Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Частка піша, што я атрымліваю па «заслугах». Вялікая размова з былым сілавіком, а цяпер блогерам Марцінам Крамам, якога пабілі ў Польшчы


Блогер Марцін Крам у розных вобразах
Блогер Марцін Крам у розных вобразах

Блогер Марцін Крам вучыўся ў акадэміі МУС і працаваў у беларускай міліцыі. Нядаўна атрымаў розгалас выпадак, калі яго разам зь ягонай дзяўчынай Юліяй пабілі ў Польшчы.

Марцін расказаў Свабодзе, чаму пайшоў у міліцыю і чаму сышоў, як ставіцца да былых калегаў і ці ёсьць у беларускіх сілавікоў шанец на прабачэньне.

Хто такі Марцін Крам

Марціну 33 гады. Ён з Горадні. Сапраўднае ягонае прозьвішча — Сідаровіч, Крам — гэта псэўданім. У 2010 годзе паступіў у акадэмію МУС, адвучыўся, працаваў два гады ў транспартнай міліцыі, займаўся пераважна крадзяжамі і бойкамі ў раёне вакзала.

Ён меўся адпрацаваць у сыстэме мінімум 5 гадоў, але звольніўся ўжо праз два. Цяпер ён павінен дзяржаве 22 тысячы беларускіх рублёў за тое, што бясплатна вучыўся.

Марцін Крам на дэманстрацыі
Марцін Крам на дэманстрацыі

Грошы выплачвае маці Марціна са сваёй пэнсіі, штомесяц па 60 рублёў. Яна добраахвотна забрала на сябе доўг, каб Марціну ў выпадку чаго не забаранілі выезд за мяжу.

«Гэта страшна гучыць. Але я ёй усё вярну», — усьміхаецца суразмоўца.

У Польшчы ён жыве 5 гадоў. Адразу пасьля пераезду працаваў ахоўнікам. Паралельна здымаў «папсовыя» ролікі, меў 50 тысяч падпісантаў на Instagram.

Пасьля затрыманьня Ціханоўскага зьняў пародыю на міліцыянта, які «ўпаў» на пікеце. Далей у палітычным ключы стаў здымаць іншыя сатырычныя відэа.

«Я праз гумар хачу дапамагчы людзям пражываць пэўныя моманты», — кажа ён.

Пасьля зьмены кірунку аўдыторыя абнавілася. Калі раней было больш расейцаў, то цяпер 70% беларусаў, частка з Украіны і Польшчы. Яго глядзяць 44 тысячы чалавек у Instagram і каля 10 тысяч на Youtube.

Апошнія два гады Марцін здымае кароткія сатырычныя навінавыя відэа для тэлеканалу «Белсат».

Як Марціна зь дзяўчынай пабілі

Падрабязна пра выпадак Марцін расказаў на сваім Youtube-канале.

Інцыдэнт адбыўся ўвечары 13 жніўня ў Варшаве. Марцін са сваёй сяброўкай Юліяй былі на танцпляцоўцы, крыху выпілі. Раптам Юлія адчула моцны ўдар па галаве. Іх зачапіла іншая кампанія, двое мужчын зь якой і пабілі Марціна і Юлію.

У нейкі момант палякі заявілі: «Валіце з Польшчы». Марцін перакананы, што яны чулі, што пара размаўляе на расейскай мове. Аднак ён дакладна не разумее, што стала нагодай для канфлікту. Гарадзенец стаў тэлефанаваць у паліцыю, чым яшчэ больш раззлаваў мужчын. Адзін зь іх, лысы і буйной камплекцыі, нечакана накінуўся на Марціна і пачаў яго біць, другі, маладзейшы, схапіў Юлію за валасы. Марцін некалькі разоў ударыў крыўдзіцеля сваёй дзяўчыны, пасьля чаго пара ўцякла.

Паліцыя ў твой вечар ня надта ахвотна займалася гэтым канфліктам і не адразу прыехала на месца здарэньня. Аднаго з мужчын урэшце затрымалі, але потым выпусьцілі. Пакуль ідзе праверка інцыдэнту, але падобна, што яго кваліфікуюць як грамадзянска-прававыя адносіны.

Скрыншот відэа бойкі
Скрыншот відэа бойкі

Марцін зь Юліяй хочуць, каб крыўдзіцелі адказвалі паводле Крымінальнага кодэксу, каб нават адзінкавыя выпадкі цкаваньня за мову або нацыянальнасьць не заставаліся беспакаранымі. Яны гатовыя дамагацца справядлівасьці, хоць для іх няпроста рабіць розгалас і штораз успамінаць падзеі таго вечара.

«Няўжо мяне цяпер тут прыб’юць?»

— Што вы адчувалі, калі вас білі?

— Я звычайна стараюся з сарказмам, з чорным гумарам рэагаваць. Я падумаў: «Няўжо мяне цяпер тут прыб’юць?» Абсалютна быў не падрыхтаваны да гэтага.

— Ці вы валодаеце, як былы міліцыянт, сілавымі прыёмамі або баявымі мастацтвамі, каб магчы даць адпор тым мужчынам?

— Я ў акадэміі займаўся тайскім боксам, рукапашным боем, нас вучылі, як затрымліваць людзей. Але 7 гадоў я нічога з гэтага не прымяняў. Да таго ж напад быў нечаканым.

— Ці праз час вы інакш ставіцеся да таго выпадку? Можа, нешта пераасэнсавалі?

— Калі я цяпер іду па горадзе і бачу лысага чалавека, адразу пачынаю разглядаць яго здалёк, ці гэта ня той самы. Гэта непрыемныя моманты, але я стараюся эмоцый не паказваць.

Калі б я адзін быў, то я, магчыма, лягчэй бы гэта перажыў. Але Юлю я цяпер не пакідаю адну, сустракаю з працы, перажываю тое, што яна перажывае. Яна кепска сьпіць. Юля, вядома, гэтую гісторыю пераказала ўжо 50 разоў, ёй лягчэй. Але кажа, калі іх убачыць, то ня здолее нічога сказаць, расплачацца.

— Якое пакараньне вы лічыце справядлівым для гэтых людзей?

— Для нас было бы важна, каб гэта была крымінальная адказнасьць. Каб гэтыя людзі потым не са сьмехам успаміналі гэты выпадак, маўляў, нешта ім заплацілі, але добра вечар правялі. Каб яны зразумелі, што гэта ўсё сур’ёзна.

— Ці вы сутыкаліся з цкаваньнем з боку палякаў пасьля 24 лютага 2022?

— Не. Палякі, наадварот, заўсёды любілі беларусаў. Яны падтрымлівалі нас у 2020 годзе.

«Частка піша, што я атрымліваю па „заслугах“»

— Вы былы міліцыянт. Ці вы адчулі, што беларусы да вас ставяцца кепска за гэта?

— Адразу скажу, што мне за сваё мінулае ня сорамна. Мне ніводнага апазыцыянэра ніколі не даручалі. Сілы я ні да кога не прымяняў. У мяне былі добрыя настаўнікі, якія вучылі, што іншымі спосабамі трэба даказваць, вінаваты чалавек або не. Яны пайшлі на пэнсію да 2020 году.

Дагэтуль не знайшлося ніводнага чалавека, які б заявіў, што я яго пабіў, прынізіў або ставіў сябе вышэй за яго. За мной такіх грахоў няма.

Некаторыя кажуць: «Былых міліцыянтаў не бывае». Я разумеў, калі расказваў гэтую сытуацыю, што ня ўсе да мяне будуць ставіцца прыхільна, маўляў, бедны, няшчасны. Частка піша, што я атрымліваю па «заслугах» мінулага, нехта — што беларус, мала далі; «ябацькі» пытаюцца: «Ну як вам жывецца ў Польшчы, у дэмакратыі?». Канешне, 75-80% гэта словы падтрымкі. Я гэта ўсё наперад разумеў. Стаўлюся да гэтага спакойна. Калі б я пачуў гэта ад блізкіх мне людзей або тых, каго я паважаю, — гэта адно, а так я людзей гэтых ня ведаю, яны мяне ня ведаюць.

Я звычайна заўжды адразу прызнаюся, што я былы міліцыянт. У кампаніі часта жартуюць з гэтага. Я з іроніяй гэта ўспрымаю.

Я звольніўся ў 2017 годзе. Ёсьць сілавікі, якія сышлі пасьля 9 жніўня 2020-га, тыя, хто пайшлі ў ByPol. Атрымліваецца, трэба іх цяпер на кол пасадзіць? Яны цяпер робяць велізарную працу для перамогі беларусаў. Яны рызыкуюць сваім жыцьцём, хоць і знаходзяцца за мяжой.

— Значыць, вы думаеце, што можна працаваць у злачыннай сыстэме і заставацца сумленным чалавекам?

— Мая сястра ў 2006 годзе начавала ў намётавым мястэчку (падчас прэзыдэнцкіх выбараў на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. — РС). Я, у прынцыпе, разумеў, што да чаго.

Я сябе выпадкова ці не выпадкова засьцярог ад таго, каб мне даручалі апазыцыянэраў. Я на першым курсе ў 2010 годзе на пытаньне намесьніка начальніка акадэміі «За каго хто будзе галасаваць?» меў сьмеласьць адказаць, што не за Лукашэнку.

На беларускай дэманстрацыі ў Польшчы
На беларускай дэманстрацыі ў Польшчы

На наступны дзень прыйшоў начальнік факультэту, усіх падняў, выйшаў на мяне. «Ты казаў, што будзеш не за Лукашэнку галасаваць?» — «Я». — «Ну ўсё, за мной пайшлі». Прыйшлі ў кабінэт. Ён кажа: «Што, твае бацькі ў Горадні хіба кантрабандай займаюцца, цыгарэты возяць? А ты яшчэ нечым не задаволены?» Мая мама працавала ўсё жыцьцё выхавальніцай, бацька ў дрэваапрацоўцы, сам на сябе.

Ён мне кажа: «Ці ты разумееш, куды ты трапіў? Каму ты што кажаш? Пішы рапарт на звальненьне». Я кажу: «Усё разумею. Але я хачу далей вучыцца і працаваць». Урэшце ён сказаў: «Ідзі адсюль».

Магчыма, начальнік курсу цудам гэтае пытаньне вырашыў, больш мяне ніхто пра гэта нічога не пытаўся. Але думаю, што пазнаку ў маім матэрыяле паставілі, што даверу нуль. Думаю, калі б я дагэтуль заставаўся ў сыстэме, то праз чысткі доўга бы там не прапрацаваў. Але я бы не застаўся пасьля жніўня 2020 году, усяго гэтага трэшу.

Мне не падабалася стаўленьне ў сыстэме, пастаянныя прыніжэньні пры 150 курсантах. Да мяне амаль не было пытаньняў па службе. Але я разумеў, што сёньня я добры, а заўтра, калі нешта здарыцца, то я нікчэмнасьць.

Шмат хто з маіх аднакурсьнікаў сышоў пасьля 2020 году. Толькі аднаго я ўбачыў, як ён біў пратэстоўцаў, хаця ў наш час так ідэалёгіяй мозг ня пудрылі. Тым, хто цяпер застаецца ў міліцыі, я рукі не падам, хіба толькі даведаюся, што яны дапамагаюць ByPol. Для мяне цяпер у Беларусі няма міліцыі як органу.

— Выходзіць, што з вамі ўсё ў парадку, да вас ня можа быць прэтэнзій як да сілавіка?

— Мне напісалі ў Instagram: «Гэта табе за тваё мінулае». Я яму адказаў: «Вы ведаеце мяне асабіста?» Ён мне кажа: «Вы ўсе аднолькавыя». Значыць, чалавек мяне ня знае, ня ведае, як я працаваў, як ставіўся да людзей.

Мне, відаць, пашчасьціла з калектывам. Бо былі калектывы, дзе катавалі людзей, білі, потым некага каралі за гэта, а кагосьці не. У нас аддзяленьне было малое, чыгуначны вакзал. Нашай асноўнай працай былі крадзяжы і п’яныя бойкі, трэба было вылічваць па відэакамэрах, што адбылося. Добры калектыў; можа, таму і я стаў добрым. Калі б я трапіў пад кепскі ўплыў, я б сышоў адразу, бо я гвалту не прымаю. Лепш уцячы, калі цябе б’юць.

«Я не магу зразумець, чаму людзі не сышлі ў 2020-м»

— Чаму вы паступалі ў міліцыю?

— У мяне тады вучыўся сябар у акадэміі міліцыі. Ён мне расказаў, што да чаго. Не сказаць, каб я набраў шмат балаў, — каля 220. Здаваў грамадазнаўства, беларускую мову і матэматыку.

Раней было прэстыжна вучыцца ў МУС, туды адбіралі высокіх, атлетычных. Потым патрабаваньні ўсё зьніжаліся, зьніжаліся. У людзей прэстыж міліцыі толькі падаў. Набіралі ўсё горшых і горшых. Ужо не патрэбна была фізычная падрыхтоўка. Людзей зь вёскі прываблівала пэрспэктыва не заставацца ў вёсцы, кар’ерны рост, інтэрнат, службовае жытло. Я паступаў не дзеля кватэры — я кватэры не атрымаў.

У мяне яшчэ і юрыдычная адукацыя, а ў наступных курсаў толькі міліцэйская: яны вучацца 4 гады, а ня 5. Мне хацелася апэратыўнай працы, а ня сьледчым: працаваць зь людзьмі і не хадзіць у форме.

Бяз формы найлепшы варыянт — ты з чалавекам нароўні размаўляеш. Усе зьдзіўляліся, чаму я пайшоў у міліцыю, бо яна мне не пасавала. Таму ніхто не зьдзівіўся, калі я сышоў.

У нас правоў было нашмат менш, чым у грамадзянаў. Калі міліцыянт пабіўся на дыскатэцы, яго адразу звальнялі, не разьбіраліся нават, хто пачаў бойку. Міліцыянтаў заўсёды выгадна было караць, бо 30% ад заробку — гэта прэмія. Па 5% ад яе маглі зьняць за незашпілены гузік. Былі супрацоўнікі, якія ня бачылі ўсе 30% прэміі ніколі.

Я не магу зразумець, чаму людзі ня звольніліся ў 2020-м. Яны столькі атрымлівалі прыніжэньняў ад свайго кіраўніцтва. Яны ўсё гэта маглі выказаць пасьля 9 жніўня: «Не. Мы цяпер за вас дакладна нікога ня будзем біць» — і перайсьці на бок людзей.

Я не разумею, як можна было застацца і прытрымлівацца рэжыму, калі быў шанец адпомсьціць ненавіснаму кіраўніцтву. Я не памятаю аддзяленьняў, дзе бы начальніка на руках насілі. Усе начальнікі праходзілі праверкі на «вернасьць рэжыму».

— Чаму яны не адмовіліся, як вы думаеце?

— Бо «ў мяне доўг», «у мяне сям’я». Я сыходзіў зь велізарным доўгам фактычна ў нікуды. У мяне няма багатых бацькоў. Я звольніўся ў мірны час, а ў такі пэрыяд, як жнівень 2020-га, павінна быць яшчэ больш мужнасьці, каб сысьці. Тых, хто ня звольніўся, я не хачу разумець. Я зразумею толькі тых, хто застаўся дапамагаць ByPol знутры сыстэмы.

— Ці вы бачыце добрыя рысы ў цяперашняй беларускай сілавой сыстэме?

— Цяпер няма беларускай сілавой сыстэмы. Яна пачала зьнішчаць у сабе ўсё добрае з пачаткам выбарчай кампаніі 2020 году.

— А што там было добрага, калі вы там працавалі?

— Мы расьсьледавалі непалітычныя справы. 80% справаў — гэта крадзяжы. Я сустракаў шмат людзей, якія мне былі ўдзячныя.

— Вы не баіцеся ярлыка «былы міліцыянт»?

— Ён ужо ёсьць. Але спадзяюся, што я некалі гэта зьмяню і мяне ў першую чаргу будуць называць сатырыкам, гумарыстам.

— Нядаўна грамадзкасьць ускалыхнула гісторыя міліцыянта Міхаіла Грышчанкі, які рэпрэсаваў апазыцыю, біў людзей, а цяпер пайшоў на пэнсію, стаў хадзіць у царкву і пячы хлеб. Што вы думаеце пра гэтую гісторыю?

— Чалавек можа зьмяніцца, але хай ён адкажа за тыя злачынствы, якія зьдзейсьніў. У турме, бадай, таксама можна пячы хлеб і зьвяртацца да Бога.

Калі пытаньне, ці яго прабачыць, то, безумоўна, не. Любое незаконнае дзеяньне мае быць пакараным. Інакш далей у такіх людзей ёсьць выйсьце: перапрасіць. Так, ён можа перапрасіць Бога, але мы не на Небе, у нас тут склаліся іншыя правілы. Яго трэба судзіць пры новай сілавой сыстэме. Калі пачаць прабачаць, гісторыя нам гэтага не даруе. Для мяне цяпер няма добрых міліцыянтаў — усе яны ведаюць, дзе знаходзяцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG