Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Праўда ў сіле»: вайна па запаветах Сталіна і Івана Жахлівага


Іван Жахлівы і Ўладзімір Пуцін, каляж
Іван Жахлівы і Ўладзімір Пуцін, каляж

Аматары геральдыкі ведаюць, што ў 1991 годзе гербам Расеі зрабілі герб не імпэратарскай Расеі ХІХ стагодзьдзя, а герб часоў Івана Жахлівага і цара Аляксея Міхайлавіча (залаты арол на чырвоным).

Такі выбар быў выкліканы, хутчэй за ўсё, эстэтычнымі меркаваньнямі. Але сымбалізму ў гэтым было нашмат больш, чым аўтарам сучасных дзяржаўных сымбаляў РФ, бадай, хацелася б самім.

23 ліпеня расейскія войскі ўчынілі ракетны абстрэл порту Адэсы. Гэта было роўна на наступны дзень пасьля падпісаньня Расеяй пагадненьня аб калідоры для экспарту ўкраінскага збожжа праз гэты самы порт. Ад гэтага калідора залежыць выжываньне мільёнаў людзей у іншых рэгіёнах сьвету. Пуцін ня проста дэманстратыўна абразіў ААН і Эрдагана, пасярэднікаў у пагадненьні з украінцамі. Ён пагарджае і гэтай глябальнай пагрозай голаду, якую сам жа стварыў.

Зусім нядаўна войскі РФ у дзень канфэрэнцыі па расейскіх вайсковых злачынствах ударылі ракетамі па Віньніцы, забіўшы больш за два дзясяткі мірных жыхароў, у тым ліку дзяцей. А таксама бамбілі Кіеў акурат у той дзень, калі там знаходзілася вялікая міжнародная дэлегацыя на чале з генэральным сакратаром ААН.

Узгадайма і больш аддалены час — жнівень 2014 году, Ілавайскі кацёл, калі расейскае камандаваньне паабяцала аточаным украінскім атрадам калідор для бясьпечнага праходу, а потым падманула і расстраляла іх.

Калі пачытаць гісторыю, дык расейскім вайсковым традыцыям яшчэ з часоў Залатой Арды былі ўласьцівыя беспрынцыпнасьць, гвалт, марадэрства і пагарда да чалавечага жыцьця (перадусім жыцьця ўласных салдатаў) — зьверствы расейцаў падчас незьлічоных войнаў супраць Рэчы Паспалітай, зьверствы Чырвонай Арміі ва ўсходняй Нямеччыне ў апошнія месяцы Другой сусьветнай , зьверствы фэдэральных войскаў у Чачэніі зусім нядаўна. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі гэта было прыпраўлена франкамоўным памешчыцкім шыкам, а ў савецкі час — шарыкаўскім рэвалюцыйным патасам. Цяпер застаўся ў чыстым выглядзе «бандыцкі Пецярбург», пячорнае закамплексаванае хцівае зло.

Многія арміі ўчынялі ваенныя злачынствы. Але брытанцы, амэрыканцы ці немцы як грамадзтвы даўно далі сваім гістарычным злачынствам належную ацэнку. З боку расейцаў такой рэфлексіі ў грамадзкім дыскурсе няма.

Перад намі вынік маральнай катастрофы, маральнага абнуленьня вялікай 140-мільённай краіны. Расея засталася без ідэалаў і прынцыпаў, без нацыянальнай ідэі (якой постсавецкія расейцы так і не знайшлі). Засталіся толькі цынізм і нянавісьць: да Ўкраіны, Амэрыкі, геяў, сьведак Еговы і так далей. Бога — няма, хлусіць — можна, красьці — можна, забіваць проста так — можна. «Сіла ў праўдзе» значыць «праўда ў сіле»: хто моцны, таго і праўда. Так Расея і ваюе.

Бальшавікі сто гадоў таму як быццам зрэзалі з расейскага грамадзтва тонкі цывілізаваны слой, які ўтварыўся быў за 200 гадоў павярхоўнай эўрапеізацыі. Распад СССР, чарговая масавая эміграцыя быццам ліквідавалі яшчэ паўстагодзьдзя разьвіцьця, і краіна мэнтальна канчаткова скацілася ў позьняе Сярэднявечча. Усё гэта яшчэ чакае дасьледаваньня і апісаньня якой-небудзь новай Сьвятланай Алексіевіч.

Украіна за апошнія 300 гадоў быццам бы праходзіла праз тыя ж самыя этапы разам з Расеяй. Але ў вырашальныя моманты постсавецкай гісторыі чамусьці праяўляла сябе іншым, кардынальна лепшым чынам. Бо, калі хто сумняваўся, гэта сапраўды два розныя народы і дзьве розныя краіны.

Расейскае кіраўніцтва верыць у сваю беспакаранасьць і непераможнасьць. Геаграфічныя мапы штучна павялічваюць сапраўдныя памеры тэрыторыі Расеі («мала хто зрабіў для велічы Расеі столькі, як картограф Мэркатар»), а расейскія школьныя падручнікі гісторыі гэтак жа сама вучаць, што Расея ніколі нікога не захоплівала і ніколі не прайгравала войнаў.

Нават прайграныя расейцамі Першая сусьветная вайна і Барадзінская бітва пазыцыянуюцца як перамогі. І толькі новая вайсковая параза ва Ўкраіне можа прынесьці Расеі шанец на ацьверазеньне, пераасэнсаваньне сябе і пераход да канструктыўнага разьвіцьця. Шанец адчуць, што сіла не на баку зла. А значыцца, і праўда не на ягоным баку.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 году сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG