Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускія спэцслужбы спрацавалі прыгожа». Як прапагандысты падставілі Лукашэнку з пасадкай самалёта Ryanair, а цяпер апраўдваюцца


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На мінулым тыдні Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі (ICAO) прызнала беларускія ўлады вінаватымі ў прымусовай пасадцы самалёта Ryanair з блогерам Раманам Пратасевічам на борце 23 траўня 2021 году.

У выніку таго інцыдэнту зь Беларусі ў Эўропу і наадварот перасталі лётаць самалёты, а Эўразьвяз узмацніў санкцыі супраць беларускіх уладаў.

Беларускі бок настойвае на тым, што садзіць самалёт была неабходна, бо існавала пагроза, што борце выбухоўка, а таксама абвяргае, што мэтай пасадкі быў арышт Рамана Пратасевіча.

Што пісалі дзяржаўныя прапагандысты ў той самы дзень, калі рэйс Атэны — Вільня прызямліўся ў Менску, і як зьмяніліся іхныя погляды потым.

Людміла Гладкая (журналістка «Советской Белоруссии»)

У дзень пасадкі

«Я разумею, што мозг змагароў меншы за напарстак. Таму дапамагу ім. Беларускія спэцслужбы спрацавалі прыгожа і выключна ў прававым полі. Менск не зрабіў нічога з таго, што на нашым месцы не зрабіў бы, напрыклад, Вашынгтон» (23 траўня 2021).

Потым

«ICAO зганьбілася па поўнай. Доказаў удзелу беларускіх уладаў, якія нібыта „прымусілі“ сесьці самалёт, натуральна, у ICAO няма і не прадбачыцца. Дык на якой падставе зробленыя гучныя і нахабныя заявы?» (20 ліпеня 2022).

Аляксей Дзермант (прарасейскі блогер, філёзаф)

У дзень пасадкі

«Беларускія спэцслужбы другі раз за ўсяго за месяц становяцца ключавымі ньюсмэйкерамі. Раскрыцьцё змовы з мэтай дзяржперавароту, цяпер вось затрыманьне тэрарыста Пратасевіча. Працуюць творча і з працягам найлепшых савецкіх традыцый. І гэта радуе, ніхто не ўцячэ ад заслужанага пакараньня. Пуціла, Матолька, Балкунец — ёсьць яшчэ над чым працаваць» (23 траўня 2021).

Потым

«Асноўнай вэрсіяй інцыдэнту з самалётам становіцца заходняя правакацыя з мэтай дыскрэдытацыі Беларусі і стварэньня нагоды для ўвядзеньня новых санкцый. На Захадзе па ўсіх франтах падымаюць стаўкі перад сустрэчай Пуціна і Байдэна (...). Не было б самалёта, было б нешта іншае. Там проста ствараюць і шукаюць нагоды для таго, каб і далей ціснуць на Расею і Беларусь разам і паасобку. Штучна нагнятаюць напружанасьць і наўмысна ствараюць міжнародныя крызісы» (6 чэрвеня 2021).

Аляксандар Шпакоўскі (палітычны аналітык)

У дзень пасадкі

«Сэрыя пасьлядоўных дзеяньняў беларускіх спэцслужбаў. 1) Выступ старшыні КДБ Івана Тэртэля на Ўсебеларускім сходзе з папярэджаньнем аб тым, што „фашыстаў і здраднікаў Радзімы“ будуць знаходзіць і прыцягваць да адказнасьці нават празь дзесяцігодзьдзі незалежна ад таго, дзе і ў якім статусе яны хаваюцца ад правасудзьдзя. [...] 5) Апэрацыя па вывадзе на тэрыторыю Беларусі і затрыманьні каардынатара блогу NEXTA Рамана Пратасевіча» (23 траўня 2021).

Потым

«Інцыдэнт зь Беларусьсю штучна палітызавалі. Гэта падштурхоўвае да думкі аб зрэжысаванай правакацыі. Загадзя нарыхтаваныя шаблённыя заявы падводзяць да канкрэтных высноваў» (31 траўня 2021).

Алег Гайдукевіч (дэпутат Палаты прадстаўнікоў)

У дзень пасадкі

«Затрыманы заснавальнік экстрэмісцкага каналу Nexta Пратасевіч! Добра спрацавалі спэцслужбы... Латушку і іншых можна было затрымаць і на тэрыторыі іншых дзяржаў і прывозіць сюды, у багажніку, напрыклад, і адразу ў СІЗА! Так дзейнічае і ЗША і Ізраіль і нам можна» (23 траўня 2021, пазьней гэты допіс выдаліў з фэйсбуку).

Потым

«Падвойныя, патройныя стандарты. Не пасьпеў самалёт прызямліцца, як усе ўжо пісалі на захадзе пра жахлівую рэакцыю. Рэакцыя чаканая, заходнія партнэры чакаюць, каб мы зрабілі выбар, які яны хочуць». (31 траўня 2021).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG