Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ракетны удар па Адэсе; налічылі звыш 7000 зьніклых бязь вестак; Анджэліна Джалі ў Львове. 66-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

абноўлена

На вуліцах Адэсы. Красавік 2022
На вуліцах Адэсы. Красавік 2022

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 5 мільёнаў чалавек ужо сталі ўцекачамі. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Пэнтагон абвінаваціў Пуціна ў «амаральнасьці» і «жорсткасьці».
  • Ва Ўкраіне налічылі звыш 7000 зьніклых бязь вестак.
  • Расейскія вайскоўцы абстралялі Кіеў падчас візыту генсакратара ААН. Было выпушчана 5 ракет, 2 трапілі ў дом. Ад абстрэлу 10 чалавек атрымалі раненьні, загінула адна жанчына.
  • Расея ўзмацняе інтэнсіўнасьць агню на Данбасе. У горад Ізюм Харкаўскай вобласьці расейцы сьцягнулі дадатковыя сілы дэсантнікаў і 500 адзінак тэхнікі, працягваюцца абстрэлы Харкава.
  • З Херсонскай вобласьці расейцы спрабуюць наступаць на Мікалаеў і Крывы Рог.
  • Па Адэсе нанесены ракетны ўдар. Пашкоджаная ўзьлётна-пасадачная паласа аэрапорту.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 30 красавіка

Генштаб УСУ не выключае правакацый Расеі на беларуска-ўкраінскім памежжы

Уукраінскае ваеннае камандаваньне не выключае «ўчыненьня праціўнікам правакацый у прыгранічных раёнах».

«Захоўваецца пагроза зьдзяйсьненьня праціўнікам ракетна-бомбавых удараў па аб’ектах ваеннай і цывільнай інфраструктуры на тэрыторыі Ўкраіны, — гаворыцца ў зводцы. — Паводле інфармацыі, на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь да гэтага часу разгорнуты расейскія апэратыўна-тактычныя ракетныя комплексы „Іскандэр-М“, а асобныя авіяцыйныя падразьдзяленьні Паветрана-касьмічных сіл РФ працягваюць базавацца на пэўных аэрадромах».

Па Адэсе нанесены ракетны ўдар. Пашкоджаная ўзьлётна-пасадачная паласа аэрапорту

Далейшае яе выкарыстаньне немагчымае. Пра гэта паведамляюць гарадзкія ўлады. Відавочцы кажуць, што чулі гукі некалькіх выбухаў.

Раней у горадзе ад 1 да 3 траўня абвясьцілі камэнданцкую гадзіну. У горад ня езьдзяць прыгарадныя і міжгароднія цягнікі. Галоўны чыгуначны вакзал зачынены. Такія захады былі ўжытыя напярэдадні гадавіны так званага Антымайдану.

Амэрыканская акторка Анджэліна Джалі наведвае Ўкраіну з гуманітарнай місіяй

Джалі наведала львоўскі вакзал, дзе сустрэла пасажыраў эвакуацыйнага цягніка з Пакроўску.

Да гэтага карыстальнікі сетак актыўна абмяркоўвалі зьяўленьне знакамітай акторкі ў адной з львоўскіх кавярняў.

Пэнтагон: Амэрыканскія вайскоўцы навучаюць украінскіх у Нямеччыне

Пра гэта паведаміў на брыфінгу 29 красавіка прадстаўнік Пэнтагону Джон Кэрбі.

Навучаньне праводзіць Нацыянальная гвардыя Флорыды, якая ўваходзіла ў склад Аб’яднанай шматнацыянальнай вучэбнай групы на захадзе Ўкраіны і была вымушана пакінуць краіну з прычыны росту пагрозы расейскага ўварваньня ў лютым.

Пэнтагон абвінаваціў Пуціна ў «амаральнасьці» і «жорсткасьці»

Прэс-сакратар міністэрства абароны ЗША Джон Кэрбі падчас брыфінгу з журналістамі 29 красавіка рэзка выказаўся аб палітыцы Уладзіміра Пуціна ў адносінах да Ўкраіны. У прыватнасьці ён назваў «дзіўнымі» і «недарэчнымі» заявы Расеі аб пагрозах з боку ЗША і краін Захаду, а таксама аб нацыстах ва Ўкраіне.

«Цяжка суаднесьці гэтую рыторыку з тым, што ён (Уладзімір Пуцін) насамрэч робіць ва Ўкраіне: нявінных людзей забіваюць стрэламі ў патыліцу, зьвязваюць ім рукі за сьпінай, забіваюць цяжарных жанчын, бамбуюць шпіталі. Я маю на ўвазе, гэта проста адсутнасьць усякага сумленьня», — заявіў прадстаўнік Пэнтагону.

