Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня год з пажару касьцёла ў Будславе. Як ідзе яго аднаўленьне


Фэст у Будславе, які прайшоў ужо пасьля пажару, 2 ліпеня 2021
Фэст у Будславе, які прайшоў ужо пасьля пажару, 2 ліпеня 2021

Пажар у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай адбыўся летась 11 траўня. Прайшлі ўжо шматлікія рамонтныя работы, рэстаўрацыя касьцёла працягваецца.

«У гадавіну пажару хачу падзякаваць усім, хто спрычыніўся да аднаўленьня Будслаўскага касьцёла: валянтэрам, ахвярадаўцаў, будаўнікам. Бяз вашай дапамогі было б немагчыма рэалізаваць усё тое, што зроблена за мінулы год. Вялікі вам дзякуй!» — напісаў сёньня ў тэлеграм-канале «Адновім Будслаў разам!» настаяцель храма, ксёндз Дзьмітры Дубовік.

Пажар у нацыянальным санктуарыі здарыўся 11 траўня. У выніку абваліўся дах, а вада з пажарных брандспойтаў пашкодзіла сьцены, падлогу і мэблю. Абраз Маці Божай Будслаўскай, Найсьвяцейшы Сакрамэнт і іншую каштоўную маёмасьць пасьпелі вынесьці. Кіраўніцтва касьцёла неадкладна зьвярнулася па дапамогу ў зборы сродкаў, былі адкрытыя адмысловыя рахункі.

На адбудову касьцёла, па дадзеных на сьнежань 2021 году, неабыякавыя людзі сабралі каля 1 130 160 рублёў.

За прамінулы час валянтэры разабралі абгарэлыя часткі, прасушылі ўнутранае ўбраньне і арганы, усталявалі чуйнікі вільгаці, ачысьцілі дах ад сьмецьця і вугалю, разабралі падвалы. У пачатку чэрвеня будаўнікі накрылі часовы дах, а таксама наладзілі сыстэму адводу дажджавой вады.

Аднак да гэтага моманту работы ў аднаўленьні касьцёла ня скончаныя. Для таго, каб займацца рэстаўрацыяй купалаў, касьцёл цалкам зачынілі з 10 траўня па 3 чэрвеня.

«Спадзяёмся, што да 3 чэрвеня пасьпеем скончыць, але магчыма, работы крыху зацягнуцца. Затое да фэсту ўсё будзе гатова!», — гаворыцца ў паведамленьні кампаніі «Адновім Будслаў разам!»

Летась праз наступствы моцнага пажару фэст у Будславе (2 і 3 ліпеня праходзяць ўрачыстасьці ў гонар абраза Маці Божай Будслаўскай) праводзілі на вуліцы і з жывой трансьляцыяй.

У 2018 годзе UNESCO уключыла Будслаўскі фэст у сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. Сам касьцёл — помнік позьняга барока, яго архітэктура прызнаная ўнікальнай на землях ўсёй былой Рэчы Паспалітай. Абраз Будслаўскай Божай Маці — адна з самых значных каталіцкіх святынь, яе шануюць як абаронцу ўсіх беларускіх каталікоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG