У той самы час, калі Макей набіраў на кампутары свой знакаміты ліст у Брусэль, у якім наракаў на «нешчасьлівую чараду падзеяў» і прапаноўваў Захаду аднавіць дыялёг, — ГУБАЗіК працягваў заломваць рукі новым палітвязьням, а беларускія суды — кідаць у турмы рэшту тых, каго ўдалося ідэнтыфікаваць па апэратыўных відэаздымках лета і восені 2020 году. Канвэер рэпрэсіяў працягвае трушчыць людзкія лёсы ў звыклым рэжыме. Ніякіх прыкметаў таго, што Менск гатовы калі не спыніць, то хоць бы замарудзіць гэтую машыну, няма. Чаму?
Здавалася б, калі вы сапраўды разьлічваеце на дыялёг, калі гатовыя да нейкіх кампрамісаў і гандлю — чаму б не падаць сыгнал, зрабіць хаця б паўкроку ў кірунку, якога ад вас чакаюць. Ладна, неадкладна вытурыць расейскія войскі са сваёй тэрыторыі вы ня ў стане: такую гульню ва ўмовах рэальнай вайны Крэмль можа і не дараваць. Але чаму хаця б не прыпыніць абсурдныя рэпрэсіі? (Нават не пачаць выпускаць закладнікаў — толькі націснуць на тормаз, спыніць новыя арышты і новыя крымінальныя справы «за актыўны ўдзел у беспарадках»). Чаму ня зроблена нават гэта малое?
Пакутнікі Бучы і пакутнікі Акрэсьціна
Пасьля 24 лютага тэма палітычных рэпрэсіяў, што не спыняюцца ў Беларусі, для сьвету адышла на другі плян. Лёсы палітвязьняў, многія зь якіх ужо больш за год пакутуюць у Лукашэнкавых турмах, не выклікаюць больш такой хвалі спачуваньня і абурэньня. На тле пакутнікаў Бучы пакутнікі Акрэсьціна падаюцца ня самымі вялікімі ахвярамі дыктатарскага рэжыму. І гэта — адно з сумных наступстваў расейска-ўкраінскай вайны для Беларусі.
Цяжка ўявіць, што Макей пісаў свой ліст у Брусэль, папярэдне не ўзгадніўшы тэкст з Лукашэнкам. Але гэтак жа цяжка ўявіць, што пра зьмест гэтага ліста быў паінфармаваны міністар унутраных справаў Кубракоў, пад кіраўніцтвам якога тэмп і градус палітычных рэпрэсіяў у Беларусі падтрымліваюцца на высокім узроўні ўжо больш як паўтара года. Выглядае, што Макею пастаўлена задача аднавіць дыялёг з Захадам, а Кубракову — ні ў якім разе не спыняць рэпрэсіі. Як спалучыць гэтыя неспалучальныя мэты — ня ведае, відаць, нават той, хто іх ставіў.
Можа, асаблівай жорсткасьці ў перасьледзе палітычных апанэнтаў вымагае ад Лукашэнкі Масква? Небясьпека раздражніць яе, сапраўды, існуе. Але наўрад ці галоўнай прычынай такога раздражненьня могуць быць маніпуляцыі з палітвязьнямі.
Тут варта заўважыць, што сама Масква, якая раней выглядала на тле Беларусі значна больш лібэральнай, з пачаткам агрэсіі многае зрабіла дзеля таго, каб нагнаць беларускі рэжым у маштабах і спосабах перасьледу дысыдэнтаў. І ўсё ж лідэрства нават з пачаткам вайны яўна застаецца за Лукашэнкам. Так, у Расеі забараняюць і разганяюць антываенныя акцыі. Але паглядзіце, якім чынам гэта робяць, і параўнайце з тым, што рабілася ў Беларусі ў жніўні 2020-га. Ступень жорсткасьці і гвалту непараўнальная. Да таго ж амаль усіх удзельнікаў гэтых пратэстаў у Расеі прыцягваюць пераважна да адміністрацыйнай, а не крымінальнай адказнасьці. Тое ж і з татальнай цэнзурай і забаронай незалежных СМІ. Так, у Расеі больш няма радыё «Эхо Москвы» і тэлеканалу «Дождь». Але журналісты гэтых рэдакцыяў — ня ў турмах і не пад сьледзтвам. Многія зь іх засталіся ў журналістыцы і працягваюць займацца ранейшай дзейнасьцю з дапамогай Ютубу і Тэлеграму.
«Вы ўжо два гады крычыце “Свабоду палітвязьням!” – а які вынік?»
Адметна, што пасьля пачатку вайны Лукашэнка пра лёс палітвязьняў (як і на тэму працягу палітычных рэпрэсіяў) практычна не выказваўся. Але калі згадаць тое, што ён гаварыў на гэты конт у апошнія тыдні перад вайной, то можна ўбачыць, што «генэральны курс» выпрацаваны даўно і застаецца нязьменным. І перасьледуе зусім пэўныя мэты.
(З пасланьня 28 студзеня 2022 г.): «...Але прымушаць калектыўны Захад бегаць вакол Лукашэнкі і крычаць: „Палiтвязьнi“, „Палiтвязьнi“, „Свабоду палiтвязьням“. Ну і крычыце. Крычыце. Вы ўжо два гады крычыце, а які вынік?! (Воплескі залі.) Хачу ім сказаць: далей будзе горш, таму — дамоў на каленях, паўзком».
Гэтая ж выснова была паўтораная і разьвітая ў інтэрвію расейскаму прапагандысту Салаўёву 4 лютага:
«І ня трэба ім патураць, бо было б як у Казахстане.... Многія, напэўна, зразумелі, што я тут ужо іх рэабілітоўваць хачу, нават злачынцаў, — нічога падобнага. Я ж сказаў: будзе створана грамадзкая камісія..... Прымуць рашэньне сядзець — будуць сядзець».
Падзеі 2020 году — гэта балючы мазоль Лукашэнкі, ягоны «пункцік». Відавочна, пачуцьцё помсты не натоленае дагэтуль. Калі ён публічна ўспамінае жнівень 2020-га, калі разважае пра лёс сваіх палітычных ворагаў, якія хацелі адабраць у яго ўладу — то нязьменна ажыўляецца. Пра «адмарозкаў», «беглых», «мярзотнікаў» прамаўляе заўсёды з эмацыйным уздымам і агнём у вачах, як пра набалелае, тое, што рэальна трывожыць і турбуе. Прыніжэньне і зьдзек з палітзьняволеных для яго — норма. Недарэмна ён дакараў былога міністра ўнутраных справаў Караева, які ў тым памятным жніўні прасіў прабачэньня за зьдзекі над затрыманымі на Акрэсьціна: «Гэта са мной не было ўзгоднена, прасіць прабачэньня не было за што».
Ён ніколі ня быў гнуткім, браў нахрапам, гвалтам, зьнішчэньнем апанэнтаў. Як правіла, такі спосаб прыносіў плён: у выніку задуманае хутчэй удавалася, чым канчалася няўдачай. Прынамсі, зьнішчаць палітычных ворагаў і расчышчаць дарогу да пажыцьцёвага прэзыдэнцтва ўдавалася заўсёды.
Поўнае падпарадкаваньне Пуціну, прыніжальныя клятвы ў адданасьці і агучваньне абсурдных вэрсіяў падзеяў у Бучы для яго, выглядае, меншае зло, чым саступка палітычным супернікам унутры краіны, спыненьне катку рэпрэсіяў. Такое ўражаньне, што Лукашэнка хутчэй пагодзіцца на яшчэ большую васальную залежнасьць ад Масквы і канчатковае ператварэньне Беларусі ў пратэктарат, чым на вызваленьне з турмы Бабарыкі, Калесьнікавай, Статкевіча і яшчэ больш як 1100 бязьвінна асуджаных за тое, што замахнуліся на ягоны рэжым.
Ён ужо дастаткова пажылы чалавек. Наіўна спадзявацца, што палітык, якому пад 70, з такімі рысамі характару і такім бэкграўндам раптам разьвернецца на 180 градусаў і пачне дзейнічаць іншымі мэтадамі, чым тыя, якія практыкаваў усё папярэдняе жыцьцё.
…У красавіку 1945-га, калі бомбы з самалётаў саюзьнікаў ужо сыпаліся на будынак райхсканцылярыі, побач у сутарэньнях СС і СД усё яшчэ працягвалі катаваць арыштаваных антыфашыстаў. Машыны рэпрэсіяў у такіх рэжымах, на жаль, найчасьцей спыняюцца толькі тады, калі перастае існаваць іхны стваральнік.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.