Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На жаль, Шушкевіч не дачакаўся свабоды для Беларусі», — Вітаўтас Ландсбергіс 


Вітаўтас Ландсбергіс 
Вітаўтас Ландсбергіс 

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч памёр 3 траўня на 88-м годзе жыцьця. Пра свайго калегу на просьбу Свабоды ўспамінае колішні старшыня Вярхоўнага Савету Літвы (пазьней Сэйму) Вітаўтас Ландсбергіс.

«Гэта быў цудоўны, добры чалавек. Шчыры патрыёт сваёй краіны. Ён верыў, што ў Беларусі будзе свабода і дэмакратыя. На жаль, не дачакаўся», — кажа спадар Ландсбергіс.

Пра сваю першую сустрэчу з Шушкевічам літоўскі палітык успамінае так:

«Гэта было дзесьці ў 1990-м ці 1991 годзе. У Літве ўжо тады быў свабодна выбраны парлямэнт, дзе мы прынялі рашэньне аб незалежнасьці. Гарбачоўскія ўлады не прызнавалі гэтага рашэньня, прымалі розныя меры, блякады, запалохваньні. У студзені 1991 году пайшлі ўзброеныя сілы, якія забівалі людзей.

Беларусь на той час была несвабоднай, пад камуністычным панаваньнем. Яна ня мела ўласнай палітыкі, а паўтарала тое, што гаварылі з Масквы. Здаецца, тады кіраўніком парлямэнту быў Мікалай Дземянцей, мы кантактавалі зь ім як з прадстаўніком Гарбачова. Таксама былі кантакты зь Беларускім Народным Фронтам і яго кіраўніком Зянонам Пазьняком.

Калі СССР пачаў разбурацца, то ў нас пачаліся кантакты і з Станіславам Шушкевічам як з кіраўніком Вярхоўнага Савету. Беларусы тады таксама пайшлі на рашэньне аб незалежнасьці».

Вітаўтас Ландсбергіс кажа, што місія падпісаць разам з Барысам Ельцыным і Леанідам Краўчуком Белавескія пагадненьні аб спыненьні існаваньня СССР была для Шушкевіча адначасова ганаровай і небясьпечнай.

«Нам працавалася з Станіславам Шушкевічам вельмі добра. Мы падпісалі ў тых самых Віскулях літоўска-беларускую дэклярацыю аб міждзяржаўных адносінах. Я прыяжджаў да яго ў Беларусь, ён да мяне ў Вільню. У нас былі вельмі добрыя, сяброўскія стасункі. І адносіны між краінамі адразу сталі на правільны шлях. Лукашэнка — гэта ўжо зусім іншы сьвет. Прыход яго да ўлады стаў пераваротам у Беларусі, ён разагнаў парлямэнт і рабіў, што хацеў. Беларусь пачала зноў усё рабіць пад дыктоўку Крамля», — успамінае колішні старшыня літоўскага Сэйму.

Цягам апошніх дзесяцігодзьдзяў сустрэчы Ландсбергіса і Шушкевіча праходзілі ў рамках мерапрыемстваў з удзелам былых кіраўнікоў дзяржаваў Балта-Чарнаморскага рэгіёну.

«Сустракаліся з Шушкевічам то ў Кіеве, то ў Вільні. Ініцыятарам такіх сустрэч быў Генадзь Бурбуліс, ён называў гэта «радай мудрацоў». На сустрэчах быў таксама Краўчук. На такім узроўні ладзілі канфэрэнцыі. Абмяркоўвалі сытуацыю ў сьвеце, рэгіёне. Шмат гаварылі пра тое, як трэба змагацца з імпэрыялізмам, які падымаў галаву ў Маскве», — кажа Ландсбергіс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG