Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеці з Латвіі зьезьдзілі на «Славянскі базар» і ўзялі інтэрвію ў Лукашэнкі. Кіраўнік МЗС Латвіі запатрабаваў тлумачэньняў


Архіўнае фота. Падрыхтоўка да Славянскага базару ў Віцебску, 2020 год
Архіўнае фота. Падрыхтоўка да Славянскага базару ў Віцебску, 2020 год

Выхаванцы і прадстаўнікі Рыскай дзіцячай акадэміі радыё і тэлебачаньня Academy KidsTV зьезьдзілі ў Віцебск для ўдзелу ў міжнародным фэстывалі «Славянскі базар». Кіраўнік Міністэрства замежных спраў Латвіі Эдгар Рынкевіч запатрабаваў тлумачэньняў у адказных установаў, піша Delfi.

Міністар замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевіч заявіў, што МЗС Латвіі папросіць адказныя ўстановы ацаніць паездку Рыскай дзіцячай акадэміі радыё і тэлебачаньня Academy KidsTV на фэстываль у Беларусь.

«З прычыны грубага ігнараваньня рэкамэндацый МЗС па бясьпецы падарожжаў і ўдзелу ў інфармацыйнай вайне дзейнасьць такіх арганізацый недапушчальная і павінна быць спынена», — напісаў міністар у Twitter.

Паводле Delfi, Academy KidsTV указала, што «Славянскі базар» — гэта «прыгожы дзіцячы конкурс, у якім удзельнічаюць 23 краіны», таму арганізацыя ня бачыць прычын або прынцыповых культурных адрозьненьняў, па якіх яны ня могуць паехаць у Беларусь.

Блізкі да Лукашэнкі тэлеграм-канал «Пул Первого» заявіў, што перад прыездам у Беларусь Academy KidsTV напісала ліст у прэс-службу Аляксандра Лукашэнкі з просьбай аб магчымасьці ўзяць у яго інтэрвію і апублікаваў кадры, як прадстаўнікі Academy KidsTV размаўляюць з Лукашэнкам у Віцебску.

Служба дзяржаўнай бяспекі Латвіі паведаміла ў навінах TV3, што ўстанова ў рамках сваёй кампэтэнцыі сочыць за дзейнасьцю розных арганізацый у Латвіі, ацэньваючы, ці няма ў іх дзейнасьці магчымых пагрозаў нацыянальнай бясьпецы. Улічваючы спэцыфіку дзейнасьці службаў, СДБ устрымаецца ад камэнтароў па канкрэтных выпадках.

Раней МЗС Латвіі ўказвала на значныя рызыкі наведваньня Беларусі грамадзянамі Латвіі і неаднаразова заклікала жыхароў ня езьдзіць у Беларусь, а таксама заклікала грамадзян Латвіі пакінуць Беларусь і Расею.

У ведамстве падкрэсьліваюць, што рэжым Лукашэнкі па-ранейшаму падтрымлівае ваенную агрэсію Расеі супраць Украіны, а выведка Латвіі і іншых краінаў NATO публічна папярэджвала аб выведвальна-вербавальнай дзейнасьці расейскіх і беларускіх спэцслужбаў. У МЗС нагадваюць, што ў Беларусі магчымасьці Латвіі надаць дапамогу сваім грамадзянам вельмі абмежаваныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG