Аб гэтым 26 траўня заявіў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у Бішкеку на Эўразійскім эканамічным форуме.
«У нас ёсьць магчымасьць працаваць зь Беларусьсю па шэрагу кірункаў, зьвязаных з каапэрацыяй, і мы абавязкова будзем гэта рабіць», — сказаў расейскі прэзыдэнт.
Паводле слоў Пуціна, Беларусь «захавала пэўныя вельмі важныя для нас кампэтэнцыі, у тым ліку ў мікраэлектроніцы».
Пуцін адзначыў, што падчас нядаўняй сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Сочы была дасягнута дамоўленасьць аб фінансаваньні Масквой «тых вытворчых праектаў унутры Беларусі, прадукты якіх будуць запатрабаваныя ў самой Расеі».
У Эўразійскім эканамічным форуме ўдзельнічалі дэлегаты ад усіх краін Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭАЭС). Ад Беларусі на форуме выступілі прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка, віцэ-прэмʼер Ігар Петрышэнка і экс-сьпікер Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч.
У ЭАЭС уваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан і Расея.