Кэрбі абвінаваціў Пуціна ў «амаральнасьці» і «жорсткасьці», дадаўшы, што яму цяжка глядзець на падзеі ва Ўкраіне і думаць, што маральны чалавек і разважлівы, сьпелы лідэр мог бы апраўдаць гэта і так паступіць.

Паліцыя Кіеўскай вобласьці выявіла новае пахаваньне ў Бучы

У брацкай магіле былі целы трох мужчын са зьвязанымі рукамі і павязкамі на вачах. Як адзначыў начальнік абласной паліцыі Андрэй Нябытаў, на целах загінулых знойдзены сьляды катаваньняў. Яны былі забітыя стрэламі ў вуха. Іх асобы высьвятляюцца. Мяркуючы з часу пахаваньня і шэрагу іншых абставінаў, мужчыны былі забітыя расейскімі вайскоўцамі ў пэрыяд, калі тыя знаходзіліся пад Кіевам.

Украінскія ўлады канфіскуюць яшчэ 51 чыгуначную цыстэрну зь Беларусі

Пячэрскі раённы суд Кіева на падставе хадайніцтва Дзяржаўнага бюро расьсьледаваньняў (ДБР) Украіны арыштаваў 51 беларускую чыгуначную цыстэрну з дызэльным палівам, паведамляе прэс-служба ДБР.

Цыстэрны зьявіліся ў Чарнігаўскай вобласьці 23 лютага — напярэдадні разьвязанай Расеяй вайны супраць Украіны.

Эвакуацыя ў Нямеччыну

Па словах прадстаўнікоў арганізацыі Claims Conference, якая ў ліку іншых дапамагае ахвярам Галакосту дабрацца да Нямеччыны, эвакуацыя праходзіць нялёгка з-за баявых дзеяньняў і пашкоджаньня дарог. Пераканаць людзей адправіцца ў дарогу — няпростая задача: большасьць наогул адмаўляюцца пакідаць дамы. Некаторыя заяўляюць аб гатоўнасьці эвакуавацца, але ня хочуць ехаць у Нямеччыну.

Ва Ўкраіне налічылі звыш 7000 зьніклых бязь вестак

Колькасьць зьніклых бязь вестак ва Ўкраіне з-за вайны беспрэцэдэнтная ў сучаснай сусьветнай гісторыі. За два месяцы ў праваахоўныя органы паступілі больш за 7 тысяч заяў. Каля паловы зь іх адшукалі, паведаміла намесьніца міністра ўнутраных спраў Украіны Марыя Акапян.

Таксама каля 2000 целаў загінулых атрымалі статус неапазнаных, а 1282 пазьней ідэнтыфікавалі. Таксама ў рамках крымінальнай вытворчасьці цяпер прызначаны 927 экспэртыз ДНК.

Міністэрства ўнутраных спраў зьвярнулася па дапамогу да краін-партнэраў і міжнародных арганізацый у пастаўках рэактываў, прыцягненьні дадатковых экспэртных групаў і стварэньні сучаснага адзінага рэестру зьніклых бязь вестак.

Пад Папасной расейскія акупанты абстралялі машыну з дабраахвотнікамі

Як паведаміў старшыня Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай, гэта адбылося 29 красавіка каля поўдня.

«Расейцы адкрылі агонь у напрамку аўтамабіля з дабраахвотнікамі, які рухаўся ў напрамку Папасной. У аўтамабілі знаходзіліся двое мясцовых жыхароў і жыхар Віньніцы. На шчасьце, абышлося без пацярпелых», — сказаў ён.

Уцекачы ад вайны

Паводле зьвестак ААН, ад пачатку вайны па 21 красавіка Ўкраіну пакінулі ўжо больш за 5 мільёнаў 133 тысячы чалавек. Зь іх:

  • 2 млн 867 тысяч прыехалі ў Польшчу,
  • 769,6 тысячы — у Румынію,
  • 578,3 тысячы — у Расею,
  • 480,9 тысячы — у Вугоршчыну,
  • 430,2 тысячы — у Малдову,
  • 349,3 тысячы — у Славаччыну,
  • 23,9 тысячы — у Беларусь.

Насельніцтва Ўкраіны (уключаючы кантраляваную Расеяй тэрыторыю) складае каля 44 мільёнаў чалавек.

Што адбываецца ў Расеі

Аэрафлот выйшаў з найбуйнейшага авіяальянсу SkyTeam

Гэта было агульнае рашэньне, гаворыцца на сайце арганізацыі. SkyTeam аб'ядноўвае амаль 20 найбуйнейшых сусьветных авіякампаній.

У Маскве прызналі, што Расея паўтара-два гады будзе ў «складанай сытуацыі»

«Цяпер, канец году і наступны год, то бок амаль паўтара, два гады мы будзем жыць у вельмі складанай сытуацыі. Таму вельмі важна ацаніць свае сілы і рэсурсы», — цытуе расейскае агенцтва «РИА Новости» кіраўніка Падліковай палаты Расеі Аляксея Кудрына.

  • На яго думку, інфляцыя ў Расеі, паводле базавага прагнозу, складзе 20,7% у 2022 годзе і яшчэ больш на 6% у 2023-м.
  • На падтрыманьне эканомікі ва ўмовах маштабных заходніх санкцый давядзецца выдаткаваць больш як шэсьць трыльёнаў расейскіх рублёў (каля 82,5 мільярда даляраў ЗША).

Аўтамабільныя гіганты пакідаюць Расею

Volvo Cars і Jaguar Land Rover скарачаюць свае расейскія офісы — JLR фактычна пакідае Расею, застануцца толькі супрацоўнікі штату для каардынацыі адміністрацыйных узаемадзеяньняў пры закрыцьці юрыдычнай асобы. Пра гэта піша «Коммерсантъ» са спасылкай на свае крыніцы.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.

Расейская тэхніка пакідае Беларусь

Тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» паведаміў, што 85% расейскай тэхнікі ўжо вывезена зь Беларусі. Жыхары беларускага Палесься таксама заўважылі, што вайскоўцаў з Расеі ў гарадах усё менш. Жыхары Гомля кажуць, што наогул не заўважаюць цяпер на сваіх вуліцах расейскіх вайскоўцаў.

Як рэагуе сьвет

Пэнтагон раскрытыкаваў Пуціна

Прэс-сакратар міністэрства абароны ЗША Джон Кэрбі падчас брыфінгу з журналістамі 29 красавіка рэзка выказаўся аб палітыцы Уладзіміра Пуціна ў адносінах да Ўкраіны.

У прыватнасьці ён назваў «дзіўнымі» і «недарэчнымі» заявы Расеі аб пагрозах з боку ЗША і краін Захаду, а таксама аб нацыстах ва Ўкраіне. Кэрбі лічыць, што агрэсарам у цяперашняй сытуацыі выступае сама Расея.

NATO дапаможа Ўкраіне перайсьці ад зброі савецкіх часоў да сучаснай

Генсакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў, што альянс гатовы падтрымаць Украіну ў вайне супраць Расеі, нават калі вайна зацягнецца на гады. Паводле яго, NATO дапаможа Кіеву мадэрнізаваць узбраеньне савецкіх часоў да ўзроўню заходняй вайсковай тэхнікі.

Злучаныя Штаты, найбуйнейшы сябра NATO, ужо перадалі Ўкраіне зброю на 3 мільярды даляраў з пачатку маштабнага ўварваньня Расеі.

ЗША вывучаюць магчымасьці прызнаньня Расеі спонсарам тэрарызму за яе ўварваньне ва Ўкраіну

З такой заявай выступіў дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен.

Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна вывучае заканадаўчыя магчымасьці прызнаньня Расеі дзяржавай, якая спансуе тэрарызм.

«Ня маю сумневаў, што Расея тэрарызуе ўкраінскі народ. Пытаньне ў тым, і гэта вывучаюць юрысты, што патрэбна пераканацца, што сытуацыя сапраўды адпавядае патрабаваньням для такога азначэньня», — заявіў дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен, адказваючы на пытаньне аднаго з амэрыканскіх сэнатараў, перадае «Голас Амэрыкі».

Амэрыканскія кангрэсмэны прагаласавалі за законапраект аб лэнд-лізе і абароне дэмакратыі ва Ўкраіне

Закон дазваляе істотна паскорыць пастаўкі ва Ўкраіну амэрыканскай дапамогі, у тым ліку баявой тэхнікі і боепрыпасаў. Пасьля яго прыняцьця кіраўнік Белага Дому абавязаны на працягу 60 дзён вызначыць паскораныя працэдуры дастаўкі амэрыканскага ўзбраеньня, транспарту, харчоў і іншай дапамогі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG