Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хочацца пастаянна гаварыць, што ў нас адбываецца, бо хто, калі ня мы?» У Дрэздэне прайшоў фэстываль незалежнага беларускага мастацтва


Паказ «375 0908 2334 — The body you are calling is currently not available» у Вільні
Паказ «375 0908 2334 — The body you are calling is currently not available» у Вільні

З 27 красавіка па 1 траўня ў Дрэздэне праходзіў фэстываль «Побач», дзе сустрэліся незалежныя беларускія творцы, якія былі вымушаныя пакінуць радзіму празь перасьлед. Пагутарылі з удзельнікамі, даведаліся, як тварыць падчас вайны і чаму гэта важна.

«Нельга параўноўваць узроўні гора»

Беларускі творца Ігар Шугалееў выступіў на фэстывалі з пэрформансам «375 0908 2334 — The body you are calling is currently not available», які перадае боль падзей у Беларусі.

Гэты пэрформанс — калектыўная праца, дзе Ігар Шугалееў — аўтар ідэі і пэрформэр, Сяргей Шабохін — куратар, Марына Дашук — прадусарка; Аляксандра Канончанка — відэамастачка.

Ігар Шугалееў
Ігар Шугалееў

«Я вельмі глыбока перажываў усё, што адбывалася ў Беларусі, і цяпер мы працягваем жыць у трывожным часе навін. У інтэрвію з адным з пацярпелых у жніўні 2020-га хлопец казаў, што ён стаяў на каленях, ілбом у падлогу 4 гадзіны. Я толькі на гэтым факусаваўся, і мне хацелася гэта самому выпрабаваць. Мы спачатку з Сашай зрабілі відэа, але ў мяне атрымалася толькі тры гадзіны прастаяць. Калі мы гэта зрабілі, я падумаў, што гэта можа быць спосабам камунікацыі з гледачом, а ня толькі маёй асабістай тэрапэўтычнай гісторыяй», — апавядае Ігар Шугалееў.

Мастак кажа, што зь цягам часу адчувальнасьць да падзей прытупляецца, таму трэба сябе «раскалупваць».

«Калі гэта ўсё толькі пачыналася, было вельмі балюча; цяпер гэта таксама траўматычна, але псыхіка, цела быццам абрастае панцырам. Была нават думка, што, як толькі ты супакойваесься, трэба сябе раскалупваць, прымушаць сябе церазь сілу вяртацца да гэтага кантэксту палітвязьняў, чытаць гэтыя інтэрвію».

Падчас пэрформансу Ігар паўтарае позу вязьня і заклікае гледачоў далучацца да яго, адчуць, што гэта такое. Пэрформанс праходзіць заўжды па-рознаму, прызнаецца творца.

«Неяк мы выступалі ў Вільні на фэстывалі „New baltic dance“, дзе вельмі шмат танцораў, пэрформэраў, і яны самі вельмі „цялесныя“ і эмпатычныя. Памятаю, як са мной падчас пэрформансу стаяла літоўская танцорка Грэта, і, калі зь ёй хтосьці спрабаваў загаварыць, яна адказала: „Мы так шмат у жыцьці размаўляем і так мала робім. Я хачу проста прастаяць гэтую гадзіну і адчуць прыблізна, што адчувалі зьняволеныя, якія стаялі па чатыры, па дзесяць гадзін“. На іншым паказе неяк падключыліся дзяўчаты, яны ў гэтай позе сьпявалі, каб адцягнуць увагу ад фізычных пакут. І гэта было такое незразумелае пачуцьцё: з аднаго боку — жах, а з другога — вялікая павага жанчынам у кантэксьце нашых пратэстаў. Колькі ёсьць у гэтым сілы і непераможнасьці жаночага духу!».

Паказ «375 0908 2334 — The body you are calling is currently not available» у Вільні
Паказ «375 0908 2334 — The body you are calling is currently not available» у Вільні

Назва пэрформансу поўная адсылак да беларускіх падзеяў.

«У жніўні 2020-га адключалі інтэрнэт; як толькі ён зьяўляўся, то перш за ўсё спачатку чыталі ўсе навіны, а потым тэлефанавалі сябрам і сяброўкам. І вось гэты момант, калі спрацоўвае аўтаадказчык і ты разумееш, што твой сябар ці сяброўка могуць цяпер быць пабітымі, — гэта было вельмі страшна. Таму атрымаўся такі нумар тэлефона: 375 — гэта адсылка геаграфічная, код Беларусі; 908 — 9 жніўня; 2334 — нумар артыкулу. І вось канцоўку з „абанэнтам“ я проста перарабіў у „цела, якому вы зараз тэлефануеце, часова недаступнае“».

Ігар кажа, што цяпер вельмі важна паказваць такі пэрформанс, удзельнічаць у фэстывалях і праектах, бо барацьба яшчэ ня скончылася.

«Гэты працэс барацьбы за свае правы, за палітвязьняў, якіх робіцца толькі больш, яшчэ ня скончаны. Наогул нельга параўноўваць узроўні гора. Так, там вайна, але мы таксама ня можам іншымі падзеямі абясцэньваць нашу беларускую праблему ні ў якім разе. І хочацца пастаянна гаварыць пра тое, што ў нас адбываецца, бо хто, калі ня мы? Калі гэтага ня будуць рабіць беларусы, то за нас гэта ніхто ня зробіць».

«Гэта „hate crime“»

Беларускі рэжысэр, заснавальнік HUNCHtheatre Уладзімер Шчэрбань разам зь міжнароднай камандай стварыў дакумэнтальны спэктакль у стылі рэйв-вечарынкі, спэктакль-інсталяцыю, як ён яго называе. «P for Pischevsky». Гэта гісторыя беларуса Міхаіла Пішчэўскага, які ў 2014 годзе стаў ахвярай гамафобнай атакі. Яго пабілі каля начнога клюбу ў Менску, а праз паўтара года ён памёр ад наступстваў.

Прэм’ера спэктакля «P for Pischevsky» у Бэрліне
Прэм’ера спэктакля «P for Pischevsky» у Бэрліне
Прэм’ера спэктакля «P for Pischevsky» у Бэрліне
Прэм’ера спэктакля «P for Pischevsky» у Бэрліне
Прэм’ера спэктакля «P for Pischevsky» у Бэрліне
Прэм’ера спэктакля «P for Pischevsky» у Бэрліне

Над спэктаклем працавалі больш за 2 гады, кажа Уладзімер.

«Рухавіком усёй гэтай ідэі быў Андрэй Завалей, беларускі ЛГБТ-актывіст, ён „цягнуў“ гэтую тэму. Бо, як і ўсё важнае, беларускі ўрад яе замоўчвае і спрабуе нэўтралізаваць. Зь Мішам Пішчэўскім здарылася ў 2014 годзе жудасная траўма, якая прывяла да паралічу і ў выніку да сьмерці, а „hate crime“ [злачынства з прычыны нянавісьці. — РС] так і ня быў прызнаны як матыў, як усё ў нас і робіцца ў Беларусі. Андрэй арганізаваў кампанію, каб памятаць [пра тое, што здарылася зь Міхаілам. — РС]. І калі мы пачалі супрацоўнічаць з Андрэем, гэта гады тры таму ў Беларусі, мы думалі, пра што мы можам зрабіць спэктакль, што нам блізка. І, вядома, узьнікла гэтая тэма», — кажа Уладзімер Шчэрбань.

Уладзімер Шчэрбань
Уладзімер Шчэрбань

Тэкст для спэктакля заснаваны на рэальным запісе паседжаньня суду ў справе Міхаіла Пішчэўскага. Уладзімер прызнаецца, што працаваць над ім было вельмі эмацыйна цяжка.

«Гэта не мастацкі тэкст, гэта вельмі спэцыфічная рэч, судовае слуханьне, спрэчкі, заключэньні экспэртаў пра траўмы, якія прывялі да сьмерці. Гэта не для слабых нэрваў, гэта рэальна складаны тэкст, у які было вельмі цяжка паглыбляцца, чытаць яго шмат разоў, працаваць над ім».

Праца над спэктаклем зацягвалася праз пандэмію, пратэсты ў Беларусі, але Ўладзімер разам з камандай вырашылі, што менавіта цяпер вельмі важна яго паказаць.

«Гэта „hate crime“. І якая розьніца, што зьяўляецца прычынай: сэксуальная арыентацыя ці палітычныя перавагі? „Hate crime“ — гэта і ёсьць гвалт, гвалт дзяржаўны. Гэтае судовае слуханьне — выдатны прыклад на ўзроўні прыватнага выпадку, на які мала хто зьвярнуў увагу, што ўсё гэта гвалт і крывадушнасьць судовай сыстэмы, бо забойца правёў менш за год у турме. І ў гэтым наш магутны пасыл: нават калі здаецца, што ты не палітычна актыўны, што палітыка цябе ня тычыцца, то яна цябе тычыцца ў любым выпадку, бо так дзейнічае дыктатура, яна кантралюе цябе ва ўсіх аспэктах, нават тваю сэксуальнасьць і перавагі ў ежы».

«P for Pischevsky» — міжнародны праект. У спэктаклі прымаюць удзел: амэрыканскі пэрформэр Джос Маккейн, брытанскі актор HUNCHtheatre Олівэр Бэнэт, нямецкая акторка тэатру і кіно Сюзана Саксе і беларускія дыджэй, мастак, актор Глеб Кавальскі і сьпявачка Руся.

Уладзімер адзначае, чаму важны цяпер фэстываль беларускага незалежнага мастацтва.

«Ён вельмі карысны і натхняльны для нас саміх, бо многія артысты, творчыя людзі апускаюць рукі. Яны проста ня ведаюць, што рабіць, яны адчуваюць сябе вінаватымі за тое, што яны артысты. А наадварот, трэба ганарыцца і рабіць сваю справу. Вайна ўсіх апускае на ўзровень страху, на фізіялягічны ўзровень існаваньня. Гэта гісторыя цела, касьмічнага жаху, таму што ты ня можаш нічога кантраляваць. Менавіта мастацтва структуруе ўсе гэтыя эмоцыі, у тым ліку нэгатыўныя, і дае ім выхад. Гэта тэрапія ў чыстым выглядзе».

«Жанчына-маці, жанчына-жонка, жанчына-палюбоўніца, жанчына-ахвяра і жанчына-фурыя, якая змагаецца за свабоду»

На фэстывалі паказалі спэктакль «Woman with Automaton».

«Спэктакль пра розныя ролі жанчыны ў сьвеце: жанчына-маці, жанчына-жонка, жанчына-палюбоўніца, жанчына-ахвяра і жанчына-фурыя, якая змагаецца за свабоду. Гэта аўтабіяграфічны спэктакль, і ён заўжды актуальны. Ва ўмовах вайны ён адкрываецца з розных бакоў, можна ўбачыць новыя дэталі. Мы доўга працавалі над ім, падзеі ў сьвеце зьмяняліся, а значыць, мяняўся і спэктакль», — кажа адна з удзельніц пэрформансу.

Яна кажа, што ў некаторых момантах было цяжка працаваць ад уласных перажываньняў.

«Мне трэба было напісаць песьню пра маму, у канцы ўсе плакалі. Мы ўсе далёка ад дома і ня можам трапіць да мамы. Я яшчэ зрабіла такую музыку, каб яна была лірычная, а на самай справе адбывалася нешта страшнае. І гэты парадокс спараджае новыя пачуцьці, ты ня ведаеш, як справіцца з гэтымі эмоцыямі», — кажа акторка.

«Куды б мы ня ехалі, нас усё роўна так не зразумее сьвет»

Свой новы праект прэзэнтавала акторка, музыка Паліна Дабравольская. Гэта гукавая драма, музычны пэрформанс SarmaTY/JA, створаны паводле паэмы беларускай аўтаркі Марыі Мартысевіч.

«Я доўга гэта рабіла, пісала песьні. Тры гады таму прачытала ўпершыню „Сарматаў“, зразумела, што я не магу гэты тэкст пакінуць проста так, але тады для яго было ранавата. У канцы 2020-га я паехала ў Вільню і напісала пра яе сваю першую песьню. Я зразумела, што хачу, каб гэта быў рэп-альбом, а потым усё перарасло ў пэрформанс. Мне пашанцавала, што мяне ўзялі на рэзыдэнцыю на месяц, і вось у лістападзе 2021 году ва Ўроцлаве я зрабіла гэты матэрыял», — кажа Паліна Дабравольская.

Паліна Дабравольская
Паліна Дабравольская
Паліна Дабравольская
Паліна Дабравольская

SarmaTY/JA — сапраўднае тэатральна-музычнае шоў.

«Гэты твор пра эміграцыю галоўнай гераіні; пра тое, што куды б мы ня ехалі, нас усё роўна так не зразумее сьвет. Мы заўсёды ў пошуку, мы ўсё роўна расказваем: „А яны так, а яны тое, а я тут як белая варона“. І гэта і Ўкраіны, і Беларусі абсалютна цяпер тычыцца. Увогуле там адсылак вельмі шмат, тэкст вельмі круты, я яго абажаю. Кожны раз я знаходжу штосьці новае, і мне вельмі падабаецца, што ён не стаіць на месцы».

Таксама на фэстывалі паказалі інсталяцыі Марыны Напрушкінай «Chrysanthemen, Rosen, Astern, Gladiolen», Надзеі Саяпінай «Letter to mom» і пэрформанс «Too Many Papers», спэктаклі Аляксандра Марчанкі «Прымітывы» і Беларускага Свабоднага тэатру «Спасьцігаючы каханьне», адбылася сустрэча зь пісьменьнікамі Альгердам Бахарэвічам і Юліяй Цімафеевай, прайшоў канцэрт сьпявачкі Palina.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG