Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Артыкул ужо зьмяніўся, але 23.34 — гэта сымбаль». Беларуску 12 разоў затрымлівалі на пратэстах, яна зрабіла сабе тату на памяць


Тату Аляксандры
Тату Аляксандры

Беларуску Аляксандру на акцыях пратэсту ў райцэнтры затрымлівалі 12 разоў. Саджалі на «суткі» і штрафавалі. Мінімум было 3 дні, максымум — 11. На памяць пра гэта яна зрабіла тату з нумарам артыкулу «23.34», ланцугом і птушкамі.

«Максымум быў — 11 сутак, і шмат разоў па 3-5»

Аляксандра прызнаецца, што сама ўжо зьбілася з падлікаў, колькі разоў яе забіралі, колькі дзён яна адседзела і колькі штрафаў выплаціла.

«Затрымліваць мяне пачалі летам 2020-га. Адразу пасьля выбараў народ сабраўся на плошчы, я стаяла са сьцягам, міліцыянты папрасілі разысьціся. Мы не паслухаліся. Ужо ў парку мяне дагналі два міліцэйскія „бобікі“, сілавікі зацягнулі туды і прывезьлі ў РУУС.

Я выйду ў нядзелю на мітынг — мяне забяруць, дадуць 3 ці 5 сутак і штраф, адседжу — і ў выходны зноў на акцыю.

Дакладна памятаю, што максымум быў — 11 сутак, гэта апошні раз, а так шмат разоў было па тры дні, па пяць і штрафы», — успамінае лета-восень 2020 году Аляксандра.

Аляксандра на адной з акцый пратэсту з плякатам
Аляксандра на адной з акцый пратэсту з плякатам

У памяць пра свае адседкі дзяўчына на руцэ зрабіла тату: нумар «народнага артыкулу» 23.34, ланцуг і вольныя птушкі.

«Гэта мая ідэя. Я сама шукала карцінкі: аб’яднала ланцуг, птушак, дадала лічбы. Мы з майстрам доўга рэдагавалі ў «Фаташопе», каб усё атрымалася, як я хачу. Рэагуюць на тату хто як. Мае бацькі мяне зразумелі. Хтосьці гаварыў: «Вось зьменіцца артыкул, і што ты будзеш рабіць?» Я адказала: «Нумар ужо зьмяніўся, але 23.34 — гэта сымбаль», — тлумачыць Аляксандра сваю трактоўку тату.

«Я галасіла на ўсю плошчу: „Што вы робіце?“»

Родам дзяўчына з Ружанаў. Скончыла мэдычную вучэльню, па разьмеркаваньні трапіла ў Ваўкавыск, 6 гадоў прапрацавала мэдсястрой. Кажа, што ніколі не цікавілася палітыкай. Выпадкова трапіла на пікет Ціханоўскай, якая прыяжджала ў райцэнтар.

«Сьвятлана мяне моцна ўразіла, і я вызначылася, што буду галасаваць за яе. У дзень выбараў 9 жніўня ўвечары мы на выбарчым участку запатрабавалі, каб нам паказалі вынікі галасаваньня. Натуральна, нам нічога не паказалі. Мы пайшлі на плошчу. І тады я ўпершыню ўбачыла, як разганялі людзей на плошчы. Для мяне гэта было дзіка і незразумела, я не магла ўявіць, што ў Беларусі такое можа быць. Я галасіла на ўсю плошчу: „Што вы робіце?“ Потым пару дзён не было інтэрнэту. Калі інтэрнэт уключыўся, і я ўбачыла, што адбываецца ў краіне, я была ў жаху! Пасьля гэтага я пачала выходзіць на акцыі. Заўсёды стаяла да апошняга, не зважаючы на загад разысьціся».

Забіралі Аляксандру, па яе словах, літаральна кожны тыдзень: выйдзе ў нядзелю на мітынг — яе забяруць, дадуць трое ці пяцёра сутак і штраф, яна адседзіць — і ў выходныя зноў выходзіць на акцыю. Звычайна складалі два пратаколы: адзін за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, другі — за непадпарадкаваньне. У агульнай суме штрафаў было каля 250 базавых.

Аляксандра
Аляксандра

«Мяне добра ведалі і віталі ў ІЧУ: „О, Аляксандра, зноў вы да нас!“. У Ваўкавыску спачатку даволі ляяльна ставіліся да „палітычных“ — горад маленькі, усе ўсіх ведаюць, мянты баяліся розгаласу. Нас ня білі. Калі я сядзела па 3-5 дзён, было, у прынцыпе, больш-менш цярпіма. Максымум у камэры было па 5 жанчын. Я ж не сядзела адразу пасьля выбараў — тады дзяўчаты расказвалі, што ў камэры было па 20 чалавек».

Пазьней Аляксандры пачалі пагражалі «закрыць» за наркотыкі, калі яна не перастане выходзіць.

«Я адказвала, што калі толькі вы іх самі мне і падкінеце. Начальнік РУУС казаў, што людзі ў горадзе выходзяць таму, што я выходжу і іх заклікаю выходзіць. Яны ня могуць зразумець, што людзей ужо ўсё дастала!»

«Была каманда, каб тыя 11 дзён мне здаліся пеклам»

Апошняе затрыманьне ў «кар’еры» Аляксандры адбылося на пачатку 2021 году. Акцый тады ўжо не было. Некалькі чалавек выйшлі на вуліцу Ваўкавыску зь бела-чырвонымі парасонамі. Тады Аляксандры далі 11 дзён арышту і аштрафавалі на 25 базавых велічынь.

«Мабыць, была каманда, каб тыя 11 дзён мне здаліся пеклам. Я абвесьціла галадоўку, сказала, што іхную баланду есьці ня буду. Спачатку мне пакінулі туалетную паперу, зубную шчотку, астатнія рэчы забралі. Потым забралі ўсё наагул: і шчотку, і цёплае адзеньне. Не дазвалялася нічога, нават кнігі. Матрац давалі толькі на ноч. Уначы ахоўнікі зьдзекаваліся: падымалі кожную гадзіну, прымушалі выходзіць з камэры. Восем дзён я правяла ў адзіночцы. Вядро замест прыбіральні. Ацяпленьне не працавала, было вельмі холадна! Мне проста стваралі невыносныя ўмовы. «Які артыкул?» — «23.34». — «Ну дык чаго ты хочаш?» — успамінае свае апошнія 11 сутак у Ваўкавыскім ІЧУ Аляксандра.

Аляксандра з Ружанаў, якую 12 разоў затрымлівалі на пратэстах супраць Лукашэнкі
Аляксандра з Ружанаў, якую 12 разоў затрымлівалі на пратэстах супраць Лукашэнкі

«Прымушалі падмяняць прабіркі з аналізамі на чыстыя, каб не „высьвечваўся“ каранавірус»

Аляксандра працавала ў паліклініцы мэдсястрой. Пасьля першага затрыманьня на «суткі» ёй намякнулі, каб яна звольнілася «па ўласным жаданьні».

«Я адказала, што не хачу. Бо, калі я працавала на каранавірусе, былі істотныя надбаўкі, заробак у мяне быў добры. Тады мне сказалі, што „прыбяруць“ з надбавак і я застануся толькі на голай зарплаце ў 400 рублёў. Я напісала заяву і звольнілася, бо разумела, што працаваць мне не дадуць. Перад тым, як я трапіла ў ІЧУ, мяне прымушалі рабіць службовы падлог. Я брала мазкі і кроў у мэдыкаў для аналізу на каранавірус. Мяне прымушалі падмяняць прабіркі з аналізамі на чыстыя, каб не „высьвечваўся“ каранавірус. Аналізы рабілі ўжо ў Горадні; калі там выяўлялі карону, наша паліклініка „атрымлівала“. Я вельмі шмат скандаліла. А мне казалі: „Ты павінна“. Я адказвала, што нікому нічога не павінная», — дзеліцца Аляксандра.

У Ваўкавыску на працу Аляксандра па спэцыяльнасьці ўладкавацца больш не змагла. Нейкі час працавала ў прыватніка, таму што ён быў, як яго ахарактарызавала Аляксандра, «наш чалавек». Спрабавала ўладкавацца на працу па спэцыяльнасьці ў санаторый у гарадку, дзе жывуць яе бацькі. Але і там не атрымалася.

Перабралася ў адну з эўрапейскіх краінаў, дзе жыве цяпер. Працуе і там не па спэцыяльнасьці.

«Мне падабаецца мая спэцыяльнасьць, я б хацела працаваць у ёй у Беларусі», — прызнаецца Аляксандра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG