Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежная ад Масквы Праваслаўная царква Ўкраіны стварае свой манастыр у Кіева-Пячэрскай лаўры


Украінскі сьцяг на фоне Кіева-Пячэрскай лаўры. Архіўнае фота
Украінскі сьцяг на фоне Кіева-Пячэрскай лаўры. Архіўнае фота

Цяпер там ужо дзейнічае манастыр УПЦ Маскоўскага патрыярхату.

Праваслаўная царква Ўкраіны (ПЦУ), якая тры гады таму атрымала Томас аб аўтакефаліі, стварыла ўласны мужчынскі манастыр — Сьвята-Ўсьпенскую Кіева-Пячэрскую лаўру — і неўзабаве зьвернецца ва ўкраінскі ўрад з просьбай перадаць ім адзін з храмаў той часткі лаўры, дзе цяпер знаходзіцца дзяржаўны запаведнік.

Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Сьвятога Сыноду ПЦУ.

«Улічваючы асаблівае значэньне Сьвята-Ўсьпенскай Кіева-Пячэрскай лаўры як сьвятыні ўсеўкраінскага і ўсясьветнага значэньня, з мэтай пераадольваньня наступстваў некананічнага падпарадкаваньня гэтага манастыра ўладзе Маскоўскага патрыярхату Сынод вырашыў стварыць у складзе Праваслаўнай царквы Ўкраіны рэлігійную арганізацыю „Сьвята-Ўсьпенскую Кіева-Пячэрскую лаўру“ (мужчынскі манастыр) Праваслаўнай царквы Ўкраіны», — паведаміла прэсавая служба ПЦУ.

Сынод таксама папрасіў кіраўніка ПЦУ мітрапаліта Епіфанія зьвярнуцца ў Кабінэт міністраў Украіны з просьбай аб перадачы аднаго з храмаў лаўры і некаторых яе памяшканьняў для выкарыстаньня ў богаслужбах і манастырскай дзейнасьці.

Цяпер у Верхняй лаўры дзейнічае нацыянальны Кіева-Пячэрскі гісторыка-культурны запаведнік.

Манастырскі комплекс Ніжняй лаўры быў перададзены ў арэнду Ўкраінскай праваслаўнай царкве Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП). У Маскоўскім патрыярхаце пакуль публічна не камэнтуюць заявы Праваслаўнай царквы Ўкраіны.

Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату арандуе Кіева-Пячэрскую лаўру на падставе дамовы, падпісанай у 2013 годзе. У гэтым дакумэнце адзначаецца, што УПЦ МП бясплатна карыстаецца рэлігійнымі збудаваньнямі і іншай маёмасьцю, якія зьяўляюцца дзяржаўнай уласнасьцю Ўкраіны. Перадача ў арэнду адбылася на няпэўны тэрмін. Вартасьць перададзенай у арэнду маёмасьці на той момант складала 22,9 мільёна грыўняў (амаль 3 мільёны даляраў па курсе 2013 году. — РС).

З пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў склад ПЦУ перайшлі 50 рэлігійных грамад, якія знаходзіліся ў падпарадкаваньні Маскоўскага патрыярхату.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG