаваны на сайце прэзыдэнта Ўкраіны.

Трохбаковая кантактная група была ўтвораная ў 2014 годзе ў складзе прадстаўнікоў Украіны, Расеі і АБСЭ пасьля пачатку расейскай агрэсіі ў Крыме і на ўсходзе Ўкраіны. У Кіеве і АБСЭ лічаць, што асноўнай перашкодай ва ўрэгуляваньні канфлікту на Данбасе зьяўляецца пазыцыя Масквы.

Перамовы Трохбаковай кантактнай групы праходзілі ў Менску, але ў красавіку 2021 году ўкраінская дэлегацыя адмовілася прылятаць на перамовы ў Беларусь, паколькі рэжым Лукашэнкі, на яе думку, знаходзіцца пад поўным уплывам Расеі, якая зьяўляецца адным з бакоў на перамовах у Трохбаковай кантактнай групе. Кіеў прапанаваў зрабіць Польшчу новай пляцоўкай перамоваў аб Данбасе замест Беларусі.

Апошні раз удзельнікі Трохбаковай кантактнай групы павінны былі сустрэцца 19 лютага, незадоўга да поўнамаштабнага ўзброенага ўварваньня Расеі на тэрыторыю Ўкраіны, але расейская дэлегацыя адмовілася ад удзелу ў пасяджэньні, і яно не адбылося.

Апошні склад украінскай дэлегацыі ўзначальваў былы прэзыдэнт Украіны Леанід Краўчук, які памёр у траўні 2022 году. Да гэтага на працягу некалькіх гадоў у яе склад уваходзіў іншы былы ўкраінскі кіраўнік дзяржавы Леанід Кучма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG