Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі ПЭН: «Сытуацыю ў сфэры культуры ў Беларусі можна назваць расейскай культурніцкай акупацыяй»


Кнігарня «Кнігаўка» ў Менску, працу якой паралізавалі сілавікі
Кнігарня «Кнігаўка» ў Менску, працу якой паралізавалі сілавікі

Беларускі ПЭН запатрабаваў неадкладна вызваліць Андрэя Янушкевіча і Насту Карнацкую і цалкам спыніць перасьлед за культурніцкую дзейнасьць.

Беларускі ПЭН ухваліў заяву з нагоды перасьледу кнігарні «Кнігаўка» і незалежнага выдавецтва «Янушкевіч».

Незалежная кніжная сфэра Беларусі ня толькі існуе ў складаных умовах, але і зазнае маштабныя рэпрэсіі, якія закранаюць як выраб, так і распаўсюд кніжнай прадукцыі, гаворыцца ў заяве.

«Фармаваньне ўласнага кніжнага рынку ўскладненае тым, што ў Беларусі шырока прадстаўленыя кнігі расейскіх выдавецтваў. Улічваючы актуальныя падзеі ў рэгіёне і ў краіне, агульную сытуацыю ў сфэры культуры ў Беларусі можна без перабольшаньня назваць расейскай культурніцкай акупацыяй і прасоўваньнем ідэалёгіі „русского мира“, спалучанымі з вынішчэньнем усяго беларускага».

Таксама аўтары заявы адзначаюць, што пастаянныя рэпрэсіі закранаюць аўтараў, выдаўцоў і супрацоўнікаў выдавецтваў, распаўсюднікаў кніг, літаратурных аглядальнікаў. Неляяльныя да ўладаў літаратары практычна ня маюць магчымасьці сустракацца з чытачамі, аддаваць кнігі на распаўсюд у дзяржаўныя кнігарні, згадваюцца ў дзяржаўных СМІ выключна ў кантэксьце прапаганды і дыфамацыі.

У тэксьце пералічваюцца рэпрэсіі, якіх зазнала кніжная справа ў Беларусі, у тым ліку арышты Андрэя Янушкевіча і Насты Карнацкай у першы дзень працы кнігарні «Кнігаўка» ў Менску.

«Янушкевіча арыштавалі на 10 сутак, Карнацкую — на 13 за нібыта „дробнае хуліганства“. Андрэй Янушкевіч і Наста Карнацкая ня выйшлі пасьля адміністрацыйных арыштаў. У беларускай практыцы гэта можна азначаць як чарговы адміністрацыйны арышт, гэтак і завядзеньне крымінальнай справы. Сытуацыя ўскладняецца тым, што, як і ў выпадку зь іншымі зьняволенымі па палітычных матывах, адвакаты знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошваньні, што ўтварае інфармацыйны вакуўм і робіць немагчымым дакладна зразумець юрыдычны статус людзей у зьняволеньні і іх месцазнаходжаньне. Мы перакананыя: усё злачынства Карнацкай і Янушкевіча заключаецца ў тым, што яны працавалі на карысьць разьвіцьця беларускай культуры».

Апісаныя вышэй падзеі маюць ідэалягічную і палітычную падставы, гаворыцца ў заяве.

«Адбываецца сплянаванае і пасьлядоўнае вынішчэньне незалежнай кніжнай прасторы ў Беларусі, ідуць жорсткія рэпрэсіі супраць выдаўцоў і распаўсюднікаў незалежнай кніжнай прадукцыі. Гэта няўхільна вядзе да практычна поўнага абмежаваньня доступу чытачоў да незалежнай і запатрабаванай беларускай кнігі».

Беларускі ПЭН запатрабаваў неадкладна вызваліць Андрэя Янушкевіча і Насту Карнацкую і цалкам спыніць перасьлед за культурніцкую дзейнасьць.

Андрэй Янушкевіч — беларускі гісторык, кандыдат гістарычных навук, заснавальнік і дырэктар незалежнага выдавецтва «Янушкевіч», якое з 2014 года пасьлядоўна займаецца выданьнем гістарычнай, мастацкай і дзіцячай літаратуры на беларускай мове. Шмат увагі надаецца перакладам замежных аўтараў на беларускую мову. Выдавецтва адыгрывае важную ролю ў разьвіцьці літаратурнага працэсу і беларускай мовы.

Наста Карнацкая — літаратурная аглядальніца, блогерка, супрацоўніца выдавецтва «Янушкевіч». Аўтарка тэлеграм-каналу «Белліт», доступ да якога пасьля затрыманьня Насты атрымалі невядомыя, у выніку чаго ў канале зьмяшчаюцца матэрыялы з прапагандысцкіх каналаў. Такая самая сытуацыя назіраецца і з тэлеграм-каналам выдавецтва «Янушкевіч».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG