Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі візыту Ціханоўскай у ФРГ: дапамога СМІ, праваабаронцам і прафсаюзам, рэабілітацыя дзяцей палітвязьняў


Cьвятлана Ціханоўская з прэзыдэнтам Нямеччыны Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам
Cьвятлана Ціханоўская з прэзыдэнтам Нямеччыны Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам

26 красавіка скончыўся афіцыйны візыт дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай у Нямеччыну, падчас якога яна, сярод іншага, сустрэлася з прэзыдэнтам краіны Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам і мэрам Бэрліна Францыскай Гіфай, а таксама кіраўніцтвам Бундэстагу.

Разам зь сястрой палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай Тацьцянай Хоміч і Веранікай Цапкалай Сьвятлана Ціханоўская правяла сустрэчы са сьпікерам Бундэстагу Бэрбэль Бас, лідэрамі парлямэнцкіх фракцый і прадстаўніком канцылярыі Шольца Кляўдыяй Рот, паведамілі ў прэс-службе Ціханоўскай.

Cьвятлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала і Тацьцяна Хоміч зь лідэрамі парлямэнцкіх фракцый Нямеччыны
Cьвятлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала і Тацьцяна Хоміч зь лідэрамі парлямэнцкіх фракцый Нямеччыны

Так, па выніках візыту Нямеччына выказала гатоўнасьць прадаставіць пакет дапамогі беларускім студэнтам, мэдыя, праваабарончым арганізацыям ды іншым ініцыятывам. Працягнецца і фінансаванае беларускай праграмы Deutsche Welle. Асобна будзе аказана дапамога беларускім незалежным прафсаюзам, якія цяпер трапілі пад рэпрэсіі.

Таксама адзначаецца, што распрацоўваецца праграма абмену/рэабілітацыі для дзяцей палітвязьняў, каб яны маглі наведаць Бэрлін. Акрамя гэтага, Нямеччына аптымізуе працэс прыняцьця беларускіх уцекачоў зь Беларусі і Ўкраіны.

Cьвятлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала і Тацьцяна Хоміч са сьпікерам Бундэстага Бэрбэль Бас
Cьвятлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала і Тацьцяна Хоміч са сьпікерам Бундэстага Бэрбэль Бас

У камандзе Ціханоўскай падкрэсьлілі, што Нямеччына працягвае выдаваць візы беларусам, найперш тым, хто зазнаў рэпрэсіі з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Што да рэжыму Лукашэнкі, то па выніках перамоваў Сьвятланы Ціханоўскай у Бэрліне стала вядома, што Нямеччына працягне палітыку яго непрызнаньня. На цырымонію, прысьвечаную гадавіне заканчэньня Другой сусьветнай вайны, дэлегацыю Лукашэнкі не запросяць, Нямеччына ня прыме новага амбасадара Беларусі.

У Бундэстагу таксама разгледзяць стварэньне групы сяброў Беларусі замест беларуска-нямецкай парлямэнцкай групы, якая камунікавала з рэжымам Лукашэнкі.

Адзначаецца, што Нямеччына дакладна разьдзяляе дзеяньні Лукашэнкі і беларускі народ, таму пытаньне Беларусі і яе ролі ў вайне будзе падымацца на наступных міжнародных форумах і шматбаковых сустрэчах.

Таксама Нямеччына працягне падтрымліваць праект збору доказаў злачынстваў рэжыму Лукашэнкі. Плятформа супрацоўнічае зь беларускімі праваабаронцамі. Падкрэсьліваецца, што ўжо сабрана 10 000 файлаў доказаў, якія перададуць у ААН. Дэпутаты Бундэстагу, у сваю чаргу, падымуць пытаньне прыцягненьня Лукашэнкі да крымінальнай адказнасьці ў рамках міжнародных інстытуцый і міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG