Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паэтка Полацку Іна Снарская: «Усе свае лепшыя беларускія вершы я напісала ва Ўкраіне»


Беларуска-ўкраінская паэтка Іна Снарская
Беларуска-ўкраінская паэтка Іна Снарская

Сёньняшняя наша госьця — беларуска-украінская паэтка Іна Снарская. Яна нарадзілася ў Полацку, але ўжо трыццаць пяць гадоў жыве ў Палтаве. Аўтарка паэтычных зборнікаў «Пацеркі», «Пачакай, мая птушка…», «Лясная панна», «Кветка гарынь», «Дзьве зямлі — дзьве долі», «Верасовыя песьні зары» ды іншых.

Іна Снарская — сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, Нацыянальнай суполкі пісьменьнікаў Украіны, ляўрэатка літаратурна-мастацкіх прэмій Францішка Скарыны (Беларусь), Васіля Сіманэнкі, Івана Катлярэўскага, Леаніда Бразава (Украіна). Сёньня мы гаворым зь ёю ня столькі пра паэзію ў яе жыцьці, колькі пра жыцьцё паэткі ў стане вайны.

— Спадарыня Іна, як і дзе вы даведаліся, што на вашу краіну напалі расейскія войскі? Як вы ўспрынялі навіну пра вайну?

— На самой справе вайна Ўкраіны і Расеі пачалася яшчэ восем гадоў таму. Думаю, ужо ніхто ня верыць, што гэта шахцёры ўзялі ў рукі зброю, бо нечым былі незадаволеныя… Тады я працавала на абласным тэлебачаньні рэдактарам, і мы з калегамі кожны тыдзень па чарзе рабілі перадачы пра ўкраінскіх герояў, якія загінулі. Дзясяткі зь іх былі й з Палтаўскай вобласьці… Так што трывожны фон блізкай вайны я адчувала з 2014 году. І ўсё ж мала хто мог паверыць у тое, што лякальны канфлікт перарасьце ў поўнамаштабны, што РФ дазволіць сабе адкрыта напасьці на сувэрэнную дзяржаву…

Вострае прадчуваньне немінучай вайны ахапіла мяне яшчэ 22 лютага. Тады я напісала свой першы верш на гэтую тэму. Радкі прыйшлі па-ўкраінску, бо за амаль 35 год, што я жыву ва Ўкраіне, гэтая мова стала мне блізкай, дарагой, амаль роднай. 23 лютага я падзялілася з мужам і сынам прадчуваньнямі, што вось-вось пачнецца вайна, яны ня верылі, казалі, што я начыталася навінаў. У ноч з 23 на 24 лютага ў нас застаўся начаваць унук, мы спалі зь ім у маім пакоі. Усю ноч я не магла заснуць, задрамала толькі пад ранак. Прачнулася ад таго, што ўвайшоў муж і дужа сумна паглядзеў на нас з малым, я проста адчула яго погляд. «Вайна?» — «Так. Бамбілі Кіеў, Харкаў, Адэсу». А за вакном ужо гучала паветраная трывога, аўтамабілі лёталі, як шалёныя. Уладзімер паехаў запраўляць аўтамабіль, а я сядзела каля малога, не наважвалася яго будзіць, толькі безьперапынна малілася Богу…

— Ці было жаданьне кудысьці ўцякаць ад вайны? Напрыклад, на радзіму ў Беларусь, якую ўкраінцы раней лічылі выспай стабільнасьці і парадку, а цяпер краінай, зь якой ляцяць на іх ракеты…

— Канешне, было вельмі страшна, бо разумела: наш звычны сьвет руйнуецца і ўжо ніколі ня будзе такім, як раней. Хвалявалася ня столькі за сябе, колькі за родных, асабліва за ўнука. Першай думкай было пераехаць у вёску, дзе ў нас лецішча, але потым вырашылі застацца ў горадзе, трымацца ўсе разам. Эвакуацыя за мяжу не разглядалася, хоць і была такая магчымасьць. Знаёмыя прапаноўвалі ехаць у Літву або Польшчу. Пра Беларусь ня думалася, бо зь яе тэрыторыі абстрэльвалі нашы гарады. Ад пачатку вайны з гэтага накірунку «прыляцела» каля 600 ракет. Абстрэлы не прыпыняюцца і да гэтага часу. Таму ня дзіўна, што нехта пачаў успрымаць беларусаў варожа.

Мне нават задавалі пытаньні тыпу: «чаму беларусы не выступаюць актыўна супраць вайны, няўжо ім усё роўна?». Як на пачатку вайны, так і цяпер, я намагаюся дыпляматычна тлумачыць рэаліі жыцьця ў Беларусі, разглядаць пытаньне ў гістарычным кантэксьце, нагадваць пра падзеі 2020 году і гэтак далей. Упэўненая: зрухі ёсьць. А нядаўна кіраўнік Офісу Прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч у адным з інтэрвію сказаў: «Мы зьбіраемся будаваць доўгія і шчасьлівыя адносіны з беларусамі… больш блізкага і роднага нам народа цяжка ўявіць».

— Вы засталіся ў Палтаве. Што адбывалася ў вашым горадзе ад 24 лютага і як выглядае сытуацыя цяпер?

— Сёньня амаль кожны ва Ўкраіне нешта робіць для перамогі. Тут вельмі моцны валянтэрскі рух. Нават мы зь сяброўкамі навучыліся плесьці маскавальныя сеткі. У нас шмат перасяленцаў з Харкава, Сум, Луганскай і Данецкай абласьцей, ёсьць дзеткі з Валнавахі, так што работы для валянтэраў хапае. Створана дзясяткі пунктаў, куды людзі зносяць адзеньне, прадукты, мэдыкамэнты… Бачыла параненых людзей, дзяцей, сабак. Гэта вельмі страшна, адчуваецца: лінія фронту блізка.

Больш за ўсё вымотваюць паветраныя трывогі, асабліва ноччу. Але гэта дробязі параўнальна з тым, што адбываецца ў Харкаве, на ўсходзе і поўдні Ўкраіны. Марыюпаль, Буча, Ахтырка, Ізюм — гэта суцэльныя раны. Не магу пра іх думаць бязь сьлёз… На сёньня няма ніводнага больш-менш бясьпечнага рэгіёну Ўкраіны, куды б не далятала «сьмерць». Мэтанакіравана руйнуюцца гарады, мястэчкі, вёскі, рушыцца інфраструктура. Нават Закарпацьце нядаўна абстралялі…

Вельмі хвалююся за ўнука. Як растлумачыць чатырохгадоваму хлопчыку, што адбываецца зараз, чаму мы хаваемся ў падвале, якія словы знайсьці, каб растлумачыць, што такое вайна? Невялічкая замалёўка з натуры. Унук рашуча, апантана водзіць сінім флямастэрам па аркушы, крэсьліць вэртыкальныя лініі, закручвае ў сьпіралі. Цікаўлюся: «Што ты малюеш?» «Вайну». І раптам пытае ў мяне: «Буся (так ён мяне называе, паходнае ад „бабуся“), а чаму калі гучыць сырэна, гэта азначае небясьпеку?».

Паветраная трывога часта бывае ноччу, часам па некалькі разоў. Сын і нявестка ўжо не бягуць у падвал, каб не спужаць малога, хаваюцца ў калідоры, дзе няма вокнаў. У шафе Макару паслалі матрасік, дзе ён засынае, не дачакаўшыся адбою трывогі…

— З пачаткам вайны ва Ўкраіне пачалася кампанія за пазбаўленьне ад тапаграфічных назваў, зьвязаных зь Беларусьсю і беларусамі, чыё жыцьцё і творчасьць пакінула прыкметны сьлед ва ўкраінскай гісторыі і культуры. Дасталося і Якубу Коласу. Вы выступілі з публічным лістом пратэсту супраць такіх дзеяньняў. Раскажыце, калі ласка, больш падрабязна пра гэтую хвалю «дэбеларусізацыі», калі так можна сказаць, Украіны.

— Гэта не зусім так. Я б не называла гэтую хвалю «дэбеларусізацыяй». Перш за ўсё ідзе мова пра «дэрусіфікацыю». Пасьля таго, што Расея зрабіла з Украінай, гэткую рэакцыю можна зразумець. Аднак я асабіста не падтрымліваю «змаганьне» зь пісьменьнікамі й помнікамі. Нікога не хачу абразіць, але часам хочацца сказаць гэтым «разумнікам»: хочаш абараніць краіну — бяры ў рукі аўтамат, ідзі ваяваць. Калі нелюдзі руйнуюць помнікі Тарасу Шаўчэнку, гэта вандалізм, але навошта ім «упадабняцца», пазбаўляцца помнікаў, напрыклад, Пушкіну? Трэба заставацца эўрапейскай краінай, а не рабіць так, як робіць вораг. Гётэ, Шылер, Бах, Бэтховэн не адказвалі ж за фашыстоўскую Нямеччыну. Хваля нянавісьці да ворага не павінна зносіць усё на сваім шляху. Трэба паводзіцца як мінімум цывілізавана…

Калі я даведалася, што прапануюць перайменаваць вуліцу Якуба Коласа ў Кіеве, гэты факт мяне абурыў. Трэба спачатку разабрацца, хто ёсьць хто. Вядома ж, я выступіла ў абарону Якуба Коласа, хоць ён і не патрабуе маёй абароны веліччу сваёй постаці і таленту. Пазьней я даведалася, што зьбіраюцца пераймяноўваць вуліцы шмат якіх пісьменьнікаў савецкага часу, у тым ліку і ўкраінскіх. «Пацерпяць» усе, хто нейкім бокам меў дачыненьне да Расеі. Ужо дайшлі да байкара Леаніда Глебава, матэматыка Міхайла Астраградзкага, якія, дарэчы, нарадзіліся на Палтаўшчыне… Пішуць, праўда, што кожнае перайменаваньне будуць разглядаць асобна і абмяркоўваць. Хацелася б у гэта верыць…

— А да вас асабіста як да паэткі-беларускі ці зьмянілася стаўленьне вашых сяброў, знаёмых, прыхільнікаў вашай творчасьці?

— З пачаткам вайны стаўленьне да мяне, як да асобы і беларускамоўнай пісьменьніцы не зьмянілася. Я ж яшчэ і ўкраінамоўная аўтарка, заўсёды адкрыта выказваю сваю пазыцыю, як нацыянальна-сьвядомую беларускую, так і ўкраінскую. Сапраўды, я «прырасла» да гэтай зямлі, як да сваёй роднай, усёй душой падзяляю боль і гора Ўкраіны. Што я магу зрабіць для нашай перамогі? Мая зброя — слова. Хоць і малавата (хацелася б больш), але ж пішу, прычым дзьвюма мовамі. Не хаваюся, не маўчу, наадварот падкрэсьліваю, што я беларуска, ганаруся. Чытачы ставяцца да гэтага з павагай і сымпатыяй, як мне здаецца.

На ФБ выстаўляю тэксты па-ўкраінску і па-беларуску папераменна, бо менавіта так і пішацца. Магчыма, прагучыць ня надта сьціпла, але ва Ўкраіне, тым больш у Палтаве, шмат хто адчуў водар беларускай мовы, смак яе, дзякуючы маім вершам. Так было яшчэ з маладосьці, ад першых вершаў на роднай мове, так адбываецца і цяпер. Усе свае лепшыя беларускія вершы я напісала ва Ўкраіне…

— А як адбілася вайна на вашых вершах? Увогуле, што гэта такое, па-вашаму, паэзія пасярод забітых, зьнявечаных, у моры крыві і на руінах разбомбленай роднай краіны?

— Спачатку, калі пачалася вайна, у мяне быў суцэльны псыхалягічны шок: не магла пісаць, чытаць і нават глядзець мастацкія і дакумэнтальныя фільмы. Месяц ня брала ў рукі кніг, толькі бясконца чытала навіны ў інтэрнэце, глядзела тэлемаратон, зноў жа такі з навінамі, камэнтарамі вайскоўцаў, журналістаў, палітолягаў. Такая рэакцыя была шмат у каго, як я даведалася пазьней. Каб нечым заняць сябе пад час паветраных трывог, пачала пісаць проста ў тэлефоне невялічкія нататкі, такі сабе міні-дзёньнік. Паступова пачалі «прабівацца» вершы, якія мелі лекавальны эфэкт перш за ўсё для мяне самой. Ад таго часу дзялюся вершамі і думкамі на ФБ, які стаў для мяне адзіным публічным каналам сувязі з чытачамі…

За падзеямі, якія адбываюцца ва Ўкраіне і на фронце, сачу штодзённа. Мой ранак цяпер пачынаецца ня з кавы, а з прагляду стужкі навінаў. Куды за ноч «прыляцела»? Калі ў гэтых гарадах ёсьць знаёмыя, званю або пішу ім. Як яны, што з імі?.. Так хочацца прачытаць ці пачуць нешта сьветлае, пазытыўнае, а яго няма. Таму ў вершах не дазваляю сабе ныцьця і «безнадзёгі». Нават туга павінна быць сьветлай, трэба, каб заставалася надзея. Шчыра веру ў перамогу Ўкраіны!

Пасьля адной публікацыі знаёмая, якая была змушана пераехаць з «гарачага» рэгіёну, напісала: «Пані Іна, мне так падабаюцца Вашы вершы, асабліва беларускія, але мая хата згарэла пад час баявых дзеяў. Разам з хатай згарэлі ўсе кнігі, у тым ліку Вашы, тыя, што я атрымала перад вайной. Ці маглі б Вы потым, калі прыйдзе мір, прыслаць мне Вашы вершы яшчэ раз?» Хацелася плакаць і цалаваць рукі гэтай неверагоднай жанчыне, якая ў сваім горы думае пра кнігі і вершы…

— На вашай старонцы ў Фэйсбуку мы прачыталі такі верш.

Літак

1

Макару чотири роки, його лякають повітряні тривоги,
особливо, коли застають на вулиці.
Малому хочеться бігти додому, щоб сховатися,
вдома йому не так страшно.
Щоб якось заспокоїти онука, я придумала гру-замову,
коли звучить сирена, треба казати: «Я літак, я не боюся!»
— Буся, а літак літає високо?
— Так, мій рідний.
— Вище нашого дома і вище хмар?
— Звісно.
— Тоді я хочу літати вище сирен і вище війни.

2

«А я літак, я не боюся, —
каже онук, — ми потерпимо, буся.».
Потерпимо… Терен долоні коле…
але ми на волі.
Онучок маленький, не бійся, не бійся,
ми летимо вище терену, листя,
вище повітряних жахів-тривог
і над нами лиш Бог.

17.04.2022р.

Выглядае, што гэтым вершам вы палекавалі, прынамсі, адну душу маленькага чалавека. А ці былі іншыя падобныя псыхатэрапэўтычныя эфэкты ад вашых вершаў?

— Псыхатэрапэўтычны эфэкт ад паэтычнага слова мне добра вядомы. Сама ня раз чытала вершы іншых паэтаў, каб адпачыць душой, забыць балючае, непрыемнае. Асабліва шаную кнігі знаёмых пісьменьнікаў з аўтографамі. Калі хочацца «дакрануцца» да Радзімы, я дастаю з паліцы кнігі Леаніда Дранька-Майсюка, Міхася Скоблы, Уладзімера Арлова, Валянціны Аксак, Барыса Пятровіча, Дануты Бічэль-Загнетавай, Наталіі Русецкай… і нібы размаўляю з усімі імі…

Мне ўсе кажуць: пішы больш, гэта патрэбна людзям, як паветра. Я б не перабольшвала сваё значэньне. Цяпер шмат пішуць, у тым ліку і на ФБ. Але хочацца падарыць людзям самае лепшае, што ў мяне ёсьць, той дар слова, які «не мы, а цераз нас».

Усё будзе добра! Слава Ўкраіне! Жыве Беларусь!

Іна Снарская. Вершы ваеннай вясны

* * *

Праўда мая сярмяжная:
Тут мяжа, там мяжа,
Ворага нішчым адважна мы,
Калі перамога падкажаш?

Воля мая прывольная,
Хмара плыве раптоўная,
Рэкі ў крыві гаручыя,
Плачу дажджамі ў Бучы я.

Калі ўжо спачын у маім даму?
Сырэны равуць як Сірыны,
Госпадзі, папускаеш чаму?
Дай жа, малю, крылы нам,
Каб прачнуцца ў цішыню.

Але не згасае надзея.
Вербная сёньня Нядзеля.

17.04.2022 г.

* * *

Дрэвы, як салдаты, паміраюць апоўначы,
— Волі, волі! — паўтараюць яны.
Я бачу іхныя вочы.
Ва-я-ры.

А дрэвы такія моцныя,
Карэньнем рэжуць зямлю,
— Воля! Воля! — гучыць, як знаменьне.
Я ня сплю.

«Люлі-люлі, — сьпяваю,
Засьні, дзіця», —
Усім тым, хто за волю
Аддаў жыцьця.

Ах, зноў вымаўляю па-ўкраінску,
Па-беларуску будзе «жыцьцё».
Так рукі сплятаюцца бліскаўкамі.
Адкрыцьцё?

Поўня, як збан з маланкамі,
Чую — зьвініць…
Гэта дрэвы такія моцныя
Хочуць жыць.

Адарваныя ад карэньня
Усё ж цьвітуць.
Абрыкосы, як адкравеньне,
Тут.

20.04.2022 г.

Надзея

Перад Вялікаднем мыю вокны,
як рабілі мая бабуля і маці:
сонца няхай абцалуе хату,
каб жыць тут, доўга жыць…

На праменьчыку красы, чысьціні
і нават немагчымага,
кажу вайне: «Не!»

Так рабілі мая бабуля і маці,
так раблю я.

Дзея з надзеяю на перамогу.

22.04.2022 г.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG