Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што адбываецца зь вязьнямі пасьля выхаду на волю і як ім дапамагчы вярнуцца да звычайнага жыцьця


Бізнэсовец Аляксандар Васілевіч адразу пасьля вызваленьня
Бізнэсовец Аляксандар Васілевіч адразу пасьля вызваленьня

Два псыхолягі ананімна патлумачылі Свабодзе, што адбываецца зь людзьмі, якія выходзяць з турмы, і як блізкім дапамагчы ім адаптавацца да «нармальнага» жыцьця.

Як мяняецца чалавек у турме?

«Бывае, што вязьніца ніяк не зьмяняе чалавека. Таксама ёсьць пытаньне: як ён сам адчувае свае зьмены і як ён зьмяніўся ў вачах іншых», — кажа экспэрт.

«Я думаю, псыхалягічны стан у «палітычных» вязьняў крыху горшы, чым у звычайных «крымінальнікаў». За «палітыку» сядзіць шмат моладзі і інтэлігентных людзей. У іх моцна адрозьніваюцца ўмовы на волі і ў турме. Яны расьлі хутчэй у спрыяльных умовах, а тут яны рэзка трапляюць у агрэсіўнае асяродзьдзе. Парог адчувальнасьці ў іх будзе вышэйшы, чым у людзей, якія расьлі ў дысфункцыянальных сем’ях.

У чалавека можа быць псыхалягічная траўма праз тое, што яго затрымалі нечакана і зьмясьцілі ў невыносныя ўмовы. Гэта праяўляецца ў дэпрэсіўных станах, панічных атаках, павышанай трывожнасьці. Каб зьнізіць гэты парог адчувальнасьці, чалавек можа ўжываць алькаголь.

Палітвязьні, калі будуць вызваляцца, таксама могуць сутыкацца з сацыяльнай стыгматызацыяй, хоць і ў меншай ступені, чым звычайныя «крымінальнікі». Ім могуць адмовіць у працы, бо працадаўца будзе баяцца іх узяць.

У звычайных вязьняў ёсьць такое паняцьце, як «псыхалягічнае сховішча». У турме — адзін кірунак праблем: як своечасова ўстаць, схадзіць на працу, ня трапіць у ШЫЗА. На волі зьяўляецца адразу шэраг задач: дзе жыць, за што жыць, як плаціць за кватэру, як знайсьці працу, як адзявацца. Ёсьць падсьвядомае жаданьне вярнуцца назад, бо там усё знаёма і зразумела.

У вязьня пасьля вызваленьня можа быць дысацыяцыя, калі цела ў адным месцы, а пачуцьці — у іншым, чалавек разгублены. На любую траўматычную падзею чалавек можа рэагаваць гэтым расшчапленьнем. Чалавек можа да ўсяго прызвычаіцца, і нават адаптавацца да гэтых жорсткіх умоваў існаваньня ў турме.

Многія людзі расказвалі, што памяталі толькі момант свайго затрыманьня, а ўвесь час, калі яны ехалі ў ІЧУ, пакуль іх разьмяркоўвалі па камэрах, яны перажывалі як у сьне, каб прытупіць боль, каб перажыць гэты пэрыяд. Так працуе дысацыяцыя.

Выхад на волю — таксама стрэс. Чалавек можа ня верыць, што вызваліўся з гэтага пекла, адначасна адчуваць трывожнасьць за тое, што будзе далей, можа яе і не ўсьведамляць».

Блізкія сустракаюць Аляксандра Васілевіча, калі пасьля закрытага суду ён выйшаў на волю
Блізкія сустракаюць Аляксандра Васілевіча, калі пасьля закрытага суду ён выйшаў на волю

Як дапамагчы вязьню адаптавацца?

«Усе людзі розныя, таму няма канкрэтных рэкамэндацый, якія будуць пасаваць кожнаму. Канцэптуальна трэба ісьці ад патрэбаў. Ёсьць базавыя патрэбы чалавека і вышэйшыя. Найперш, калі чалавек выходзіць, трэба задаволіць базавыя фізіялягічныя патрэбы: паспаць, памыцца ў нармальных умовах, апрануцца ў нармальнае адзеньне.

Можа, нехта захоча пабыць адзін. Я думаю, што адно з самых вялікіх выпрабаваньняў вязьніцы — тое, што чалавек зусім не бывае адзін. З аднаго боку, чалавек сумаваў па блізкіх, па людзях, але, зь іншага боку, можа, сапраўды, ён хоча паляжаць у адзіноце і паслухаць музыку, бо таксама ніякай музыкі, якую ён любіў, цягам доўгага часу не было.

Тыя, хто адтуль выходзіць, маюць адбітак на фізычным стане. Варта пахадзіць па лекарах, падцягнуць здароўе.

Далей я б глядзела з пункту гледжаньня бясьпекі. Нехта хоча адразу зьехаць, нехта ня можа адразу зьехаць. Варта стратэгічна вырашыць, дзе чалавек будзе жыць бліжэйшы тыдзень. Часта бывае, што і пасьля выхаду на волю ёсьць абмежаваньні ў перасоўваньні. Варта вырашыць гэтае досыць інтымнае, сямейнае пытаньне, дзе чалавек бачыць сябе, дзе ён зьбіраецца жыць. Калі ён зьбіраецца зьяжджаць, то давядзецца адаптавацца двойчы: спачатку тут, у Беларусі, потым там. Таму варта паставіцца да гэтага як да часовых умоваў.

Калі чалавек ужо паспаў, паеў, папіў, варта ісьці ад ягоных патрэбаў. Мае сэнс акуратна распытваць яго і атрымліваць інфармацыю. Нехта не захоча размаўляць, нехта захоча прамовіць блізкім усё, што ён за гэты час не сказаў. Наша задача як чалавека, які знаходзіцца побач з вызваленым, — падтрымліваць плыні, якія зь яго ідуць. Калі чалавек хоча расказваць, акуратна праяўляць цікавасьць і трошку распытваць. Калі ён хоча паехаць на вёску, па лясах пахадзіць, то арганізаваць гэта.

Чалавек вельмі доўга ня меў свабоды, таму варта даць яму права выбару, хоча ён паехаць адзін ці зь некім, магчыма, дапамагаць яму выбіраць гэтыя маленькія акалічнасьці».

«Што патрэбна вызваленаму, варта запытацца ў яго самога. Блізкія могуць пачаць празьмерна яго апекаваць, кантраляваць. „Куды ты пайшоў? Там небясьпечна, туды не хадзі“. Гэта можа быць задушлівы кантроль.

Варта вызваленым прапаноўваць дапамогу: псыхалягічную, мэдычную, іншую».

Колькі часу займае адаптацыя ў норме?

«Пэрыяд першаснай адаптацыі да любых зьменаў — гэта чатыры тыдні. Першы месяц — крытычны ў пляне таго, як чалавек прыстасуецца да гэтага жыцьця на волі.

Шмат залежыць ад таго, наколькі трывалай была сувязь з воляй, наколькі ён ведае, што адбываецца ў краіне. Думаю, галоўны выклік будзе такі, што людзі, якіх забралі ў 2020 годзе, верылі, што яны выйдуць ва ўжо свабодную краіну. Мур рухне — і яны выйдуць.

Дзьмітры Фурманаў у дзень выхаду на волю
Дзьмітры Фурманаў у дзень выхаду на волю

А адбываецца ўсё зусім ня так: свабоды значна менш, чым было. Так склалася. Варта прыняць гэтую сытуацыю: дазволіць сабе злавацца на тых, хто быў на волі, што нічога не зьмянілі, а толькі зрабілі горш. То бок экалягічна праявіць тыя пачуцьці, якія ўзьнікаюць. Нібыта няёмка злаваць, бо людзі на волі таксама жывуць ня ў лепшых умовах, але гэтая злосьць узьнікае. Варта, каб было з кім пра гэта размаўляць. Калі ёсьць псыхатэрапія, гэта выдатна.

Пасьля турмы можа быць складана, бо няма маральнай прасторы ўнутры, каб пабудаваць новыя стасункі, адбудаваць старыя. Таму ня варта ў першы месяц гэтым займацца. У першы месяц варта задавальняць больш базавыя патрэбы. Аднак калі ёсьць жаданьне будаваць адносіны, то варта ісьці ад гэтага.

Бывае, хочацца, як нехта выйдзе, то ўсіх сваякоў паклікаць на застольле, але, можа, ня варта адразу, а запытацца, як хоча сам чалавек, даць яму час падумаць, пераключыцца, бо вельмі часта людзі адказваюць так, каб было прыемна блізкім.

Ня ўсе хочуць адразу адпачываць, некаторыя хочуць працаваць, бо маюць стваральную энэргію.

У псыхатэрапіі ёсьць вельмі ўмоўны падлік, што ў якім узросьце чалавек прыходзіць у псыхатэрапію, столькі месяцаў трэба для нармалізацыі ягонага жыцьця. Калі прыходзіць у 30 год — то трэба 30 месяцаў. Я б ад гэтага адштурхоўвалася, колькі часу чалавеку трэба на адаптацыю».

Як зразумець, што з чалавекам, які выйшаў на волю, «нешта ня так» і яму патрэбная дапамога?

«Калі ў яго пастаянна кепскі настрой, туга, сум. Калі ўвесь час хоча спаць або ня можа спаць, калі апэтыту няма або ажно празьмерны, калі няма жаданьня займацца штодзённымі справамі, захапленьнямі. Трэба зьвяртаць увагу на злоўжываньне алькаголем.

Калі чалавек ня хоча ні з кім сустракацца, яму цяжка ўстаць пачысьціць зубы, ён чакае вечара і ня любіць ранак, калі павышаная трывожнасьць, панічныя атакі, калі чалавек ажно ня можа дыхаць, флэшбэкі, калі сутыкаўся зь фізычным гвалтам, небясьпечным для жыцьця».

Дзьмітры Фурманаў адразу пасьля вызваленьня, перад гэтым месяц ён правёў у штрафным ізалятары
Дзьмітры Фурманаў адразу пасьля вызваленьня, перад гэтым месяц ён правёў у штрафным ізалятары

«Парада сваякам — проста назіраць за тым, як чалавек адаптуецца. Пасьля першага месяца і эўфарыі свабоды, якая ў кагосьці ёсьць, у кагосьці няма, можа наступіць расчараваньне, дэпрэсія, бо жыцьцё на волі не такое, як было да ўсіх гэтых падзей. Вялікая частка гэтага жыцьця разбураная, людзі разьехаліся.

Варта сачыць за тым, ці ўжывае чалавек алькаголь як спосаб перагружацца і рэляксаваць, як ён есьць, ці губляе вагу, ці дужа набірае, ці ёсьць прыкметы дэпрэсіі ці іншых разладаў. Можна акуратна раіць схадзіць да псыхатэрапэўта або атрымаць фармакалягічную падтрымку».

Ці можа быць так, што цяжэй ня вязьню, а чалавеку, які чакаў яго на волі, прыкладам, жонцы, якая адна апекавалася іхнымі дзецьмі?

«Ня варта параўноўваць, хто больш цярпіць. Аднак дапамога, сапраўды, можа быць патрэбная і жонцы або мужу вязьня.

Прыходзяць у галаву такія паралелі. Калі чалавек хварэе на рак, ягонаму партнэру можа быць цяжэй, чым самому хвораму. Але раней ніхто не разглядаў жонку хворага на рак як чалавека, якому патрэбная дапамога, падтрымка. Тое самае — чалавек, які жыве з чалавекам з інваліднасьцю. Толькі ў апошнія гады сталі падтрымліваць тых, хто жыве зь людзьмі ў цяжкіх станах.

У чалавека, які апякуецца вязьнем, можа быць больш выклікаў, чым у самога вязьня. Ён мае перадаваць перадачы і карміць фактычна цэлую камэру на „Валадарцы“. З аднаго боку, тваё жыцьцё занятае нейкімі дзеяньнямі, ты не сядзіш і не вар’яцееш, як чалавек у камэры, але, зь іншага боку, табе трэба „бегчы, каб заставацца на месцы“.

Рок-музыкант Ігар Банцэр у дзень вызваленьня з „хіміі“
Рок-музыкант Ігар Банцэр у дзень вызваленьня з „хіміі“

Ёсьць сем’і вязьняў, дзе няма падтрымкі дзядуляў-бабуляў зь дзецьмі, ёсьць сваякі, якія не падтрымліваюць выбар чалавека, маўляў, „ня зьехаў, то хай цярпіць“. Ва ўсіх па-рознаму. Ёсьць ідэя, што любыя цяжкія псыхалягічныя рэчы чалавек пражывае ў кантакце зь іншым чалавекам. Нам патрэбны чалавек.

Усе сем’і палітвязьняў цярпяць па-рознаму, іхным блізкім таксама цяжка па-рознаму. Калі вязень пакутаваў, ён атрымлівае спачуваньне, спагаду, што ён шмат вытрымаў, пра гэта гавораць. Але колькі ні кажы сем’ям, жонкам, дзецям, што яны вельмі шмат вытрымалі, гэтага заўсёды будзе недастаткова, то бок варта гаварыць пра гэта шмат. Варта прызнаваць унёсак ва ўсё гэта блізкіх. Цяпер ёсьць нябачаная колькасьць нябачных герояў, якія ўтрымліваюць, кормяць і пояць сотні вязьняў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG