Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 даляраў ЗША за адзін беларускі «зайчык». Беларускаму рублю спаўняецца 30 гадоў


Беларускія рублі
Беларускія рублі

Успамінаем, адкуль «запазычылі» выяву таго самага зайчыка, як па-іншаму магла называцца беларуская валюта і іншыя цікавыя факты.

Першая ў найноўшай гісторыі Беларусі нацыянальная валюта афіцыйна зьявілася 25 траўня 1992 году і атрымала назву «беларускі рубель». Да 30-годзьдзя нацыянальнай валюты Свабода згадвае асноўныя факты пра беларускія «зайчыкі».

Не зусім першая

Уласныя папяровыя купоны, якія выкарыстоўваліся для наяўных разьлікаў за тавары, Беларусь пачала друкаваць яшчэ да афіцыйнага развалу СССР — у лістападзе 1991-га.

Яны выкарыстоўваліся паралельна з савецкімі рублямі — беларусы атрымлівалі вялікія лісты купонаў разам з заробкам. Пасьля ў крамах прадаўцы самі выразалі з купонных лістоў неабходную колькасьць нажніцамі. Такім чынам улады спрабавалі змагацца з паскоранай інфляцыяй і неяк рэгуляваць вартасьць савецкага рубля. Пратрымаліся купоны менш за год, ужо летам 1992-га іх фактычна перасталі выкарыстоўваць.

Беларускія купоны
Беларускія купоны

Выпускалі купоны і цэнтральныя банкі іншых савецкіх рэспублік. Беларускія адрозьніваліся выкарыстаньнем беларускай мовы і простым афармленьнем. Агульныя наміналы лістоў купонаў, якія друкаваліся ў 1991–92 гадах, амаль цалкам адпавядалі сучасным наміналам — 20, 50, 75, 100, 200 і 500 рублёў.

Правобраз нацыянальнай валюты мог узьнікнуць і значна раней за 1991 год. Размовы аб яе стварэньні вяліся ў часы БНР, аднак тады справа не зайшла далей за выпуск паштовых марак.

Да 1993 году ў Беларусі паралельна карысталіся новымі сваімі і старымі савецкімі рублямі, але пазьней хаджэньне савецкіх было спыненае.

Нацыянальная валюта магла называцца іначай

Размовы аб увядзеньні беларускай нацыянальнай валюты ў Вярхоўным Савеце БССР пачаліся яшчэ ў 1990 годзе, калі ў развал СССР мала хто верыў.

Найбольшую актыўнасьць у гэтым праяўляў баранавіцкі дэпутат Сяргей Слабчанка. Вынікам яго дзейнасьці стаў распрацаваны канцэпт з эскізамі банкнотаў і нават манэт, якія прапаноўвалася назваць талерамі і грошамі адпаведна. Таксама неабходна было стварыць новую структуру, якая б займалася распрацоўкай і друкам беларускіх грошай. У СССР усім гэтым займалася адна структура, разьмешчаная ў Маскве, — Гознак СССР.

Эскізы беларускіх талераў. Экспазыцыя «Беларускі рубель. Гісторыя ў чвэрць стагодзьдзя» ў Музэі сучаснай беларускай дзяржаўнасьці
Эскізы беларускіх талераў. Экспазыцыя «Беларускі рубель. Гісторыя ў чвэрць стагодзьдзя» ў Музэі сучаснай беларускай дзяржаўнасьці

Канцэпцыяй выгляду беларускіх талераў займаўся мастак Уладзімер Крукоўскі, эскізы банкнотаў аформіў Леанід Бартлаў. На іх былі выявы Янкі Купалы, Усяслава Полацкага, пляны старажытных беларускіх гарадоў. Манэты «рысаваў» графік і скульптар Леў Талбузін.

Эскіз Талбузіна, 1990 год
Эскіз Талбузіна, 1990 год

Усе банкноты плянавалася аформіць у сьветлых, шэра-чырвона-белых адценьнях. Але ў выніку большасьць дэпутатаў прагаласавала супраць такой канцэпцыі, і першая нацыянальная валюта па аналёгіі з савецкай і расейскай стала называцца беларускім рублём.

Выяву зайца «запазычылі» са старой савецкай кнігі пра жывёлаў

У выніку было вырашана выбраць цалкам нэўтральны варыянт, які б задаволіў усе бакі — і нацыянальную плынь, і камуністычную. Як згадваў Сяргей Слабчанка ў пазьнейшыя гады, ідэю аформіць беларускія рублі выявамі жывёлаў запазычылі ў галяндзкай нацыянальнай валюты — гульдэна: там на банкнотах былі выявы птушак і сланечніку.

«Я проста пайшоў у суседнюю бібліятэку, узяў дзіцячую энцыкляпэдыю і адксэракапіяваў адтуль зайца, які спадабаўся, — расказваў Слабчанка ў інтэрвію журналісту «Камсамольскай праўды ў Беларусі» Генадзю Мажэйку (арыштаванаму ў кастрычніку 2021 за публікацыю пра сьмерць Андрэя Зельцара. — РС). — Намаляваў на адваротным баку ад рукі «Пагоню» і крыж са слуцкіх паясоў. Падпісаў — «Адзін рубель».

Сяргей Слабчанка з дачкой Дар'яй на дэманстрацыі. Травень 1988 г.
Сяргей Слабчанка з дачкой Дар'яй на дэманстрацыі. Травень 1988 г.

Бібліятэка, дзе Сяргей Слабчанка знайшоў «беларускага зайчыка», знаходзіцца ў Менску ля касьцёла на Залатой горцы.

Друкавалі першыя беларускія рублі ў Расеі, хоць свае прапановы актыўна дасылалі і заходнія друкарні. Яны нават распрацавалі свае ўзоры будучых беларускіх рублёў, гэтыя протабанкноты можна зараз пабачыць у музэі Нацыянальнага банку Беларусі.

Іншых зьвяроў падгледзелі на літоўскіх купонах, якія ў Літве пачалі хадзіць на год раней за беларускія рублі ў Беларусі. Адтуль на беларускую нацыянальную валюту «перасяліліся» рысь, лось, мядзьведзь і нават зубар.

Па памерах першыя беларускія «зайчыкі» былі амаль удвая меншыя, чым сучасныя банкноты. Гэтак было зроблена з жаданьня зэканоміць. У 1991 годзе ў беларускага ўраду не было грошай нават на друк уласных банкнотаў.

Купала мог зьявіцца на беларускіх рублях у 1993-м

Разьліковыя білеты з зайцам, рысьсю і іншымі зьвярамі ад пачатку прымаліся як часовы варыянт. У будучыні Нацбанк зьбіраўся ўвесьці ў абарачэньне паўнавартасную валюту. Яе наклад нават быў надрукаваны перад выбарамі 1994 году. Але пасьля да ўлады прыйшоў Лукашэнка, і ўсе новыя банкноты, як мяркуецца, былі зьнішчаныя.

Эскіз з выявай Янкі Купалы
Эскіз з выявай Янкі Купалы

Ускоснае пацьвярджэньне гэтай гісторыі знайшлося ў 2016 годзе, калі на адным з заходніх аўкцыёнаў «усплыў» поўны набор з шасьці банкнот перадсэрыйнага ўзору. Набор спачатку прадаваўся за 6 000 даляраў, пазьней лот зьнік з продажу.

У 2021 годзе яго за значна меншыя грошы купіў амэрыканец беларускага паходжаньня, які падзяліўся са СМІ якаснымі фатакопіямі ўсіх банкнотаў. Іх сапраўднасьць пацьверджаная экспэртамі спэцыялізаванага аўкцыёну.

На банкнотах наміналам ад 1 да 100 рублёў былі выявы Купалы, Коласа, Скарыны, Багдановіча, а таксама Камянецкая вежа і царква ў Полацку.

Тры дэнамінацыі — агулам у 100 мільёнаў разоў

З 1992 году беларуская нацыянальная валюта тройчы пазбаўлялася нулёў. Агулам за гэты час яе намінал зьмяніўся на восем нулёў — гэта значыць у 100 мільёнаў разоў.

У момант увядзеньня ў абарачэньне курс абмену беларускіх рублёў на савецкія складаў 1 да 10. Першая дэнамінацыя адбылася ўжо ў 1994 годзе — у 10 разоў. Наступная, у 2000-м, — адразу ў 1000 разоў.

Апошняя на гэты момант прыпала на 2016 год і супала з увядзеньнем зусім новых банкнотаў, якія нарэшце можна было лічыць паўнавартаснай нацыянальнай валютай (раней беларускія рублі тэхнічна былі разьліковымі білетамі Нацбанку). Дэнамінацыя 2016 году «абрэзала» адразу чатыры нулі.

Такім чынам, беларускі рубель за 30 гадоў свайго існаваньня абясцэніўся ў 100 мільёнаў разоў. Даляр ЗША, да прыкладу, не дэнамінаваўся ні разу за ўвесь час існаваньня. У якасьці адзінага плацежнага сродку даляр ЗША існуе з 1792 году. Усе банкноты, выпушчаныя ў ЗША пасьля 1861 году, зьяўляюцца законнымі плацежнымі сродкамі.

Першы афіцыйны курс — 20 даляраў за адзін «зайчык»

Паводле афіцыйнага сайта «Банку Расеі», афіцыйны курс савецкага рубля да амэрыканскага даляра 27 траўня 1992 году складаў 50 капеек за даляр. У гэты ж дзень новы беларускі рубель мянялі па курсе на 10 савецкіх. Але ў рэальнасьці абмяняць «зайчыкі» і тым больш савецкія рублі па такіх курсах было немагчыма.

Ужо ў 1990 годзе Гарбачоў зацьвердзіў альтэрнатыўныя камэрцыйныя курсы валют, якія маглі адрозьнівацца ад афіцыйных у дзясяткі разоў.

Першы рэальны курс беларускага рубля да амэрыканскага даляра, зафіксаваны на сайце Нацбанку Беларусі, адносіцца да 29 сакавіка 1995 году. Тады даляр ЗША каштаваў ужо 11 600 беларускіх рублёў. Курс па стане на 25 траўня 2022 году — 2 рублі 46 капеек. З улікам усіх дэнамінацый гэта 246 мільёнаў беларускіх рублёў за 1 даляр ЗША.

Мог зьнікнуць ужо ў 2005 годзе

Пра пераход на расейскія рублі ў якасьці адзінай валюты Лукашэнка загаварыў неўзабаве пасьля свайго выбраньня ў 1994-м.

13-ы артыкул дамовы аб стварэньні «саюзнай дзяржавы» прадугледжваў увядзеньне расейскага рубля ў Беларусі ўжо з 1 студзеня 2005 году.

Пазьней тэрміны неаднаразова пераносіліся. Апошні на сёньня раз пра ліквідацыю беларускага рубля як нацыянальнай валюты і пераход на расейскі рубель гаварылася ў сувязі з падпісаньнем так званых інтэграцыйных мапаў восеньню 2021 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG