Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усё ўсярэдзіне абрываецца, калі адчыняеш паштовую скрыню, а там пуста». Улады пазбаўляюць палітвязьняў перапіскі


З разьвіцьцём ІТ-тэхналёгій пра папяровыя лісты ў канвэртах людзі, здавалася б, забыліся. Але ў Беларусі попыт на канвэрты, маркі і прыгожую паперу вырас у некалькі разоў. Тысячы людзей пішуць лісты ў турмы. Даведаліся, пра што яны пішуць і ці даходзяць лісты за краты і адтуль.

З восені 2020 году, калі сотні беларусаў апынуліся за кратамі, у паштовых аддзяленьнях утварыліся чэргі, каб адправіць лісты ў СІЗА і турмы. Людзі спадзяюцца, калі лісты заказныя, ёсьць большая імавернасьць, што яны дойдуць да адрасата. Шукаюць прыгожыя канвэрты, маркі, паштоўкі.

Вельмі радуюцца, калі атрымліваюць адказы з турмаў: выстаўляюць лісты ў сацсетках, дзеляцца зь сябрамі. Але апошнія паўгода лісты ў абодва бакі — і з волі за краты, і з турмаў на волю — перасталі даходзіць.

Вольга піша ў фэйсбучнай суполцы «Лісты салідарнасьці»:

«Два месяцы трымалася, а больш няма сіл. Проста ўсё абрываецца, калі адчыняеш паштовую скрыню, а там пуста. Апошнія лісты былі ад Марфы Рабковай у сярэдзіне лютага і ад Сяргея Дзюбы на восьмага сакавіка (там было толькі віншаваньне, відаць, таму прапусьцілі). Вельмі патрэбен ліст у скрыні (з ГУУС, ад пракурора ці з суду — не канае, праверана). Буду ўдзячная, калі хто мне напіша)). Я таксама напішу таму, хто пакутуе ад пустой паштовай скрыні. Вязьням пісаць працягваем!»

Паразмаўлялі зь беларусамі, якія шмат пішуць знаёмым і незнаёмым палітвязьням.

«Мяне ўразіла сьмеласьць Машы Калесьнікавай»

Алена нават у «ковідныя часы» са скандынаўскіх краінаў прывозіла прыгожыя паштоўкі, сама клеіла з каляровай паперы яркія, адметныя канвэрты. Першыя паштоўкі яна адправіла Марыі Калесьнікавай, як толькі тую пасадзілі.

«Мяне ўразіла сьмеласьць Машы Калесьнікавай. Мае паштоўкі дайшлі, я атрымала два кароценькія адказы, а потым і ліст пра яе побыт у турме Жодзіна. Праз кароткі час ліставаньне з Марыяй спынілася, раз на пару месяцаў прарываліся толькі кароткія вестачкі ад яе. Сама Марыя пошту рэдка атрымлівала, ад мяне ёй мала што даходзіла, хоць я працягвала пісаць рэгулярна.

Урывак ліста ад Марыі Калесьнікавай
Урывак ліста ад Марыі Калесьнікавай

Ліставаньне аднавілася са жніўня 2021 году, калі пачаўся працэс над Марыяй і Максімам Знакам, і працягвалася да канца студзеня, калі яе перавялі ў жаночую калёнію № 4 у Гомлі. З таго часу лісты ад Марыі не прыходзяць зусім. Па маіх назіраньнях, гэта агульная тэндэнцыя ў ліставаньні з усімі палітвязьнямі. З канца студзеня ў мяне яно перапынілася».

Алена і Марыя ў лістах абмяркоўвалі кнігі — яны адначасова прачыталі раман Бэрнгарда Шлінка, які ў СІЗА на Валадарцы быў у перакладзе на расейскую мову пад назвай «Чтец».

«Па гэтай кнізе ёсьць фільм, Марыя яго глядзела, але кніга спадабалася ёй болей за кіно. А вось зборнік апавяданьняў Шлінка нам ужо ня так „зайшоў“. Я нават ня здолела яго дачытаць. Ці дачытала яго Марыя, ня ведаю. Усё ж перапіска нават у лепшыя часы была пункцірнай, некаторыя лісты ўсё адно прападалі. Гэта прыкметна па нумарацыі лістоў», — робіць высновы Алена.

Яна пісала і іншым вязьням: Міколу Статкевічу паслала паштоўку, калі ён адбываў мінулы тэрмін за падзеі 2020 года. Тады пасаромелася пазначыць зваротны адрас. А гэтым разам адрас пазначыла, і Мікола адказаў.

«Мае лісты Міколу даходзілі лепей за ягоныя мне. Апошні ліст ад Міколы я атрымала ў сярэдзіне лютага 2022 года. Ён вельмі кранальна расстаўляе смайлікі ў сваіх лістах. Я чамусьці ад яго такога не чакала.

Тры мае сяброўкі па перапісцы выйшлі на свабоду: Ала Шарко і Юлія Слуцкая з „Прэс-клюбу“ і Вольга Лойка, калёнкі якой я чытала на галоўным партале краіны. Але Шарко я заўжды старалася паслаць прыгожую паштоўку з жывапісам — прачытала, што Ала любіць мастацтва. Ала слала мне паштоўкі, якія малявала сама, і гэта было вельмі прыемна», — успамінае Алена.

Яна пасылала і прыемныя дробязі, напрыклад наборы паштовак. Часам не атрымлівалася пісаць рэгулярна ўсім, і ад гэтага Алена моцна пераймалася:

«Нават калі ты напісала чалавеку хоць раз, ты ўжо памятаеш і думаеш, як там твая сяброўка па перапісцы. Па тры лісты я атрымала ад Ірыны Леўшынай і Марыны Золатавай, па адным — ад Валерыі Касьцюговай і Ксеніі Луцкіной», — кажа Алена.

«Я ўсе свае лісты фатаграфую і захоўваю архіў. Дойдзе ці ня дойдзе, гэта ўжо адказнасьць іншых людзей»

Для многіх людзей напісаць ліст, асабліва малазнаёмаму альбо незнаёмаму чалавеку, вялікая праблема, бо не заўсёды ведаеш сфэру інтарэсаў, захапленьні. Да таго ж ёсьць цэнзура. Алена дае такія парады:

«Можна пісаць, напрыклад, успаміны. Пра выпадак зь мінулага, зь дзяцінства. Пра тое агульнае, што вы знаходзіце з асобай, якой пішаце, пра ўражаньні дня, пра тое, чым хочацца падзяліцца. А каб было чым дзяліцца, трэба самім пасьпяваць жыць, чытаць кнігі, глядзець фільмы, сустракацца зь сяброўкамі, выходзіць гуляць і назіраць за прыродай.

Каб зрабіць свой ліст адметным, я клеіла канвэрты сама з каляровай офіснай паперы ці для дзіцячай творчасьці, з паперы, у якую загортваюць падарункі.

Канвэрты, у якіх Алена дасылала палітвязьням лісты
Канвэрты, у якіх Алена дасылала палітвязьням лісты

Але цяпер пошта палітвязьням даходзіць настолькі кепска, што я б раіла берагчы свой матэрыяльны рэсурс і не ўкладацца ў дарагія матэрыялы. Самае галоўнае ў ліставаньні — гэта ўласна самі лісты, іх рэгулярнасьць, словы, якія вы пішаце. Можна напісаць маленькі ліст звычайнай асадкай на аркушы са сшытка і ўкласьці ў просты белы канвэрт. Галоўнае, каб ліст ці паштоўка былі напісаныя.

Я ўсе свае лісты фатаграфую і захоўваю архіў. Дойдзе ці не дойдзе, гэта ўжо адказнасьць іншых людзей», — мяркуе Алена.

Лісты Алены палітвязьням
Лісты Алены палітвязьням

«Аляксандар Фядута прасіў мяне, каб я стала „сарокай“, якая прыносіла яму вестачкі»

Марыя зь лета 2021 году рэгулярна пісала лісты калегам-журналістам Марыне Золатавай, Ірыне Леўшынай, Ксеніі Луцкіной і Аляксандру Фядуту.

Улетку і ўвосень перапіска ішла вельмі рэгулярна: прыкладна праз 10 дзён на кожны ліст ці паштоўку, напісаныя Марыяй, з-за кратаў прыходзіў адказ ад Ірыны, Марыны, Аляксандра. А вось ад Ксеніі Луцкіной лісты прыходзілі зь перабоямі. Апошні ліст ад Марыны Золатавай прыйшоў у сьнежні, ад Ірыны Леўшынай — у студзені, ад ад Ксеніі Луцкіной і Аляксандра Фядуты — у лютым. З таго часу лістоў з Валадаркі Марыя больш не атрымлівала.

Лісты Марыі палітвязьням
Лісты Марыі палітвязьням

«Я старалася пісаць нэўтральныя па зьместу лісты. Шмат пісала пра нашу прафэсію, узгадвала студэнцкія гады, сумесныя журналісцкія паездкі.

Аляксандар Фядута прасіў мяне, каб я стала „сарокай“, якая прыносіла яму вестачкі. Таму я пісала пра ўсіх знаёмых: пра Сяргея Ваганава, Уладзімера Някляева, Сьвятлану Калінкіну, пра рэдакцыю „Народнай волі“.

А потым мы пераключыліся на тэму кіно — Аляксандар жа вельмі дасьведчаны і адукаваны ў розных сфэрах. Абмяркоўвалі цікавыя фільмы, якія глядзелі раней, герояў „Гульні прастолаў“.

Калегі мне пісалі, як яны бавяць час за кратамі. Ірына расказала, якія маскі для твару яны робяць, чым пазногці фарбуюць. Я даведалася ад яе, што там, аказваецца, можна і валасы пафарбаваць.

Ксенія Луцкіна лісты піша выключна па-беларуску і кожны ліст заканчвае фразай „Усё будзе добра“ і сэрцайкам, намаляваным чырвоным флямастарам.

Калі лісты даходзілі, настрой у іх быў нармальны. З Ірынай Леўшынай абмяркоўвалі літаратуру, яна расказвала, якія кнігі чытае. Тады Іра Леўшына даведалася, што ёй „шыюць“ артыкул пра экстрэмізм, і хоць хтосьці з калег казаў, што яна ў дэпрэсіі, але я гэтага не адчула: лісты былі бадзёрыя, аптымістычныя.

Калі я перастала атрымліваць лісты, я слала вязьням паштоўкі з выявамі і цытатамі Віктора Гюго, Леанарда да Вінчы — пісала штосьці накшталт школьных сачыненьняў. А ня так даўно стала слаць тэлеграмы», — расказвае Марыя.

«Перапіска з бацькамі, дзецьмі яшчэ дазвалялася, а вось зь сябрамі, знаёмымі яе проста блякавалі»

Многія заўважаюць, што да Новага году ліставаньне з палітвязьнямі адбывалася больш-менш нармальна. Пасьля Новага году лісты з-за кратаў сталі прыходзіць усё радзей. Складвалася ўражаньне, што з бацькамі, дзецьмі перапіска яшчэ дазвалялася, а вось зь сябрамі, знаёмымі яе проста блякавалі, кажа Аляксандар, які піша рэгулярна дванаццаці зьняволеным.

«Я думаю, такім чынам ціснуць на палітзьняволеных. Мае сябры, якія апынуліся на Валадарцы, пісалі, што самыя цяжкія і доўгія дні за кратамі — субота і нядзеля, калі наагул не прыносяць лістоў. Панядзелка ўсе чакаюць зь дзьвюх прычын: у гэты дзень прыносяць лісты, і іх звычайна больш, чым у астатнія дні тыдня. Да таго ж у дзяўчат на Валадарцы гэта яшчэ і „лазьневы дзень“. Адна мая сяброўка, якая там знаходзіцца ўжо амаль год, шчыра прызнавалася, што ледзьве пасьпявала ў душ у панядзелак, бо ёй прыходзіла па некалькі лістоў і яна пра ўсё забывалася, сьпяшалася адказаць на кожны ліст. І зьвяртала ўвагу, што ўсім заўсёды адказвае: калі адказу няма, азначае, што ліст да яе не дайшоў.

Месяцы чатыры ў маёй паштовай скрыні пуста, хоць я працягваю раз на тыдзень кожнаму з 12 слаць паштоўкі з надзеяй, а раптам хоць каму-небудзь дойдуць», — дзеліцца Аляксандар.

239 дзён не было лістоў ад Дзяніса Івашына

Многім палітвязьням лісты наагул не даходзяць — гэта своеасаблівая помста і катаваньні, лічыць жонка палітвязьня Дзяніса Івашына Вольга.

Журналіст Дзяніс Івашын, якому выставілі абвінавачваньне ў здрадзе дзяржаве, 426 дзён утрымліваецца за кратамі. 239 дзён ад яго няма лістоў, кажа жонка Дзяніса Вольга.

«Больш за паўгода мы зь ягонымі бацькамі не атрымлівалі ад Дзяніса ніводнага ліста. Апошняе паведамленьне з-за кратаў прыйшло празь месяц пасьля таго, як Дзяніс яго перадаў работнікам турмы: гэта была паштоўка да Новага году і Раства, якую ён даслаў маёй маці.

Дагэтуль мы ня можам высьветліць дакладна, ці то так званы сьледчы орган забараняе карэспандэнцыю, ці то гэта зьдзекі самой адміністрацыі горадзенскай вязьніцы — паводле ўласнага рашэньня ці на загад зьверху, бо ў сваіх адказах яны супярэчаць адзін аднаму або проста не адказваюць. Не дзяржслужбоўцы, а нейкія гадаванцы дзіцячага садочка», — абураецца Вольга Івашына.

Ліст Дзянісу Івашыну ад Марыі
Ліст Дзянісу Івашыну ад Марыі

Пэрыядычна то затрымліваюцца, то зьнікаюць пасылкі, якія сваякі і сябры дасылаюць палітвязьню, працягвае Вольга.

«Нядаўна бандэроль вярнулася назад з фармулёўкай „адмова“, у сэнсе што яе адмовіліся прыняць. Паводле лёгікі атрымліваецца, што сам Дзяніс адмовіўся, але ён пра тую пасылку наагул ня ведаў. Нядаўна яму перадалі некаторыя лісты і паштоўкі, якія былі адпраўленыя яшчэ ў канцы студзеня. Перадалі адзін мой ліст і два лісты ад бацькоў.

Ад яго па-ранейшаму нічога не даходзіць», — кажа Вольга Івашына.

Галадоўка як адзіны сродак дамагчыся аднавіць перапіску

На 65-гадовую актывістку з Пружанаў Алену Гнаўк завялі чатыры крымінальныя справы. У дзьвюх яе ўжо асудзілі на тры гады хатняй «хіміі». Яшчэ дзьве — нібыта за «дыскрэдытацыю ўладаў» і «паклёп на Лукашэнку». Жанчыну ўтрымліваюць у Пружанскім ІЧУ.

Дачка Алены Гнаўк Тацяна Мазко паведаміла днямі, што яе маці ўжо больш за 10 дзён трымае галадоўку — праз тое, што ейныя лісты нікому не даходзяць.

«Таксама маці піша скаргі ў разнастайныя інстанцыі і нікуды дапісацца ня можа. Настрой ад гэтага ў яе ня вельмі. Вы ведаеце, як яна любіць пісаць, і шмат пісаць, як любіць размаўляць зь людзьмі. А цяпер яна ў вакуўме. І, мабыць, галадоўка — гэта адзіны спосаб змагацца, каб вярнуць сабе простыя чалавечыя магчымасьці», — піша дачка Алены Гнаўк.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG