Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Таджыкістане забілі меркаванага арганізатара антыўрадавага мітынгу ў Харозе


Мамадбакір Мамадбакіраў
Мамадбакір Мамадбакіраў

22 траўня ў Таджыкістане застрэлілі меркаванага арганізатара антыўрадавага мітынгу ў Горна-Бадахшанскай аўтаномнай вобласьці Мамадбакіра Мамадбакірава, паведамляе таджыцкая служба Радыё Свабода.

Улады называюць загінулага кіраўніком арганізаванай злачыннай групоўкі і заяўляюць, што ён быў забіты ў выніку крымінальнага канфлікту.

У сацыяльных сетках пішуць, што Мамадбакірава застрэліў снайпэр аднаго зь сілавых ведамстваў, перадае агенцтва «Фергана».

Паводле зьвестак таджыцкай службы Радыё Свабода, забойства адбылося недалёка ад дома Мамадбакірава ў Харозе.

Мамадбакіраў — былы камандзір сіл самаабароны рэгіёну, рэінтэграваны ў таджыцкія памежныя войскі.

Сытуацыя ў Горна-Бадахшанскай аўтаномнай вобласьці напалілася пасьля 14 траўня, калі некалькі сотняў жыхароў Харогі выйшлі на акцыю пратэсту і запатрабавалі адстаўкі кіраўніка вобласьці Алішэра Мірзанабота і мэра Харогі Рыза Назарзоды, зьняцьця ўсіх блокпастоў у Харозе і спыненьня перасьледу жыхароў Бадахшану. Пасьля таго як улады адмовіліся разгледзець іхныя патрабаваньні, 16 траўня вялікая група мясцовай моладзі накіравалася ў бок абласной адміністрацыі.

Сілавікі ўжылі супраць іх гумовыя кулі і сьлезацечны газ. У выніку адзін чалавек загінуў, паранены некалькі чалавек, у тым ліку трое сілавікоў.

18 траўня ўлады Таджыкістана абвясьцілі ў Горна-Бадахшанскай аўтаномнай вобласьці аб пачатку «антытэрарыстычнай апэрацыі». Паводле зьвестак МУС, у Рушанскім раёне краіны адбыліся сутыкненьні паміж урадавымі войскамі і мясцовымі жыхарамі, якія перакрылі дарогу на Харозе «з мэтай дэстабілізацыі грамадзка-палітычнай сытуацыі».

Таджыцкая служба Радыё Свабода са спасылкай на мясцовых жыхароў паведамляе, што 19 траўня родным перадалі 21 цела ахвяр «контратэрарыстычнай апэрацыі». Пазьней крыніца ў аддзеле міліцыі пацьвердзіла выданьню гэтую інфармацыю.

Днём раней МУС Таджыкістана паведаміла аб 8 загінулых і 11 параненых падчас «апэрацыі» ў Рушанскім раёне. Па афіцыйных дадзеных на 19 траўня, сілавікі затрымалі 114 чалавек.

У рэгіёне адсутнічае сувязь і інтэрнэт, а прадстаўнікам СМІ забараняюць уезд у Горна-Бадахшанскую аўтаномную вобласьць, таму праверыць інфармацыю аб колькасьці загінулых і пацярпелых у незалежных крыніцах пакуль немагчыма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG