Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Амапавец сказаў: «Я б гэтых бандэраўцаў усіх перадушыў, а ты поскудзь». Як беларусаў рэпрэсуюць за салідарнасьць з Украінай


Антыпуцінскі плякат
Антыпуцінскі плякат

У Беларусі ўдвая, да 80 тысяч, плянуюць павялічыць колькасьць войскаў побач з украінскай мяжой, паведамілі ў Генэральным штабе Узброеных сіл Украіны. Паводле інфармацыі ведамства, на Валынскім і Палескім кірунках захоўваецца пагроза ракетных і авіяцыйных удараў зь беларускага боку.

У самой Беларусі працягваюцца рэпрэсіі ў тым ліку і за антываенную пазыцыю і салідарнасьць з Украінай. На 15 сутак зноў асудзілі былую дацэнтку Менскага лінгвістычнага ўнівэрсытэту Натальлю Дуліну. Менш за месяц яна правяла на волі, бо да гэтага таксама знаходзілася ў ізалятары за нібыта «распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў» і за ўдзел у «несанкцыянаваных масавых акцыях».

Натальля Дуліна адна зь першых выйшла на вуліцы Менска супраць вайны Расеі ва Ўкраіне. За некалькі дзён да чарговага арышту журналіст тэлеканалу «Настоящее время» пагутарыў з выкладчыцай, а таксама зь іншымі беларусамі з антываеннай пазыцыяй.

«Адзін амапавец падышоў да мяне пасьля таго, як я сказала, што вас пашлюць як гарматнае мяса, і гэтак далей. Ён да мяне падышоў і ціха сказаў: „Я б гэтых бандэраўцаў усіх перадушыў, а ты поскудзь!“ І ён гэта сказаў з такой шчырасьцю», — успамінае Натальля Дуліна.

Дуліна выйшла на антываенны пратэст 27 лютага. Жанчыну затрымалі, адвезьлі ў міліцыю, а адтуль у ізалятар на Акрэсьціна на 15 сутак.

«У нейкі момант проста перастаеш думаць пра рызыку і небясьпеку, таму што ёсьць рэчы, якія важнейшыя за страх. І любы нармальны, прыстойны чалавек, які разумее, што такое добра, а што такое дрэнна, які слухае сваё сумленьне, і яно яму пастаянна нагадвае аб сваёй прысутнасьці, ён ня можа не адрэагаваць, нягледзячы ні на што: на рызыкі, небясьпеку і гэтак далей», — працягвае Натальля Дуліна.

Антываенныя акцыі ў Беларусі пачаліся зь першых дзён нападу Расеі на Ўкраіну. Калі раней беларускія сілавікі затрымлівалі нязгодных з палітыкай Лукашэнкі, то цяпер апынуцца ў ізалятары можна за пазыцыю ў падтрымку Украіны ці налепку жоўта-блакітнага колеру.

Журналіст выданьня Intex Press Юры Ганцарэвіч быў арыштаваны за тое, што, паводле вэрсіі сьледзтва, фатаграфаваў расейскую вайсковую тэхніку на тэрыторыі Беларусі і перасылаў здымкі незалежным СМІ.

«Трэба сказаць, што гэта першы такі выпадак, калі журналіста абвінавачваюць у экстрэмісцкім фармаваньні менавіта за тое, што ён дасылаў свае фатаграфіі. Ён не зьяўляўся сябрам гэтай рэдакцыі. Чалавек проста дасылаў свае фота, да яго прыйшлі; як адбывалася затрыманьне, мы ня ведаем. Як ужывалася фізычнае ўзьдзеяньне ці нешта, мы ня ведаем. Але вынік: ён у СІЗА, яму выставілі абвінавачаньні і артыкул да шасьці гадоў», — кажа прадстаўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

За праяўленую антываенную пазыцыю з 24 лютага ў Беларусі затрымалі больш за тысячу чалавек. Большасьць беларусаў, паводле праваабаронцы цэнтру «Вясна» Паўла Сапелкі, не падтрымліваюць расейскай агрэсіі, але магчымасьці для антываеннага пратэсту ў сучаснай Беларусі жорстка абмежаваныя.

«Трэба ўвогуле разумець, што такое пратэст у Беларусі на сёньняшні дзень. Наўрад ці нехта з нас уяўляе сабе, што вось чалавек зьбіраецца раніцай і кажа жонцы, што ты крыху раней прыйдзі, забяры дзяцей з садка, бо я ўвечары іду, каб мяне катавалі! А насамрэч гэта дзесьці так і атрымліваецца: чалавека затрымліваюць і ён трапляе ў катавальныя ўмовы. Мы ведаем пра тое, што людзям, затрыманым на антываенных мерапрыемствах, наогул у цэлым у палітычных справах, робяць невыносныя, бесчалавечныя ўмовы знаходжаньня ў месцах адбыцьця адміністрацыйнага арышту», — адзначае Сапелка.

За адмову падвезьці расейскага вайскоўца на таксіста з Барысава завялі крымінальную справу аб экстрэмізьме.

На заснавальніка фонду BySol Андрэя Стрыжака, які адпраўляе ва Ўкраіну гуманітарную дапамогу, у Беларусі таксама завялі крымінальную справу. Цяпер Стрыжак жыве ў Вільні, куды зьехаў з прычыны рэпрэсій у 2020 годзе.

«Па вялікім рахунку для мяне гэта не навіна і чаканая гісторыя. Вінавацяць у фінансаваньні вайны. Я адкрытыя крыніцы вывучаў, і, мяркуючы па ўсім, я першы чалавек у гісторыі краіны, які па гэтай частцы гэтага артыкулу праходзіць», — кажа Стрыжак.

На фоне арыштаў уласных грамадзян за праяўленую салідарнасьць з Украінай улады Беларусі працягваюць сьцьвярджаць, што краіна не зьяўляецца бокам канфлікту.

«Мы нікому не пагражаем. Мы хочам жыць на сваёй зямлі, разьвівацца самі. Быць незалежнымі, самастойнымі. Зыходзячы з гэтага, узброеныя сілы не зьяўляюцца інструмэнтамі вайны. Гэта інструмэнт недапушчэньня вайны», — заявіў міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін.

Афіцыйна беларускае войска не бярэ ўдзелу ў вайне. Але ўлады Беларусі далі сваю тэрыторыю для расейскіх войскаў, і зь яе тэрыторыі наносяцца ўдары па Ўкраіне, а гэта, паводле міжнароднага заканадаўства, прыраўноўваецца да саўдзелу ў агрэсіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG