Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Польшчы: мы хацелі б сыходу Пуціна, але захаваць Украіну важней


Матэвуш Маравецкі
Матэвуш Маравецкі

Прэмʼер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што хацеў бы адхіленьня ад улады расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, але прызнаў, што захаваньне Ўкраіны ў якасьці незалежнай дзяржавы ўжо будзе «перамогай» у цяперашнім супрацьстаяньні з Расеяй.

У інтэрвію брытанскаму тэлеканалу Sky News Маравецкі сказаў, што «Эўропа і свабодны сьвет» ня могуць «прайграць гэтую вайну», бо параза ва Ўкраіне зробіць і іншыя краіны ўразьлівымі перад пагрозамі і шантажом з боку Пуціна. «Вядома, мы хацелі б, каб яго цалкам адхілілі ад улады, але ён уяўляе сабой грубую сілу, а Расея зьяўляецца звышдзяржавай, і калі ў рэшце рэшт Украіна выжыве як сувэрэнная дзяржава... гэта будзе нашая перамога», — сказаў Маравецкі. Захаваньне незалежнасьці Ўкраіны ён назваў «адзінай мэтай і прычынай», дзеля якіх Захад аказвае Кіеву падтрымку.

Раней аб тым, што адыход або адхіленьне Пуціна ад улады маглі б пакласьці канец вайне і пагрозам Захаду з боку Расеі, заяўляў шэраг іншых палітыкаў ЭЗ і ЗША, у прыватнасьці, кіраўнік МЗС Літвы Габрыелюс Ландсбергіс.

Выступаючы ў красавіку ў Варшаве, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн сказаў пра Пуціна: «Гэты чалавек ня можа заставацца ва ўладзе». Дзярждэпартамэнт, Белы дом і сам Байдэн патлумачылі, што гаворка не ідзе аб тым, што ЗША дамагаюцца адхіленьня Пуціна ад улады або зьмены рэжыму ў Расеі, а толькі аб выказваньні асабістага стаўленьня Байдэна да дзеяньняў расейскага войска ва Ўкраіне, адказнасьць за якія нясе Пуцін.

Шматлікія прадстаўнікі расейскіх уладаў сьцьвярджаюць, што адхіленьне Пуціна ад улады насамрэч зьяўляецца мэтай Захаду.

Польшча — адзін з найбольш пасьлядоўных прыхільнікаў падтрымкі Ўкраіны і жорсткіх захадаў у дачыненьні да Расеі. Сакратар Рады бясьпекі РФ Мікалай Патрушаў у аўторак заявіў, што Польшча, «мяркуючы па ўсім», «ужо пераходзіць да дзеяньняў па захопе заходніх украінскіх тэрыторыяў». Заявы аб тым, што Польшча і іншыя краіны — суседзі Ўкраіны нібыта хочуць захапіць яе заходнія тэрыторыі, гучаць у расейскай прапагандзе з 2014 году.

Падставай для выказваньня Патрушава сталі нядаўнія словы польскага прэзыдэнта Анджэя Дуды аб тым, што «неўзабаве польска-ўкраінская мяжа перастане існаваць». Як вынікала з кантэксту выступу польскага прэзыдэнта — на фоне прыбыцьця ў Польшчу больш як 3 мільёнаў уцекачоў з Украіны ён меў на ўвазе разьвіцьцё транспартных сувязяў паміж краінамі і аблягчэньне працэдураў мытнага і памежнага кантролю.

23 траўня Аляксандар Лукашэнка падчас перамоваў з Уладзімірам Пуціным у Сочы абвінаваціў Захад у жаданьні «расчляніць Украіну». Паводле яго, «палякі і натаўцы гатовыя забраць Заходнюю Ўкраіну». «Нас гэта насьцярожвае ня толькі з гледзішча сёньняшняй бясьпекі. Гэта іх стратэгія па Заходняй Беларусі. Яшчэ ўкраінцам давядзецца нас прасіць, каб мы не дапусьцілі адрыву гэтай заходняй часткі і іншых частак ад Украіны», — сказаў тады Лукашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG