Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Аўтуховіч аднаўляў свой бізнэс пасьля турмы і пашыраў беларушчыну. Ён трымаў сухую галадоўку 21 дзень


Мікалай Аўтуховіч у 2015 годзе
Мікалай Аўтуховіч у 2015 годзе

Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікола Аўтуховіч — рэкардсмэн ня толькі па колькасьці дзён галадаваньня на знак пратэсту, ён і сядзеў даўжэй за ўсіх — ужо 9 гадоў ён за кратамі. Гэта трэцяя ягоная адседка. Расказваем пра яго.

Служыў у Афганістане, меў бізнэс — службу таксі, вылучаўся дэпутатам

Міколу Аўтуховічу 59 гадоў. Ён жыў у Ваўкавыску. Служыў у Афганістане, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, двума мэдалямі — «За адвагу» і «За баявыя заслугі».

Звольніўся з войска старшым прапаршчыкам у 1991 годзе і заняўся бізнэсам: адрамантаваў і здаваў у арэнду былыя вайсковыя казармы, меў у родным Ваўкавыску некалькі пасьпяховых праектаў, сярод якіх «Таксі 22222».

Праблемы ў прадпрымальніка пачаліся, калі ён даў паказаньні супраць працаўніка падатковай службы і абвінаваціў яго ў карупцыі. Тады на ягоны бізнэс прыйшлі маштабныя праверкі. У адказ Аўтуховіч і яшчэ 30 чалавек праводзілі страйкі і галадоўкі пратэсту.

У 2004 годзе прадпрымальнік вылучаўся кандыдатам у дэпутаты на парлямэнцкіх выбарах.

Правёў за кратамі 9 гадоў

Аўтуховіч сядзіць ужо трэці раз. Першыя два разы яго прызнавалі палітвязьнем, а цяпер не.

Першы раз яго ўзялі пад варту ў 2005 годзе. Тады прадпрымальнік пачаў галадоўку і за 74 дні страціў 38 кіляграмаў вагі. У турэмным шпіталі адмаўляўся ад мэдычнай дапамогі, дактары ацэньвалі ягоны стан як цяжкі.

Меру стрыманьня яму зьмянілі на хатні арышт. З галадоўкі ён выходзіў у раённым шпіталі пры дапамозе доктара-дыетоляга.

За вызваленьне вязьня з-пад варты ягоныя сябры сабралі каля тысячы подпісаў і накіравалі іх у прэзыдэнцкую адміністрацыю.

У лісьце да генэральнага пракурора Аўтуховіч напісаў, што лічыць сваю справу палітычнай, а абвінавачаньні — несправядлівымі, таму ня будзе заставацца пад хатнім арыштам.

Абвясьцілі ягоны вышук, у міліцэйскай абвестцы напісалі, што ён узброены, хоць зброі ня меў. Затрымалі ў Менску, калі ён прыйшоў у цырульню.

Мікалай Аўтуховіч выйшаў на волю
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:51 0:00
Наўпроставы лінк

У 2006 годзе Мікалая Аўтуховіча асудзілі на 3,5 года ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Яго абвінавацілі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў з нанясеньнем шкоды бюджэту ў асабліва буйным памеры, а таксама ў прадпрымальніцкай дзейнасьці без рэгістрацыі і ліцэнзіі. Пазбавілі права займацца прадпрымальніцтвам цягам пяці гадоў.

Аўтуховічу пакінулі:

  • дом,
  • аўтабазу,
  • палову таксовак
  • і яшчэ адзін будынак.

Сканфіскавалі:

  • 13 таксовак,
  • кватэру
  • і два склады.

Да спагнаньня прызначылі вялікую суму грошай.

Вызвалілі яго датэрмінова ў 2008 годзе ў выніку санкцыяў з боку ЗША і Эўразьвязу.

У другі раз далі пяць гадоў за пяць патронаў

Аднак на волі ён прабыў нядоўга. У 2009 годзе Мікалая Аўтуховіча зноў затрымалі. Спачатку яго абвінавацілі ў падпале чужой маёмасьці, а затым — у рыхтаваньні тэрарыстычных актаў супраць старшыні Горадзенскага аблвыканкаму і намесьніка міністра падаткаў і збораў. Гэтыя абвінавачаньні засталіся бяз доказаў.

На «Валадарцы» Аўтуховіч тры месяцы трымаў галадоўку.

Разам зь ім затрымалі яшчэ двух актывістаў прадпрымальніцкага руху.

У 2010 годзе Мікалаю Аўтуховічу прысудзілі пяць гадоў вязьніцы строгага рэжыму «за незаконнае захоўваньне пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі». Віны ён не прызнаў і патлумачыў перасьлед помстай за ягоную барацьбу зь мясцовымі карупцыянэрамі.

У турме парэзаў сабе жывот

У 2013 годзе Аўтуховіч у камэры парэзаў сабе лязом жывот на знак пратэсту супраць зьдзеклівага стаўленьня да яго.

За той тэрмін ён страціў большасьць зубоў і мусіў харчавацца, гатуючы ежу з дапамогай блендэра. Таксама сапсаваў страўнік, меў некалькі язваў.

Вызвалілі Аўтуховіча пасьля сканчэньня тэрміну зьняволеньня 8 красавіка 2014 году.

«Як я выйшаў на волю, дык чыноўнікі папрасілі сабе ахову»

Адразу пасьля выхаду з турмы Аўтуховіч сустрэўся з тымі, хто яго туды адпраўляў.

«Як я выйшаў на волю, дык чыноўнікі з падатковай інспэкцыі, якія фігуравалі ў маёй крымінальнай справе, папрасілі сабе ахову ды ходзяць цяпер у суправаджэньні „моцных хлопцаў“. Вось як баяцца, што выведу іх на чыстую ваду!

І на што траціць грошы дзяржава, замест таго каб разабрацца з фактамі, пра якія ў нас усім вядома? Мяркую, дзяржава павінна падтрымліваць тых, хто змагаецца з карупцыяй, а не наадварот», — расказваў Мікалай Аўтуховіч.

З 15 таксовак засталася адна працоўная

Пасьля вызваленьня Аўтуховіч узяўся аднаўляць бізнэс. Ад некалі шыкоўнай фірмы з 15 белых мэрсэдэсаў у ягонай жонкі ва ўласнасьці засталася адна машына, на якой можна было ехаць адразу, а другая ржавела пад плотам.

Менш як праз год у адноўленай фірме працавалі ўжо 7 таксовак.

«Я сам закасаў рукавы, бо мне ж не было нават з чаго заплаціць майстрам. Калі і быў у мяне памочнік, то я ведаў, што зараз назьбіраем мэталалому, здамо, і за месяц яму хопіць заплаціць», — успамінаў Мікалай.

Шанаваў беларускую мову, выступаў за нацыянальныя каштоўнасьці

Пасьля вызваленьня Аўтуховіч праходзіў мэдычнае абсьледаваньне. Цешыўся, што ў шпіталі многія дактары размаўлялі зь ім па-беларуску.

Ён выступаў за нацыянальныя каштоўнасьці, ганарыўся сваім горадам, яго гісторыяй, шанаваў беларускую мову:

«Мы зноў намалявалі герб Ваўкавыску гістарычны, каб людзі бачылі і ведалі. Крыху зьмянілі надпісы: „Ваўкавыск“ — напісалі на роднай мове, і назву фірмы таксама па-беларуску — „Ніка“, усе рэквізыты па-беларуску. А яшчэ ёсьць шмат пустога месца, то плянуем пісаць імёны вядомых беларусаў, пачынаючы з часоў Вялікага Княства Літоўскага», — казаў прадпрымальнік.

Бізнэс зноў «душылі»

Весьці далей свой бізнэс прадпрымальніку не далі. Шматлікія праверкі чапляліся то да пляфонаў на аўтамабілях, то да мэдычных даведак кіроўцаў, то да працоўнага графіку.

«Мне прасьцей закрыцца, чым працаваць. Я казаў транспартнай інспэкцыі: калі вы такія разумныя, то плаціце самі падаткі Лукашэнку, а мне лепей закрыць гэтую фірму і не працаваць на гэтыя неймаверныя штрафы, бо грошай і так не застаецца. Гэта ўжо папросту нейкая агонія», — казаў прадпрымальнік у лютым 2015-га.

«Мяне пасадзілі ні за што, адабралі маёмасьць ні за што»

У турме Аўтуховічу двойчы прапаноўвалі напісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі, аднак ён адмовіўся.

«Я не супрацоўнічаю і не ўваходжу ў змову з тымі, хто мяне пасадзіў, — сказаў Аўтуховіч пасьля вызваленьня. — З 2003 году яны мяне б’юць. Вынікае, адзінаццаці гадоў жыцьця як не было. Мяне пасадзілі ні за што, адабралі маёмасьць ні за што. Чаму? — Такая сыстэма, сыстэма ўлады. Яны ня хочуць самі сядзець у турме, таму туды трэба садзіць тых, хто іх выкрывае. Пачалося ўсё менавіта праз мае выкрыцьці. Мяне спрабавалі прымусіць плаціць ні за што, і я пачаў зьбіраць на іх кампрамат».

«На плошчу выйсьці адзін раз і не сыходзіць зь яе»

Падчас пратэстаў прадпрымальнікаў у 2016 годзе ён сказаў Свабодзе, што лічыць: трэба «на плошчу выйсьці адзін раз і не сыходзіць зь яе». Займаўся стварэньнем агульнабеларускага прафсаюзу індывідуальных прадпрымальнікаў «Салідарнасьць». Прапаноўваў ідэю стварэньня структуры, якая займалася б абаронай вязьняў.

У 2018 годзе Мікалай Аўтуховіч абмежаваў кантакты і не раскрываў месца свайго знаходжаньня. Казаў, што гэта выклікана спробамі правакацый улады супраць яго.

У траўні 2019 году Мікалай Аўтуховіч у фэйсбуку зьмясьціў зварот да Аляксандра Лукашэнкі, у якім заклікаў яго ў месячны тэрмін прызнаць свае памылкі і сысьці з пасады.

«Я адзін з многіх грамадзян Беларусі, якога гэты рэжым незаконна пазбавіў уласнасьці і свабоды. Я той чалавек, які не зьмірыўся з свавольствам і злачынствамі ўлады», — пісаў у звароце Аўтуховіч.

Апошнія гады перад затрыманьнем напрыканцы 2020 году Аўтуховіч хаваўся, зьмяніў зьнешнасьць, адгадаваў бараду.

Маці Мікалая Аўтуховіча жыве ў Ваўкавыску. У яго ёсьць жонка Алена. Дачка Кацярына разам з малым сынам жыве за мяжой.

Галоўнае пра «справу Аўтуховіча»

Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня 2020 году. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.

Спачатку Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў. Некаторым з абвінавачаных інкрымінавалі частку 3 гэтага ж артыкулу, паводле якой пагражала сьмяротнае пакараньне.

Частка 3 артыкулу 289 прадугледзваецца, калі акты тэрарызму «учыненыя арганізаванай групай, або з прымяненьнем аб’ектаў выкарыстаньня атамнай энэргіі, або з выкарыстаньнем радыяактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксычных хімічных або біялягічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека».

Разгляд «справы Аўтуховіча» цягнуўся 5 месяцаў. Працэс праходзіў у горадзенскай турме.

Падчас працэсу падсудныя неаднаразова заяўлялі пра ціск і катаваньні з боку сілавікоў і адміністрацыі турмы. Сярод іншага фігуранты заяўлялі, што справа супраць іх сфабрыкаваная.

Працэс вёў судзьдзя Максім Філатаў, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Ён вядомы тым, што асудзіў на 5 год зьняволеньня актывіста зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які пазьней пры нявысьветленых абставінах загінуў у шклоўскай калёніі.

17 кастрычніка 2022 году Філатаў вынес выракі:

  • Мікалаю Аўтуховічу — 25 гадоў зьняволеньня (першыя 5 гадоў у турме, 20 гадоў — у калёніі строгага рэжыму), штраф 1000 базавых велічынь і пазбаўленьне званьня прапаршчыка ў адстаўцы.
  • Уладзімеру Гундару — 18 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Паўлу Саву — 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Вользе Маёравай — 20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Віктару Сьнегуру — 19 гадоў калёніі строгага рэжыму.
  • Галіне Дзербыш —20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Любові Разановіч — 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Сяргею Разановічу — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Павал Разановіч — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Ірыне Мельхер — 17 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Ірыне Гарачкінай — 6 год і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму.
  • Антону Мельхеру — 2,5 гады калёніі агульнага рэжыму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG