Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кісінджэр перасьцярог ад саступак Расеі тэрыторый Украіны


Генры Кісінджэр
Генры Кісінджэр

Былы дзяржаўны сакратар ЗША заявіў, што падчас магчымых будучых перамоваў з Расеяй Захад і Ўкраіна павінны дамагацца вяртаньня ўсіх захопленых пасьля 24 лютага тэрыторый.

Пра гэта піша DW.

Былы дзяржсакратар ЗША Генры Кісінджэр заклікаў Захад і Кіеў падчас магчымых будучых перамоваў з Масквой не саступаць тэрыторыі, акупаваныя Расеяй пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны. Пра гэта ён заявіў у інтэрвію тэлеканалу ZDF у нядзелю, 24 ліпеня.

«У цяперашняй сытуацыі лідэры дэмакратыяў павінны дакладна разумець, пра што яны гатовыя дамаўляцца, а ад чаго яны не гатовыя адмовіцца ні пры якіх абставінах», — сказаў Кісінджэр. Паводле яго, перамовы могуць ісьці толькі пры «поўным супрацоўніцтве» з ахвярамі агрэсіі — кіраўніцтвам і народам Украіны. Такі падыход ён назваў «адзінай магчымай асновай кіраваньня сытуацыяй».

«Здача ўкраінскай тэрыторыі ня можа быць умовай, якую мы можам прыняць», — падкрэсьліў былы дзяржсакратар. «Факт у тым, што Расеі давядзецца вярнуць усе захопленыя ёю з пачатку вайны тэрыторыі», — заявіў ён.

Спрэчка вакол словаў Кісінджэра аб здачы ўкраінскіх тэрыторый

У траўні, выступаючы на сусьветным эканамічным форуме ў Давосе, Кісінджэр заявіў, што разьдзяляльнай лініяй у перамовах паміж Украінай і Расеяй павінна стаць «вяртаньне да ранейшага status quo». Многія СМІ і палітыкі інтэрпрэтавалі гэтыя словы як заклік да Кіева адмовіцца ад часткі сваіх тэрыторый дзеля дасягненьня міру.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі параўнаў гэтую прапанову з заклікамі некаторых эўрапейскіх краін пайсьці на тэрытарыяльныя саступкі Гітлеру перад пачаткам Другой сусьветнай вайны. «З глыбокага мінулага вынырвае, напрыклад, спадар Кісінджэр і кажа, што нібыта трэба аддаць Расеі кавалак Украіны. Каб нібыта не было адчужэньня Расеі ад Эўропы. Такое адчуваньне, што ў спадара Кісінджэра на календары не 2022 год, а 1938 год», — сказаў Зяленскі.

На пачатку ліпеня Кісінджэр у інтэрвію выданьню Time удакладніў свае словы, патлумачыўшы, што не заклікаў Украіну аддаваць свае тэрыторыі. «Калі вы прачытаеце, што я насамрэч сказаў, я ніколі гэтага не казаў. Я сказаў, што найлепшай разьдзяляльнай лініяй для спыненьня агню зьяўляецца status quo ante. Гэта значыць, што ня варта весьці вайну з тэрыторыяў, якія былі ўкраінскімі да пачатку вайны, супраць тэрыторый, якія ў той час лічыліся расейскімі», — растлумачыў Кісінджэр.

«Цяпер Расея па-ранейшаму акупуе 15% даваеннай тэрыторыі Ўкраіны. Яны павінны быць вернутыя Ўкраіне, перш чым можна будзе ўсталяваць спыненьне агню. Спрэчная тэрыторыя — гэта невялікі куток Данбасу, каля 4,5%, і Крым», — адзначыў ён.

«Я не казаў, што тэрыторыю трэба аддаваць. Я проста меў на ўвазе, што яна павінна мець асобны статус у любых перамовах. Я безумоўна за свабоду Ўкраіны і яе значную ролю ў Эўропе», — падкрэсьліў Кісінджэр.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG