Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дом там, дзе я?» Выйшаў фільм пра беларускіх творцаў выгнаньні. ВІДЭА


Сяргей Будкін (справа) і адзін з герояў фільму музыка Юры Стыльскі
Сяргей Будкін (справа) і адзін з герояў фільму музыка Юры Стыльскі

Сяргей Будкін і яго каманда зьнялі дакумэнтальны фільм пра беларускіх творцаў, якія праз рэпрэсіі вымушаныя былі пакінуць краіну і ня могуць вярнуцца дадому.

Пра выхад стужкі кіраўнік Беларускай рады культуры, у мінулым ініцыятар і мэнэджар шматлікіх культурных праектаў і праграм у Беларусі Сяргей Будкін паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Анансуючы фільм, ён піша:

«Яго героі — беларускія творцы, якія ня могуць вярнуцца дамоў. Іх ранейшае жыцьцё было зруйнаванае спачатку тэрорам на Радзіме, а потым вайной ва Ўкраіне. Але яны працягваюць жыць і радавацца жыцьцю, ствараць і натхняць іншых.

Напэўна, гэты фільм пра пошук сябе. І пра пошук дома. Пра пошук дома ў сябе. Пра здольнаьсць захаваць сябе ў экстрэмальных умовах. І пра вялікую сілу Мастацтва. Бо пакуль мы малюем, сьпяваем, фатаграфуем, пішам, ствараем — мы жывем».

Некалькі месяцаў стваральнікі фільма правялі побач зь яго героямі — мастачкай Ташай Кацубай, фотамастачкай Каралінай Паляковай, музыкам, лідэрам гурта «Дай дарогу!» Юрыем Стыльскім і фатографам Алесем Пілецкім.

«Мы здымалі на часовых кватэрах герояў, у офісах, у хабе і шэлтары, у галерэях, кавярнях і барах, на оўпэн-эйры і ў клюбе, у трамваі, у мэтро, падземным пераходзе, на канатнай дарозе, на вуліцах, плошчах, у гарах і каньёнах... Было адчуваньне, што мы знаходзімся ў вечным руху і ня можам дазволіць сабе спыніцца. Бяжым, а тэрор і вайна ідуць недзе побач, па нашых сьлядах...

Як на гэтым бягу не выдыхнуцца і працягваць ствараць, калі вакол усё руйнуецца і ў цябе няма дома? Вось на гэтае пытаньне я і шукаю адказ разам з героямі».

Рэжысэр стужкі — Арцём Лобач, кансультант і рэдактар — культуроляг Максім Жбанкоў, кіравала вытворчасьцю фільму Аліна Калнібалоцкая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG