Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы, беларусы, дурні, бо дагэтуль у нас няма нацыянальна-вызвольнага войска», — Пракоп’еў пра Ціханоўскую, Вячорку і прэм’ера


Вадзім Пракоп'еў
Вадзім Пракоп'еў

Грамадзкі дзяяч, былы бізнэсовец, памочнік камандзіра палку «Пагоня» Вадзім Пракоп’еў расказаў пра сваё бачаньне вызваленьня Беларусі, патлумачыў, чаму ён публічна крытыкуе офіс Сьвятланы Ціханоўскай, што адбываецца з палком «Пагоня» і пра што гаварыў на форуме прыхільнікаў дэкалянізацыі Расеі.

Глядзець размову на відэа цалкам

Сьцісла

  • І я лічу, што мы, беларусы, дурні, бо да гэтага моманту ў нас няма нацыянальна-вызвольнага войска. Мы ідыёты, таму што акно магчымасьцей можа адчыніцца заўтра, праз тры месяцы, гэта можа адбыцца дастаткова хутка.
  • На гэты момант у нас ужо магла быць групоўка 5 тысяч чалавек, што сапраўды было б палітычным фактарам. А так некалькі соцень беларускіх, вельмі залатых, сьмелых хлопцаў проста будуць раззброеныя ўкраінскім бокам.
  • Дэ-факта ў нас ёсьць прэм’ер-міністар. Гэта Франак Вячорка. Пры ім мы апынуліся ў пункце, у якім апынуліся. Усе рычагі кіраваньня былі ў яго. Што з гэтым рабіць? Адправіць амбасадарам у Манголію.
  • Я пакінуў іх два гады таму. Я ніколі не лічыў іх агентамі КДБ, я лічыў іх людзьмі, якія выйшлі з мэдыя. І яны пабудавалі мэдыяштаб. Я вырашыў, што пайду сваёй дарогай.
  • Мы маем справу з адсутнасьцю публічнай палітыкі на працягу апошніх 30 гадоў і з адсутнасьцю культуры вырашаць такія спрэчкі. Гэта вельмі дрэнна для грамадзтва. Я супраць хамства. Я супраць таго, каб Ціханоўскай прысылалі талерку катлетаў.

«Гаварыў на форуме пра шанец стварыць „армію Андэрса“ паводле аналёгіі з Другой сусьветнай вайны»

— Вадзім, у мяне да вас шмат пытаньняў, а пачаць я хацела з форуму Свабодных народаў Расеі, на якім сабраліся ў Празе прыхільнікі дэкалянізацыі Расеі. Вы ў ім удзельнічаеце. У якім статусе, пра што гаварылі на форуме?

— Мой статус, як заўсёды, — паяц, эксцэнтрык, жуір, шоўмэн. Каго яшчэ на форумы зваць, асабліва з такой назвай? Відавочна, што парадак дня форуму выцякае зь ягонай назвы. Для мяне было зручна і лягістычна, бо я забіраю з Прагі ўжываную мэдычную машыну, якая служыла ў Аўстрыі, і павязу яе ва Ўкраіну. Таму форум вельмі ўдала ўпісаўся ў мой распарадак.

У сваім выступе я казаў пра галоўнае, пра практычныя рэчы, пра нацыянальна-вызвольнае войска Беларусі, пра шанец стварыць «армію Андэрса» паводле аналёгіі з Другой сусьветнай вайны. Шанец гэты мы ўпускаем, і гэта проста крымінальна. Я гаварыў пра тое, што можа быць толькі сумесная дзейная стратэгія па фактычнай дэкалянізацыі Расеі. І я гаварыў пра тое, што нам патрэбныя як хаўрусьнікі Татарстан, Калмыкія, Башкартастан і Чачня. Даўно час выходзіць са свайго гермэтычнага беларускага дыскурсу і разважаць пра тое, як гэта ўсё скончыцца.

У сувязі з вайной падзеі рэзка перафарматаваліся, я б сказаў, паскорыліся. Пра тое, што развал імпэрыі непазьбежны, кажуць усе аналітыкі і ўсе гісторыкі. Высновы адназначныя, што цяпер з украінскай вайной яна мае шанец разваліцца хутчэй. Гэтая трагічная вайна — каталізатар працэсаў.

«У нас не атрымалася дамагчыся такіх умоваў, як у палку Каліноўскага»

— Я разумею вашу іронію наконт паяца. Давайце пагаворым пра полк «Пагоня», аб’яднаньне беларусаў, якія ваююць у розных частках узброеных сіл Украіны. Якая самая апошняя інфармацыя пра «Пагоню», колькасьць вайскоўцаў, пэрспэктывы, вашу ролю цяпер?

— Памерам мы яшчэ далёка ня полк, хоць і вырасьлі ўтрая ад заснаваньня. Тэмпамі я надзвычай незадаволены. Ня буду называць колькасьць людзей, якія служаць у нас...У нас не атрымалася дамагчыся такіх умоваў, як у палку Каліноўскага. Мы не зьяўляемся адной вайсковай часткай, падразьдзяленьнем, якое знаходзіцца ў адным месцы. Можна сказаць, што полк «Пагоня» — гэта аб’ядноўчы брэнд розных падразьдзяленьняў, якія служаць у розных месцах Узброеных сілаў Украіны.

Нашы мэдыкі і пехацінцы былі на перадавой на мінулым тыдні. Усе выжылі. Ня ўсе выжылі ў іх падразьдзяленьні — амэрыканцы і швэды загінулі. У нас абышлося бяз стратаў. У нас ёсьць людзі ў спэцназе, ёсьць афіцэры, ёсьць аналітычны аддзел. Я яго абазначыў як кібэрпадразьдзяленьне. Гэта тычыцца вайны XXI стагодзьдзя, вельмі добрае пачынаньне. На жаль, нам не хапае рэсурсаў яго ўтрымліваць. Я гэтыя рэсурсы прасіў у штаба (Офіса Сьвятланы Ціханоўскай — РС), пакуль безвынікова. У аналітычным аддзеле ў нас ёсьць першы досьвед супрацы з каліноўцамі. Гэта фактычна сумесны праект зь імі.

«Мая пазыцыя — пра полк Каліноўскага не гаварыць нічога з таго, што ведаю»

— Я нядаўна рабіла інтэрвію зь беларускім доктарам Станіславам Салаўём, які працуе ў Адэсе, і ён казаў, што канфлікт паміж беларускімі добраахвотнікамі ва Ўкраіне падкасіў яго больш, чым зьверствы ГУБАЗіКа. Спрэчкі, канфлікты паміж беларусамі, якія ваююць ва Ўкраіне, якія часта выходзяць у публічную прастору і становяцца шмат для каго моцным расчараваньнем. Якая ваша пазыцыя — канфлікты павінны быць агучаныя, вырашацца ўнутры, гэта хвароба росту?

— Я разумею ягоны боль. Гэта не хвароба росту. Слушна абмяркоўваць неадкладна ўсё, што ня тычыцца вайсковай таямніцы. Мастацтва вайны, як мы па-даросламу разумеем, гэта і мастацтва хлусьні. І дэзынфармацыя праціўніка ўваходзіць у арсэнал баявых ваенных дзеяньняў. У дадзеным выпадку публічнасьць — гэта выратаваньне ад будучых непрыемнасьцяў.

Мая пазыцыя — пра полк Каліноўскага не гаварыць нічога з таго, што ведаю. А я ведаю шмат. З байцамі палку мы дакладна бачым сьвет аднолькава. Я быў у чаце палку Каліноўскага, бачу розныя меркаваньні на расейскай і беларускай мове. Я разумею, што мы дыхаем аднолькава. З камандаваньнем палку нашы погляды разышліся на самым пачатку, яшчэ пры канцы лютага — на пачатку сакавіка.

Цяпер ёсьць сумесны аналітычны праект кібэрпадразьдзяленьня. Гэта аснова для нейкага аб’яднаньня. Сумна і шкада, што мы ня разам, што мы не адно вялікае падразьдзяленьне. Сумна тое, што ў нашых падразьдзяленьняў, што Каліноўскага, што «Пагоні», праглядаецца адзін лёс. І гэты лёс ніяк не прыводзіць нас да пункту, дзеля якога я ва Ўкраіну і паехаў. Гэта нацыянальна-вызвольнае войска, якое ўзначальваюць афіцэры, якое пабудавана паводле прынцыпу арміі Андэрса і якое зьяўляецца істотным фактарам нашай перамогі. Я зьдзіўлены, што людзі гэта мала разумеюць. Напэўна, гэтай дыскусіі не хапае сярод беларусаў.

«І мы, як заўсёды, праспалі акно магчымасьцей»

— Вы шмат разоў і даўно ўжо гаворыце пра стварэньне такога вызвольнага войска, якое пасьля таго, як завершыцца вайна ва Ўкраіне, будзе вызваляць Беларусь. Наколькі рэалістычнай вам падаецца такая пэрспэктыва?

— Я вас папраўлю. Падчас вайны ва Ўкраіне, а не пасьля таго, як яна скончыцца. Падаецца абсалютна рэалістычным... Я лічу, што Пуцін пралічыўся, што ўвесь гэты «парад у Кіеве» і «Януковіч у Менску» сьведчаць пра тое, што была адна стратэгія. Далей Пуцін спрабаваў апярэдзіць пастаўкі заходняга цяжкага ўзбраеньня і кінуў у бой усе свае падразьдзяленьні. Яны далёка не пасунуліся, хоць страты калясальныя з абодвух бакоў. Я думаю, што HIMARS разбураюць цяпер лягістыку забесьпячэньня перадавых частак расейска-фашысцкіх войскаў.

І я лічу, што мы, беларусы, дурні, бо да гэтага моманту ў нас няма нацыянальна-вызвольнага войска. Мы ідыёты, таму што акно магчымасьцей можа адкрыцца заўтра, можа праз тры месяцы, гэта можа адбыцца дастаткова хутка. Што з мабілізацыяй адбываецца ў Расеі? Нічога. Пуцінскі «кухар» Прыгожын пайшоў па турмах зьбіраць салдат у ПВК Вагнэра. Папаўненьне складае крымінальны элемэнт. Гэта ўсё для мяне крычыць пра адсутнасьць стратэгіі. Да таго ж дастаткова навінаў у нас пра рыхтаваны контранаступ. Я лічу, што Херсон будзе вызвалены. І мы, беларусы, як заўсёды, праспалі акно магчымасьцей.

— І які ваш адказ — чаму?

— Таму што ў нас няма лідэрства. Я пра гэта дакладна сказаў у Бэрліне (на 2-м форуме дэмакратычных сілаў — РС). Я лічыў, і я памыляўся, што дастаткова, калі некалькі пасіянарных людзей, афіцэраў, зьявяцца ва Ўкраіне, скарыстаюцца заканадаўствам па інтэрнацыянальным легіёне, пададуць адтуль сыгнал, і беларусы скажуць: «Госпадзе, дык гэта шанец, якога мы ніколі не маглі дасягнуць».

На гэты момант у нас ужо магла быць групоўка 5 тысяч чалавек, што сапраўды было б палітычным фактарам. А так некалькі соцень беларускіх, вельмі залатых, сьмелых хлопцаў проста будуць раззброеныя ўкраінскім бокам. Будуць страты, будуць параненыя. Ёсьць страты, ёсьць параненыя. А мы — маленькая нацыя, нам кожны такі беларус патрэбны ў шыхце.

У нас ёсьць задача, якая магла быць украінскай стратэгічнай задачай. Я лічу, што зьмена рэжыму ў Менску і абарона потым ад пуцінскага рэваншу — гэта і ёсьць потым стратэгічная задача Ўкраіны. Некаторыя ўкраінскія галасы пра гэта гавораць, але там няма кансэнсусу наконт гэтага. Чаму? Я магу зразумець украінцаў. Ім, замест таго каб успрыняць ідэю нацыянальнага вызвольнага войска ўмоўнага Андэрса, трэба ратаваць цяпер жыцьці.

Я не дзіўлюся, калі цяпер яны «гуляюць у покер» з Лукашэнкам. Гэта сумна, і гэта ў тым ліку і наша бяда, наша ўпушчэньне. Калі наш галоўны лідэр Сьвятлана не сустракаецца зь Зяленскім, калі ў яе няма кабінэту, няма ўраду, калі няма міністра абароны, няма вайсковага міністра, то якім чынам мы пралабіруем ідэю нацыянальна-вызвольнага войска? Ніяк.

Я думаў і памыляўся, што можна пагаварыць з хаўрусьнікамі, напрыклад зь Вялікай Брытаніяй і з Польшчай. Але для іх дзікая ідэя нейкага ўзброенага фармаваньня, якое фармуецца ў такія грозныя літары, як нацыянальна-вызвольнае войска, якое не падпарадкаванае ўраду, ня мае ланцужка легітымнасьці. Яны не дазволяць нам гэта зрабіць. Пра гэта трэба крычаць.

Я лічу, што Сьвятлану Ціханоўскую абавязкова трэба захаваць. Павінна быць ідэя, можа мая, можа і не мая, якім чынам пакінуць яе легітымнасьць, яе міжнародны імідж як наш супэррэсурс і пры гэтым усё ж сфармаваць орган улады, які адпавядае нашаму ваеннаму часу і пастаўленым задачам. У офісе Сьвятланы Ціханоўскай няма ніводнага вайскоўца і ніводнага бізнэсоўца. Ці можа такая канструкцыя дзейнічаць ва ўмовах, калі ўвесь рэгіён перафарматуецца? Вайна цалкам мяняе ўвесь расклад.

— Напэўна, вы можаце падыскутаваць пра гэта з офісам Сьвятланы Ціханоўскай.

— Я гэта і зьбіраюся рабіць.

— Апошнія некалькі тыдняў у публічнай прасторы гучыць шмат крытыкі на адрас Сьвятланы Ціханоўскай і яе офісу...

— Няпраўда. На адрас Сьвятланы Ціханоўскай гучыць вельмі мала крытыкі. Гэта яе атачэньне мае звычку абараняцца. Ня вельмі ўмела. «Нібы нешта зьменіцца ад перастаноўкі людзей». Што за абсурд! Натуральна, зьменіцца. Гэта ўсё роўна што сказаць, што нічога не адбудзецца, калі зьмяніць Лукашэнку.

Другая лінія абароны наступная — каб можна было так проста раздаваць легітымнасьць. Гэта маніпуляцыя. Канечне, можна. Прымаеш прысягу, робіш урад, і ў цябе сфармаваны вэртыкальны кабінэт з узброенымі сіламі, з выведкай і контравыведкай. І ўсё атрымліваецца. Дарэчы, адно з карысных знаёмстваў на форуме ў Празе было з Ахметам Закаевым (кіраўнік ураду Чачэнскай рэспублікі Ічкерыя ў выгнаньні — РС), які прапанаваў канкрэтную мэтадычную дапамогу, проста канспэкт, як правільна робяцца ўрады ў выгнаньні.

— Чачэнскаму ўраду ў выгнаньні колькі гадоў ужо?

— Так, яны ня вывелі Кадырава. Гэта вельмі цяжка. Але аб’ядноўвацца і размаўляць трэба менавіта з такімі людзьмі.

«Нам патрэбны наступ»


— Нядаўні форум у Бэрліне, шэраг крытычных заяваў у публічнай прасторы апошні тыдзень. Калі паспрабаваць абстрагавацца і прааналізаваць гэтыя працэсы, то якая іх мэта, каму гэта выгадна?

— Галоўная мэта вельмі простая. Нам патрэбны наступ. Лукашэнкаўскі верны «ахоўнік» Мікалай Карпянкоў аднойчы прынёс з высокай нарады слова, якое дакладна дэманструе стратэгію Лукашэнкі. Карпянкоў сказаў: «Атакаваць трэба». Дык вось трэба наступаць і ставіць праціўніка ў стан цяжкага выбару. Трэба задаваць парадак дня і дзейнічаць актыўна.

І абсалютна дакладна не як мэдыяхолдынг і НДА, а як протаўрад, як людзі, якія бяруць на сябе адказнасьць за выратаваньне нацыі. Дэ-факта ў нас ёсьць прэм’ер-міністар. Гэта Франак Вячорка. Пры ім мы апынуліся ў пункце, у якім апынуліся. Усе рычагі кіраваньня былі ў яго. Пра гэта ведае кожны школьнік. Што з гэтым рабіць? Адправіць амбасадарам у Манголію.

— Я ўважліва слухала ваш выступ у Бэрліне. Як вы мяркуеце, ці будуць сур’ёзныя палітыкі мець справу з чалавекам, які называе амэрыканскага амбасадара найгоршым амбасадарам, з чалавекам, які іранічна адпраўляе Франка Вячорку амбасадарам у Манголію, які дазваляе сабе такую рыторыку?

— У мяне не засталося выбару, як біць у званы. Я калісьці зрабіў выбар, які быў памылковы. Я бачыў пабудову офісу Ціханоўскай. Мяне засмучае, што гэта называецца офісам у ваенныя часы. Ён выглядае як офіс і кіруецца як офіс. Мяне засмучала культура эксклюзіўнасьці, якая там ёсьць, і адсутнасьць наступу. Там ёсьць цудоўныя людзі. Там ёсьць шыкоўны мэдыйны аддзел. Там ёсьць рэсурс, але гэта ўсё мэдыйная каманда. Калі ўважліва паглядзець на дасягненьні міжнароднай палітыкі, то мы зразумеем, што яны нікчэмныя. Якое павінна быць дасягненьне міжнароднай палітыкі? Не ў Лісабон ехаць, а ў Ерэван, і Пашыньяну, герою вулічнай рэвалюцыі, задаваць прамое і непрыемнае пытаньне: «Ці пашле ён сваё войска ў складзе АДКБ на разгон наступных менскіх падзей?». Гэта была б міжнародная палітыка. А ў Лісабоне нам няма чаго пытацца.

— Вы маглі б паспрабаваць прыйсьці ў штаб Ціханоўскай і прапанаваць...

— Не хачу я нікуды ісьці. Я хачу наступу. Мая думка наступная. Мы жывем пры прэм’ерстве Вячоркі. У гэтага прэм’ера цягам дня знаходзіцца час сядзець у чаце, у якім знаходзяцца 500 чалавек. Ці не засмучае гэта ў вайсковы час?

— Дазволю сабе рэмарку. Я толькі вярнулася з Бэрліну, тры дні асьвятляла візыт Ціханоўскай і практычна круглыя суткі была разам зь ёй і яе камандай, бачыла, як яны працуюць. Гэта праца, умоўна, з 9 раніцы да 9 вечара, часам без абеду. Я не была сьведкай чатаў, а была сьведкай вельмі інтэнсіўнага графіку сустрэчаў, якія адбываліся кожныя паўгадзіны ці гадзіну.

— Цудоўна. А вынік, кірунак гэтых сустрэчаў, каэфіцыент карыснага дзеяньня?

«Вакол яе павінен зьявіцца іншы офіс»

— У дадзеным выпадку мы з вамі не дыскутуем. Я журналіст і задаю пытаньні.


— Усё ж дыскутуем. Гэтае пытаньне ўвесь час упускаецца — аб пабудове нашага лідэрскага штабу. Безь легітымнасьці я нікому ня раю праходзіць той шлях, які я прайшоў. Я пакінуў іх два гады таму. Падумаў: Бог зь імі, паводзяць сябе як умеюць. Я ніколі не лічыў іх агентамі КДБ, я лічыў іх людзьмі, якія выйшлі з мэдыя. І яны пабудавалі мэдыяштаб. Я вырашыў, што пайду сваёй дарогай. Раз, два, тры, чатыры — упёрся ў столь, потым яшчэ ўпёрся ў столь.

Пагаварыўшы з нашымі заходнімі хаўрусьнікамі, безь якіх ніякага рэсурсу ня будзе, зразумеў, што бяз гэтай легітымнасьці ніякай арміі ў нас ня будзе. І ніякага прасоўваньня ня будзе. Кола замкнулася, мы зноў прыйшлі ў той пункт, які называецца рэформа нашага лідэрства. Адрозна ад многіх галасоў, якія прапаноўваюць забыць Ціханоўскую, каб яна сышла з дыстанцыі, з лыжні, я так ня думаю. Яе дасягненьні, яе сусьветнае імя, яе сьмелыя крокі павінны застацца рэсурсам. Вакол яе павінен зьявіцца іншы офіс.

— Сваю задачу вы бачыце цяпер у тым, каб зьмяніць атачэньне, каманду Сьвятланы Ціханоўскай?

— Я сваю задачу бачу наступным чынам. З дапамагай свайго голасу разбудзіць дыскусію аб архітэктуры нашага лідэрства падчас вайны. Або гэта ў мяне атрымаецца і беларускае грамадзтва сфармулюе запыт на зьмену, або мэдыяхолдынг Вячоркі (а ў яго рукі як у спрута) задушыць гэта ўсё. Яны зробяць цудоўны «ВНС» у Вільні, цёплую ванну, пасьля чаго выйдуць і скажуць, што ўрэшце наступіў момант рашучых дзеяньняў і ў нас цяпер будзе рух. Без усякай зьмены зьмястоўнай часткі.

Мая задача — прыняць на сябе ўвесь агонь крытыкі, але прымусіць беларускае грамадзтва задумацца, ці слушна мы робім. І, магчыма, наверсе, падкруціўшы, рэфармаваўшы крыху нашу лідэрскую структуру, мы атрымліваем магчымасьці, пра якія можна толькі марыць.

«Я лічу, што мы марна правялі час з амэрыканскім спэцпасланьнікам»

— Вы гаворыце пра публічную крытыку. А непасрэдна перамовы з офісам Ціханоўскай вы ведзяце наконт гэтага?

— Ну канечне. Спыніцеся... Прабачце, я эмацыйна і тэмпэрамэнтна гавару. Я крыху накал прыбяру, бо сапраўды балючая тэма для мяне. Часу мала, і ў дарогу мне літаральна праз паўгадзіны рухацца. А хочацца многа сказаць. Што датычыць Джулі Фішэр. Я сапраўды лічу, што гэта было надзвычай неэфэктыўнае, блізарукае прызначэньне з боку Дзярждэпартамэнту. Я размаўляў зь ёю некалькі разоў.

Памятаю, калі першы раз я Джулі Фішэр паставіў у тупік, і яна адразу зьмяніла тэму. Я спрабаваў спытацца ў яе, да якога тыпу крымінальных аўтарытэтаў вы б аднесьлі Лукашэнку. Разумееце, ёсьць культура злачынных груповак і, безумоўна, Лукашэнка ўяўляе сабой такі архетып лідэрства. Яна абсалютна закрылася, дыскусія далей не пайшла.

Я магу пералічыць шмат рэчаў, пры якіх любая спроба выказаць альтэрнатыўны пункт гледжаньня Злучанымі Штатамі ніяк не падтрымлівалася. І я лічу, што роля асобы, спэцпасланьніка надзвычай вялікая. Я лічу, што мы марна правялі час з амэрыканскім спэцпасланьнікам. Спадзяюся, што Кіпру пашанцуе больш.

Ці прапаноўваў я Ціханоўскай без усялякай публічнасьці нейкія рэчы памяняць? Шмат разоў. Я быў ініцыятарам першага круглага стала апазыцыі. Было вельмі цяжка ўсіх пасадзіць за стол. Ва ўсіх амбіцыі, ва ўсіх характары. Я быў ініцыятарам другога дыялёгу ў студзені 2021 году ў Троках, і вельмі шкадую, што Вячорка настаяў і Латушка мяне папрасіў не рабіць з гэтага вялікі збор.

У студзені 2021 году ў мяне была ідэя (яшчэ Мацкевіч быў на свабодзе) — сабраць усіх аўтарытэтных людзей, якіх толькі магчыма, і дапамагчы Ціханоўскай у яе стратэгіі з дапамогай абмеркаваньня. Мая ідэя была наступная — закрыцца ў Белавескай пушчы з польскага боку і не сыходзіць адтуль, пакуль усе мудрацы, усе неабыякавыя людзі, усе пасіянарыі беларускага грамадзтва не прапануюць Ціханоўскай дапамогу.

Вячорка настаяў, каб гэты быў вузкі міжсабойчык. Пал Палыч мяне папрасіў. Я ў Троках выступіў са сваімі ідэямі. Іх паслухалі, пакруцілі пальцам ля скроні, так мы і разышліся. Я званіў Сьвятлане Ціханоўскай у першы тыдзень вайны з Кіева. Я прапанаваў ёй зрабіць некалькі рэчаў. Па-першае, сказаць, што яна дакладна, безумоўна на баку Ўкраіны, і прызнаць ранейшыя памылкі ў адносінах да ўкраінскай палітыкі. Гэта было б моцным крокам, магчыма, сустрэча зь Зяленскім была б не за гарамі.

Я прапанаваў прызнаць краіну акупаванай, прапанаваў папрасіцца ў Эўразьвяз, падаць заяўку, як і Ўкраіна. А таксама сфармаваць кабінэт, у якім будзе і міністар абароны. Я ўсё гэта надыктаваў проста з Кіева. Сьвятлана мяне ўважліва выслухала. Ні разу не перазваніла.

«Ніякай кансалідацыі, ніякіх аб’яднаных сілаў ніколі не было з 2020 году»


— Калі працягнуць паралелі з тым, што сказаў доктар Салавей, што яго вельмі засмуцілі публічныя сваркі паміж беларускімі добраахвотнікамі. Я бачу цяпер шмат допісаў у сацыяльных сетках людзей, для якіх многа значыла еднасьць 2020 году. І ім вельмі крыўдна і непрыемна глядзець на тое, што адбываецца цяпер. Нехта называе гэта «бульбасрачам», нехта «разборкамі». Крытыка з боку Пазьняка, Цапкалы ды іншых. Гэта адбываецца некалькі тыдняў штодня. І гэтая нэгатыўная інфармацыя мала мае дачыненьня да людзей, якія сядзяць у Беларусі. Калі паглядзець на ўсё гэта з пункту гледжаньня людзей, якія прадэманстравалі еднасьць і салідарнасьць і якія цяпер глядзяць на тое, што адбываецца паміж людзьмі, якія цяпер за мяжой, як на нешта непрыгожае...

— Я катэгарычна ня згодны. «Разборкі» з гэтага робяць людзі з адсутнасьцю выхаваньня. Я згодны з палітолягам Вусавым, што ніякай кансалідацыі, ніякіх аб’яднаных сілаў ніколі не было з 2020 году. Я як сьведка гэтай абсалютнай раскансалідацыі выбіраў тады памаўчаць і не дапамагаць Лукашэнку. І цяпер я ня ведаю, ці слушна я тады зрабіў, што маўчаў. Бо мне было што сказаць зь першага візыту ў Вільню. Але я маўчаў гэтыя два гады.

Я думаю, што мы маем справу з нашым інфантылізмам, мы маем справу з адсутнасьцю публічнай палітыкі на працягу апошніх 30 гадоў. І з адсутнасьцю культуры вырашаць такія спрэчкі. Гэта вельмі дрэнна для грамадзтва. Я супраць хамства. Я супраць таго, каб Ціханоўскай прысылалі талерку катлетаў. Мы памятаем, хто гэта зрабіў. Я катэгарычна супраць. Мала таго, што гэта не джэнтэльмэнскія паводзіны, гэта контрапрадуктыўныя паводзіны.

Але пры гэтым павінна быць размова пра тое, што мы ўпускаем магчымасьці, што мы не зрабілі ніякіх наступальных крокаў, пра тое, што мы перастаўляем ложкі, як у вядомым анэкдоце. ...Мы маўчым і атрымліваем практычна люстраную копію лукашэнкаўскай пабудовы на гэтым баку.

«Прэм’ерам павінен быць вайсковы чалавек»


— Што за прэм’ер, якога ведаюць добра ва Ўкраіне, якога вы прапанавалі Сьвятлане Ціханоўскай, не назваўшы імя? Магчыма, гэта няважна і было толькі дзеля прыгожага слова?

— Я лічу, што ў нас ёсьць некалькі кандыдатаў, якія возьмуць на сябе такую адказнасьць. Мы жывем у ваенныя часы. Магчыма, у Вільні гэта не адчуваецца. Гэта трагічныя часы, але яны ж адкрываюць вокны магчымасьцей. Я лічу, што прэм’ерам павінен быць вайсковы чалавек. У мяне ёсьць адна кандыдатура. Я ня стану пакуль гаварыць. Мне падаецца, што гэты чалавек сам нейкім чынам выйдзе ў публічную прастору і абвесьціць пра сябе. Нам патрэбная дыскусія, і нам патрэбная рэформа нашага галоўнага лідэрства бяз стратаў назапашаных перавагаў.

— Якая ваша роля? Хто за вамі стаіць? Хто вашы хаўрусьнікі? На каго вы абапіраецеся? З кім вы разам выпраўляецеся ў гэтую дарогу?

— Я не прэтэндую ні на якую пасаду ў гэтым протаўрадзе. Я ні ў якім разе не лічу, што зь мяне атрымаецца граматны прэм’ер у ваенны час. Я гатовы дапамагаць. Я гатовы прымаць нейкія прапановы. Мне будзе дастаткова, калі мяне там ня будзе ўвогуле ў гэтай канструкцыі, але канструкцыя будзе дзейнай. Дзейнай, як і павінна быць у дзяржаве, якая губляе кожны дзень свой аўтарытэт. І губляе магчымасьці. Мне падаецца, што вакол мяне, у тым ліку дзякуючы падразьдзяленьню «Пагоня» ва Ўкраіне, зьявілася найцікавейшае кола людзей, якія публічна не вядомыя. Афіцэры. Ім ня ўсё роўна. У іх ёсьць ідэі. Яны не дачакаліся рашучых крокаў ад офісу Сьвятланы. Яны ў стане дапамагчы і прапанаваць дзейсную стратэгію. Яны ня будуць працаваць зь Вячоркам.

— Дзе вы фізычна будзеце знаходзіцца цяпер?

— Цяпер я забіраю з Прагі вельмі добры падарунак. Гэта, хай і ўжываная, машына хуткай дапамогі, якая служыла ў Аўстрыі. Нашы мэдыкі, якія былі на перадавой, атрымаюць гэты падарунак. Дапамагла праская дыяспара, адзін вельмі добры, вядомы доктар Сяргей. І BySol дапамог сабраць на гэта грошы. Таму я проста фізычна сядаю за стырно і еду ва Ўкраіну.

Я буду абавязкова на віленскім сходзе, які перайменавалі ў канфэрэнцыю. Я скажу там вельмі цьвёрдыя рэчы вельмі ціхім голасам. Магчыма, гэта і ёсьць спосаб зрабіць нашыя зьмены, а магчыма, мяне закідаюць гнілымі памідорамі. І, магчыма, я не даб’юся рэформы нашай палітычнай надбудовы. Мне будзе вельмі сумна ад гэтага. Сваю барацьбу я не спыню, але мне давядзецца сваю траекторыю жыцьця нейкім чынам памяняць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG