Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы і ўкраінцы паставілі крыж на магілу Барыса Кіта ў Вісбадэне. ФОТА


Леанід Сьмірноў, Дзьмітры Піменаў, Янка Дзяшук ля магілы Барыса Кіта і Тамары Казевіч. Вісбадэн, 27 ліпеня 2022
Леанід Сьмірноў, Дзьмітры Піменаў, Янка Дзяшук ля магілы Барыса Кіта і Тамары Казевіч. Вісбадэн, 27 ліпеня 2022

Новы крыж на магілу Барыса Кіта, зроблены землякамі, даставілі праз Польшчу ў Нямеччыну. 27 ліпеня яго паставілі на магіле прадстаўнікі беларускай і ўкраінскай эміграцыі ў Нямеччыне і Бэльгіі.

На могілках праваслаўнай царквы Сьвятой Елізаветы ў нямецкім горадзе Вісбадэне паставілі крыж на магілу беларускага навукоўца Барыса Кіта, які памёр у 2018 годзе. Ім замянілі драўляны крыж, які стаяў з пахаваньня Барыса Кіта. Каваны мэталічны крыж на ўзор Крыжа сьвятой Эўфрасіньні вырабіў мастак Юрась Фурс з Пастаўшчыны, чыіх, рэпрэсаваных пазьней, бацькоў Барыс Кіт вучыў калісьці ў пастаўскай сэмінарыі.

Такі самы крыж раней паставілі ля Карэлічаў у памяць маці Барыса Кіта Ксеніі Зуравай. Яе месца пахаваньня не зьбераглося, таму гэтае месца стала яе сымбалічнай магілай.

Арганізаваў перадачу крыжа зь Беларусі сябра Барыса Кіта Андрэй Майсяёнак, паставілі яго беларускія актывісты з Бэльгіі Янка Дзяшук, Дзьмітры Піменаў, Аляксей Радчанка і прадстаўнік украінскай дыяспары ў Вісбадэне Леанід Сьмірноў.

Побач з Барысам Кітом у 2018 годзе пахавалі і ягоную жонку Тамару Казевіч. Магілы Барыса Кіта і Тамары Казевіч раней упарадкавалі за кошт дачкі Тамары Казевіч Ірэны і ўнука Аляксандра. Яны ж паставілі каменны помнік Тамары.

Крыж на магіле Барыса Кіта ў Вісбадэне.
Крыж на магіле Барыса Кіта ў Вісбадэне.

Барыс Уладзімеравіч Кіт (06.04.1910–01.02.2018) быў беларускім настаўнікам і асьветнікам у міжваеннай Польшчы, а таксама падчас савецкай і нямецкай акупацыяў Заходняй Беларусі, рэалізаваў сябе як амэрыканскі навуковец і прафэсар, зрабіў свой унёсак у касьмічную праграму ЗША, стаў актыўным сябрам Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі. Ён быў шчырым патрыётам Беларусі і Злучаных Штатаў, марыў пра дэмакратычную і эканамічна расквітнелую Бацькаўшчыну.

Барыс Кіт нарадзіўся ў 1910 годзе ў Санкт-Пецярбургу. Бачыў Лютаўскую рэвалюцыю. Пасьля кастрычніцкага перавароту ягоны бацька, ратуючыся, перавёз сям’ю ў вёску Агароднікі Карэліцкага раёну. Барыс Кіт скончыў Віленскі ўнівэрсытэт імя Стэфана Баторыя, выкладаў матэматыку і быў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, пазьней Наваградзкай гімназіі.

За беларускую дзейнасьць перасьледаваўся ўладамі Польшчы, СССР, нацысцкай Нямеччыны. У 38 гадоў эміграваў у ЗША. Працаваў у розных кампаніях, удзельнічаў у амэрыканскіх праектах падрыхтоўкі да палётаў у космас, дасьледаваў касьмічныя праграмы СССР. Прафэсар, доктар філязофіі ў галіне матэматыкі, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, шмат якіх іншых міжнародных і нацыянальных акадэмій і абʼяднаньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG