Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сабакі засталіся на 30 дзён адны, бязь ежы і вады». Як украінскі дрэсіроўшчык ратуе хатніх жывёлаў на Кіеўшчыне


Марыюпаль. Ілюстрацыйнае фота.
Марыюпаль. Ілюстрацыйнае фота.

Андрэй Даўжэнка — украінскі дрэсіроўшчык сабак: на сваім youtube-канале «Канура» ён дае парады, як выхоўваць і як абыходзіцца з чатырохногімі гадаванцамі.

Аднак з моманту пачатку вайны ва Ўкраіне Даўжэнка публікуе зусім іншыя відэа — у іх ён ратуе сабак і катоў, якія пацярпелі ў Кіеўскай вобласьці ад абстрэлаў або па розных прычынах пазбавіліся сваіх гаспадароў.

Зь ім пагутарыў вядучы Настоящего времени Ігар Сяўругін.

— Раскажыце аб сытуацыі ў гарадах, у якіх вы працуеце. Ці вы да гэтага часу знаходзіце там жывёлаў, якія засталіся бяз дому і без гаспадароў?

— На жаль, гэта так. Але дзякуючы вялікай колькасьці валянтэраў, зоаабарончых арганізацый і проста неабыякавых людзей зараз сытуацыя практычна вырашана. Жывёлаў, якія бегаюць па вуліцах, ужо не такая вялікая колькасьць. Але калі пашукаць, то, канешне, можна знайсьці, каму патрабуецца дапамога.

У некаторых гарадах да гэтага часу адбываецца разьмініраваньне і ліквідацыя наступстваў баявых дзеяньняў. Адпаведныя службы спрабуюць аднаўляць лініі электраперадачы. Часткова людзі прыяжджаюць туды паглядзець, у якім стане знаходзяцца іх дамы, кватэры. Некаторыя людзі спрабуюць разграбаць наступствы бамбардзіровак, завалаў. Таксама працуюць валянтэры, прывозяць гуманітарную дапамогу. Працуюць зоавалянтэры, спрабуюць ратаваць жывёл.

— Ці на вашых вачах былі нейкія шчасьлівыя гісторыі? Напрыклад, калі вы самі станавіліся сьведкам таго, што прыехалі гаспадары кінутых ці страчаных сабак ці катоў і забралі іх?

— Вядома! Большую частку жывёлаў, якіх мы падабралі з вуліцы, ужо вярнулі гаспадарам. Гэта значыць, дзякуючы youtube, дзякуючы сацыяльным сеткам людзі могуць глядзець, назіраць і бачыць, якія жывёлы трапляюць да нас. І толькі дзеля гэтага мы і займаемся гэтым — каб сем’і зьядналіся і пацярпелыя ад баявых дзеяньняў жывёлы знайшлі свае дамы.

— Вы нядаўна паказвалі відэа, якое было зьнята ў гадавальніку, дзе было шмат загінулых сабак. Пры якіх акалічнасьцях былі зьняты гэтыя кадры?

— Гэта гадавальнік кане-корса і францускіх бульдогаў, які знаходзіцца ў вёсцы Забучча. Побач жыве мой сябар і кліент, ён патэлефанаваў мне і папрасіў дапамагчы. Мы там апынуліся літаральна на наступны дзень, калі спыніліся баявыя дзеяньні. Гэта значыць, учора яшчэ там стралялі, а сёньня паехалі туды, таму што ведалі, што там ёсьць гадавальнік сабак, які застаўся без людзей.

Сытуацыя была наступная: людзі сядзелі, наколькі я разумею, дома, спрабавалі перачакаць гэтыя падзеі. Але калі снарад прыляцеў у двор, некалькі сабак загінулі. Вокны былі разьбітыя асколкамі, выбухной хваляй. Пасьля гэтага людзі проста селі ў машыны і зьехалі.

Я ня ведаю, магчыма, у іх не было магчымасьці вывезьці сабак, магчыма проста была панічная сытуацыя. Але так ці інакш гэтыя сабакі засталіся тамака на 30 дзён адны, без людзей, без ежы, воды. І яны спрабавалі выжыць як маглі. Вялікія сабакі пачалі есьці маленькіх, частка сабак загінула, хутчэй за ўсё, ад інфэкцый, таму што сабакі, якіх мы забралі, былі заражаныя кляшчом, піраплазмозам, яны былі ў дрэнным стане.

Мне часта задаюць пытаньне, чаму сабакі ў гэтым гадавальніку на відэа не ядуць, кажуць, што відэа падобна на фэйк, таму што сабакі былі нібы месяц самі па сабе, і мы прыносім ім мяса, а яны не ядуць. Але насамрэч яны ўжо былі ў цяжкай стадыі захворваньня і ўжо проста адмаўляліся ад ежы.

Мы прынялі рашэньне не чакаць, а проста забраць усіх сабак, аказаць ім першую мэдыцынскую дапамогу і надалей ужо прымаць рашэньне, што зь імі рабіць далей.

— Вы ў адным са сваіх відэа пазначылі, напэўна, адну з важных праблем, зь якой потым сутыкнуцца жыхары Кіеўскай вобласьці. Многія сабакі былі кінутыя. Цяпер вясна, у некаторых сук цечка. Чым усё гэта пагражае? Ці стане іх такая колькасьць, што гэта будзе проста небясьпечна для чалавека?

— Я ня думаю, што будзе сур'ёзная небясьпека для чалавека. Гэта проста будзе выклікаць дыскамфорт, людзі пачнуць скардзіцца і потым гэта можа выклікаць праблему.

Нядаўна я працаваў на Чарнобыльскай АЭС. Быў адзін абʼект, на якім была вялізная колькасьць сабак, іх каля сталовай падкормлівалі, і ніхто не рэгуляваў іх колькасьць. І з часам з трох сабачак, якія прыбіліся, іх стала каля 40. А 40 сабак, вы ўяўляеце, што гэта: брэх. І калі ў нейкай сукі з гэтых сабак пачынаецца цечка, кабелі варʼяцеюць, яны нічога ня бачаць вакол. Людзі пачынаюць іх палохацца, скардзіцца, рабіць нейкія захады. І, як правіла, гэта канчаецца альбо атручваньнем, альбо расстрэламі сабак.

На жаль, мы былі сьведкамі такіх сытуацый. Спачатку як бы ўсё міла, гэта шчанюкі, усе іх кормяць, цешацца, ціскаюць. А праз 6-7 месяцаў сабакі вырастаюць і пачынаюць палохаць людзей. А калі людзі пужаюцца, адбываюцца такія непрыемныя сытуацыі.

Таму мой пасыл быў да ўсіх сьвядомых людзей, у якіх ёсьць сабакі, гаспадарам сабак, зоаабарончым арганізацыям, валянтэрскім арганізацыям: трэба як мага больш сабак, якія зараз знаходзяцца ў гэтых гарадах, забраць з вуліц дадому! Таму што нашыя ўлады зараз засяроджаныя на тым, каб гарантаваць бясьпеку для людзей — праводзяць разьмініраваньне, раздаюць гуманітарную дапамогу. А мы як сьвядомыя людзі, як гаспадары сабак павінны паспрыяць сытуацыі, каб не дапусьціць гэтай праблемы.

Спачатку, калі я езьдзіў у вызваленыя гарады, я бачыў вялізныя зграі гэтых сабак, якія бегалі па вуліцах. Але ў апошнія дні мы езьдзім, і іх ужо стала нашмат-нашмат менш! Гэта значыць дзякуючы ўсім гэтым намаганьням вельмі шмат сабак удалося забраць. Так што я думаю, што ніякай сурʼёзнай праблемы і небясьпекі для чалавека гэта ўяўляць ня будзе. Я больш у гэтай сытуацыі турбуюся за сабак, каб яны не пацярпелі. А людзям яны ніякай пагрозы не прынясуць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG