Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Замах на тэрарызм»: як Лукашэнка стварае сваё навамоўе


Турэмнае адзеньне асуджанага на сьмяротнае пакараньне ў Беларусі. Архіўнае фота
Турэмнае адзеньне асуджанага на сьмяротнае пакараньне ў Беларусі. Архіўнае фота

Жорсткасьць рэжыму Лукашэнкі выходзіць на новы ўзровень — цяпер расстрэльваць зьбіраюцца ня толькі за акт тэрарызму, але і за замах на яго. А памятаеце, грамадзянская супольнасьць яшчэ пару гадоў таму сур’ёзна абмяркоўвала пэрспэктывы, калі Беларусь магла б нарэшце адмовіцца ад узаконеных забойстваў? Цяпер жа прыйшоў час абмеркаваць, ці спыніцца рэжым у пашырэньні нагодаў выносіць сьмяротныя прысуды.

Раней у Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь не было асобнага артыкула пра замах на тэрарыстычны акт, але, відавочна, кодэкс трансфармуюць так, каб фармальна ўсё выглядала хоць бы на першы погляд лягічна. Каб у межах самога дакумэнту працавалі правілы фармальнай лёгікі. А як усё гэта будзе суадносіцца з рэальнасьцю — рэч другасная, калі не апошняя.

У рэальнасьці ж адбываюцца працэсы, якія — наадварот — дадаюць у беларускае жыцьцё толькі абсурд і непрадказальнасьць.

Вось што такое тэрарыстычны акт? Гэта акт гвалту з мэтай запужваньня. Але як з гэтым паняцьцем суадносіцца, напрыклад, рэйкавая вайна? Беларускія партызаны, псуючы чыгуначную інфраструктуру, адмыслова абіраюць мэтады, пры якіх няма фізычнай шкоды людзям. Гвалту ў дачыненьні да людзей у спальваньні рэлейных шафаў няма. А вось у тым, каб мэтанакіравана прастрэльваць партызанам калені, ёсьць і гвалт, і запалохваньне іншых. Але ж для ўладаў Беларусі рэйкавыя партызаны — гэта тэрарысты, а тыя, хто страляе ім у калені, — абаронцы дзяржавы.

Улады быццам кажуць: «тут толькі мы вырашаем, хто тэрарыст. І няважна, што ты робіш, заўтра тэрарыстам мы зможам назваць і цябе». Гвалт у дачыненьні да рэйкавых партызанаў стаў клясычным прыкладам таго, як дзяржава наўмысна чыніць запужваньне і ўзмацняе ў народу адчуваньне непрадказальнасьці. Усе мусяць баяцца ўсяго. А ў словаў больш няма агульнапрынятага значэньня, але ёсьць сваё — дзяржаўна-беларускае. Гэта нейкая сумесь Оруэлаўскага навамоўя і пуцінскай рэальнасьці з плескачамі замест выбухаў і спэцапэрацыяй замест вайны.

Сыстэма Лукашэнкі стварае новую сэмантычную рэальнасьць, бо барацьба на сымбалічным узроўні для яе вельмі важная, як і для любой іншай дыктатуры. Менавіта каб перамагчы на ўзроўні сымбаляў, ЖЭСы па ўсёй краіне гадамі зафарбоўвалі БЧБ-малюнкі на сьценах. З гэтай жа мэтай у Беларусі арыштоўваюць за шкарпэткі не таго колеру ці за адпаведную стужку ў валасах. Але візуальны ўзровень — не адзіны, дзе Лукашэнка мусіць адчуць сябе пераможцам. Яму важна яшчэ і надаць словам новыя значэньні. І так зьяўляюцца новыя азначэньні ў словаў «масавыя беспарадкі», «здрада дзяржаве» і «тэрарызм».

І ёсьць у гэтым нейкі асаблівы цынізм: зьмяняючы заканадаўства аб тэрарызьме, дзяржава сама і чыніць тэрор — гвалт з мэтай агульнага запужваньня. Для сябе яна цалкам трансфармуе паняцьце тэрарызму, называючы ім фактычна ўсё што захоча. І з гэтай гульні ў словы можна кпіць і сьмяяцца, яе можна называць дыктатарскай агоніяй, але рэальнасьць такая, што ад гэтай агоніі маюць рэальныя шанцы памерці іншыя людзі, а не Лукашэнка і ягоныя памагатыя.

Тое, што адбываецца, — гэта катастрофа. І хочацца верыць, што міжнародная супольнасьць не абмяжуецца выказваньнем заклапочанасьці.

Рэжым Лукашэнкі павінен перастаць забіраць жыцьці людзей.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG