Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Большасьць з тых, каго прынялі, маюць вышэйшую адукацыю». Размова пра беларусістыку ў Познані


Унівэрсытэт імя Адама Міцкевіча ў Познані, галоўны будынак
Унівэрсытэт імя Адама Міцкевіча ў Познані, галоўны будынак

Ва Ўнівэрсытэце імя Адама Міцкевіча ў Познані ў Польшчы ўжо другі год прымаюць студэнтаў на спэцыяльнасьць «беларуская філялёгія». Нядаўна закончыўся першы сёлетні набор новых навучэнцаў.

З гэтай нагоды Свабода паразмаўляла з доктарам Аляксандрам Распаповым, славістам, літаратуразнаўцам і перакладнікам, навуковым супрацоўнікам Інстытуту ўсходнеславянскіх філялёгіяў ва Ўнівэрсытэце імя Адама Міцкевіча ў Познані.

— Якія прычыны таго, што ў 2021 годзе ў Познаньскім унівэрсытэце вырашылі адкрыць спэцыяльнасьць «беларуская філялёгія»?

Аляксандар Распапоў, супрацоўнік Інстытуту ўсходнеславянскіх філялёгіяў, Унівэрсытэт імя Адама Міцкевіча ў Познані
Аляксандар Распапоў, супрацоўнік Інстытуту ўсходнеславянскіх філялёгіяў, Унівэрсытэт імя Адама Міцкевіча ў Познані

— Прэлюдыяй да запуску беларускай філялёгіі ў Познані была важная для нас канфэрэнцыя «Ад Слуцкага збройнага чыну да беларускай рэвалюцыі (1920–2020). Дыскурс супраціву». Яна адбылася 9 сакавіка 2021 году. У гэтай канфэрэнцыі ўзялі ўдзел як польскія і беларускія творцы, у тым ліку Дзьмітры Строцаў і Андрэй Хадановіч, так і дасьледнікі з усяго сьвету: Аляксандар Фядута, Алена Гапава з ЗША, Тацяна Астроўская зь Нямеччыны, Ніна Стужынская, Сяргей Кавалёў. Цяпер разам з прафэсарам Андрэем Масквіным з Варшаўскага ўнівэрсытэту мы падрыхтавалі кнігу пад эгідай Польскай акадэміі навук на аснове матэрыялаў гэтай канфэрэнцыі і спадзяемся, што кніга зьявіцца да канца гэтага году.

Упершыню прыём студэнтаў на беларускую філялёгію ў Познані адбыўся ў 2021 годзе, але плян адкрыцьця трэцяй усходнеславянскай філялёгіі ва ўнівэрсытэце, беларускай побач з расейскай і ўкраінскай, паўстаў значна раней. Падзеі 2020 году значна паскорылі працу над гэтай канцэпцыяй. Спачатку наш інстытут называўся Інстытутам расейскай філялёгіі. Пасьля назву зьмянілі на Інстытут расейскай і ўкраінскай філялёгіяў. Два месяцы таму яго перайменавалі ў Інстытут усходнеславянскіх філялёгій. У гэтым інстытуце функцыянуе беларуская працоўня. На жаль, яна яшчэ не аформілася ў катэдру. Але тым ня менш беларуская філялёгія стала самастойнай дысцыплінай ва Ўнівэрсытэце імя Адама Міцкевіча. Мы спадзяемся, што з часам зьявіцца і наш навуковы часопіс Studia Albaruthenica Posnaniensia, побач са Studia Rossica Posnaniensia i Studia Ucrainica Posnaniensia.

— Колькі студэнтаў вы прымаеце на беларускую філялёгію?

— Сёлета мы прынялі 19 чалавек. Ліміт у нас — 25 чалавек. Летась у першым наборы мы прынялі 15 чалавек, а ў другім наборы — яшчэ 16. Але тут ёсьць адзін нюанс — студэнты пры першым наборы наагул запісваюцца на некалькі спэцыяльнасьцяў, потым выбіраюць нейкую адну. Таму на беларускай спэцыяльнасьці, якая часта бывае спэцыяльнасьцю ня першага выбару, застаецца прыблізна палова з тых, каго запісалі летам.

— Хто гэтыя студэнты ў вас — палякі? Ці, можа, «сьвежыя» эмігранты зь Беларусі?

— Гэта палякі. Сёлета ў нас не было ніводнага эмігранта. Цікава, што большасьць з тых, каго прынялі, маюць вышэйшую адукацыю. Беларуская філялёгія для іх — гэта другая ці нават трэцяя спэцыяльнасьць. Часьцей за ўсё яе выбіраюць русісты і ўкраіністы — гэта, відаць, тлумачыцца тым, што яны хочуць стаць, так сказаць, паўнавартаснымі ўсходнеславістамі.

— Яшчэ такое пытаньне: ці прыходзяць да вас студэнты, якія ня тое што раней не мелі дачыненьня да беларускай мовы, але і не вывучалі кірылічнай азбукі?

— З таго, што мне вядома, была адна такая асоба… Але з другога боку да нас прыходзяць ад’юнкты зь іншых унівэрсытэтаў, якія адмыслова прыяжджаюць зь іншых гарадоў, каб удзельнічаць у занятках.

— Колькі чалавек працуе на штаце ў беларускай працоўні?

— Касьцяк спэцыяльнасьці складаюць чатыры асобы. Беларусістаў няшмат, але гэта вельмі добрыя спэцыялісты, людзі на ўзроўні прафэсараў і ад’юнктаў. У сваёй большасьці яны зь Беларусі.

— А вы самі маеце заняткі ў беларусістыцы?

— На жаль, у мяне яшчэ не было такой магчымасьці, таму што я займаюся сучаснай беларускай літаратурай. Пакуль што студэнты беларускай філялёгіі ў нас прайшлі курс літаратуры барока, а ў наступным сэмэстры будуць вывучаць літаратуру XVIII I XIX стагодзьдзяў. Таму я ўсё чакаю і не магу дачакацца (сьмяецца)…

— Чаму вучаць студэнтаў на вашай беларусістыцы? Як разумею, ёсьць моўныя заняткі. А што яшчэ?

— Перад усім гэта гісторыя Беларусі. Таксама граматыка сучаснай беларускай мовы, дыялекталёгія, гісторыя беларускай літаратуры і, канешне, заняткі з перакладу. На гэтыя заняткі мы таксама робім акцэнт…

— Маюцца на ўвазе пераклады нейкіх мастацкіх тэкстаў ці тэкстаў, так сказаць, зьвязаных са штодзённым жыцьцём?

— Перакладам мастацкіх тэкстаў студэнты займуцца на пазьнейшым этапе. А пачынаюць зь пісьмовага перакладу звычайных тэкстаў, якія датычаць абставінаў жыцьця, вядзеньня бізнэс-карэспандэнцыі і таму падобнага. Гэта пераклад розных ужытковых тэкстаў. І таксама вусны пераклад: сынхронны ў кабінах і пасьлядоўны, з нататкамі…

— Ці маеце нейкія кантакты на афіцыйным узроўні з навукоўцамі або выкладчыкамі зь Беларусі?

— Гэта балючае пытаньне. Афіцыйна існуе забарона на супрацоўніцтва зь беларускімі ВНУ і з навукоўцамі, якія прыпісаныя да гэтых ВНУ. Гэта значыць, што яны ня могуць удзельнічаць у канфэрэнцыях, якія мы ладзім, у нашых праектах, у грантах, яны таксама ня могуць публікаваць свае дасьледаваньні і працы ў польскіх навуковых часопісах. Гэта дзейнічае і ў другі бок. Польскія дасьледнікі ня могуць езьдзіць у Беларусь ці ўдзельнічаць у навуковых ініцыятывах, якія ўзьнікаюць там. Таму мы ў асноўным кантактуем зь беларускімі навукоўцамі, якія працуюць у Варшаве, Любліне ці Кракаве, і з тымі на Захадзе.

  • Беларусістыка на ўнівэрсытэцкім узроўні за межамі Беларусі ў сучасны момант існуе толькі ў Познані і Варшаве ў Польшчы. У Познаньскім унівэрсытэце функцыянуе працоўня беларускай філялёгіі (працоўня — найніжэйшая арганізацыйная адзінка ў польскай сыстэме вышэйшай адукацыі), у Варшаўскім унівэрсытэце беларуская спэцыяльнасьць аформленая ў катэдру. Катэдра беларусістыкі ў Варшаўскім унівэрсытэце існуе бесьперапынна з 1956 году. Цяпер на ёй працуюць восем чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG