Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка расказаў, чаму ён у 1995 годзе вырашыў зьмяніць дзяржаўныя герб і сьцяг, захаваўшы белы і чырвоны колеры


«Марш міру і незалежнасьці» ў Менcку, 30 жніўня 2020 году
«Марш міру і незалежнасьці» ў Менcку, 30 жніўня 2020 году

Аляксандар Лукашэнка патлумачыў замену дзяржаўных сымбаляў у 1995 годзе тым, што ранейшыя — герб Пагоня і бел-чырвона-белы сьцяг — былі падобныя на сымболіку суседніх краін.

Пра гэта, як перадае БелаПАН, Лукашэнка сказаў падчас «урачыстага рытуалу ўшанаваньня дзяржаўных сымбаляў» на плошчы Дзяржаўнага сьцягу ў Менску 8 траўня. На яго думку, ранейшая сымболіка — бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня — былі падобныя да сымболікі суседніх Літвы і Польшчы.

Лукашэнка сказаў, што дзяржаўныя сымбалі «павінны адрозьніваць дзяржаву ад іншых краін». «Які быў прапанаваны герб? „Пагоня“. Вам ён не нагадвае герб іншай краіны? Мне нагадвае. Нам быў прапанаваны сьцяг. Дадай яшчэ адну палоску — і мы запазычвалі суседняй краіны сьцяг», — заявіў ён.

Пры даданьні сіняй паласы зь бел-чырвонага-белага сьцягу рабіўся б сьцяг Расеі, але ў прэс-службе ўдакладнілі, што меўся на ўвазе сьцяг Польшчы, які прадстаўляе бел-чырвонае палотнішча.

Лукашэнка лічыць меншасьцю тых, хто «задаецца пытаньнем, чаму ў Беларусі менавіта такія дзяржаўныя сымбалі». Паводле яго слоў, у дзяржаўных сымбалях захаваны чырвоны і белы колеры.

Бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня былі прызнаныя дзяржаўнымі сымбалямі Беларусі з прыняцьцем 19 верасьня 1991 году Вярхоўным Саветам БССР Закону «Аб назве Беларускай ССР», у адпаведнасьці зь якім яна стала называцца «Рэспубліка Беларусь». Герб Пагоня пазьней быў афіцыйна прызнаны нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьцю.

Дзяржаўная сымболіка была заменена на чырвона-зялёны сьцяг і герб, заснаваныя на сымбалях БССР, па выніках ініцыяванага Лукашэнкам рэфэрэндуму 14 траўня і зацьверджана 7 чэрвеня 1995 году.

Бел-чырвона-белая нацыянальная сымболіка, якая выкарыстоўваецца прадстаўнікамі дэмакратычных сіл увесь час з 1995 году, набыла масавую папулярнасьць падчас пратэстаў у краіне ў 2020 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG