Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусы як народ — добрыя, Беларусь як краіна і ўлада — кепская». Вынікі апытаньня ва Ўкраіне


Праўкраінская акцыя пратэсту ў захопленым расейскімі войскамі Херсоне
Праўкраінская акцыя пратэсту ў захопленым расейскімі войскамі Херсоне

Сацыялягічная група «Рэйтынг» з пачатку вайны правяла ўжо 8 хваляў агульнанацыянальных апытаньняў. Падчас іх высьвятляліся самыя розныя аспэкты стаўленьня ўкраінскай грамадзкай думкі да новай сытуацыі

Прапануем вашай увазе некаторыя дадзеныя гэтых апытаньняў. Мы папрасілі пракамэнтаваць іх кіраўніка «Рэйтынгу» Аляксея Анціповіча.

Навідавоку імклівы рост колькасьці апытаных, якія ўпэўненыя ў тым, што Ўкраіна здолее адбіць напад Расеі. Большасьць і да пачатку вайны лічыла, што Ўкраіна адаб’е напад. Аднак нават у першыя дні вайны, нягледзячы на тое, што расейскае войска наступала і захоплівала тэрыторыю Ўкраіны, і на шматлікія, у тым ліку і заходнія, прагнозы аб хуткай паразе Ўкраіны, колькасьць упэўненых у ваенным посьпеху ня зьнізілася, а павялічылася. А да канца сакавіка, калі стала зразумела, што бліцкрыг у расейцаў не атрымаўся, упэўненасьць стала амаль усеагульнай.

Аляксей Анціповіч
Аляксей Анціповіч

Анціповіч: «Вера ўкраінцаў у посьпех ірацыянальная. Вера ў тое, што атрымаецца адбіць напад, у першыя дні вайны ўзрасла ў параўнаньні з даваенным узроўнем. Было 47%, якія былі абсалютна ўпэўненыя ў тым, што напад будзе адбіты, стала за тыдзень вайны 67%. У гэты тыдзень расейцы наступалі, украінскае войска давала адпор і ўкраінцы верылі ў посьпех. Трэба аддаць належнае і інфармацыйнай палітыцы. Зь першых дзён вайны быў створаны адзіны тэлемаратон на тэлеканалах Украіны. І гэта падтрымлівала пазытыўныя чаканьні і веру ў перамогу ўкраінцаў».

Вайна прывяла да фантастычнага ўзьлёту папулярнасьці прэзыдэнта Зяленскага. Папярэдні максымум у 70% быў у 2019 годзе, неўзабаве пасьля яго абраньня прэзыдэнтам. У параўнаньні з тым узроўнем перад вайной станоўчыя ацэнкі яго дзейнасьці зьнізіліся прыкладна ўдвая. Але за першы тыдзень вайны станоўчыя ацэнкі падвысіліся да 93%.

Анціповіч: «Украінцы, як і людзі ў любой краіне, перад тварам пагрозы аб’ядноўваюцца вакол улады, якая можа іх абараніць. Але важным было і тое, што Зяленскі ня ўцёк, застаўся ў Кіеве, ён прадэманстраваў гатоўнасьць абараняць дзяржаву. Украінцы абʼядналіся супраць ворага, супраць Расеі, вакол як улады, гэтак і Ўзброеных сілаў (УСУ). Ухваленьне дзеяньняў войска было нават вышэйшае, чым прэзыдэнта. Пераважная частка ўкраінцаў нешта робяць для перамогі — хтосьці ваюе, хтосьці служыць у тэрабароне, хтосьці валянтэрыць. Толькі 20% апытаных адказалі, што нічога ня робяць для перамогі.
З такой высокай папулярнасьцю Зяленскі можа пайсьці на многае, не баючыся абвінавачаньняў у «здрадзе». Але гэтыя крокі прэзыдэнта павінны прывесьці да выніку, які патрэбны Ўкраіне. А Ўкраіне патрэбная перамога».

Паводле апытаньня «Рэйтынгу», у сакавіку толькі дзьве краіны большасьць украінцаў лічылі варожымі да іхнае краіны — гэта Беларусь і Расея. Расею лічылі варожай краінай амаль усе пагалоўна, Беларусь — менш, але таксама пераважная большасьць. Зьвяртае на сябе ўвагу, што ацэнкі варожасьці Беларусі імкліва павялічваліся за некалькі апошніх месяцаў. У сьнежні летась вайны яшчэ не было, расейскія войскі ў Беларусь яшчэ не прыехалі, двухбаковы гандаль разьвіваўся даволі інтэнсіўна. Аднак ужо тады амаль кожны другі ўкраінец лічыў Беларусь у той ці іншай ступені варожай Украіне.

Анціповіч: «Беларусь як краіна і Лукашэнка як яе кіраўнік для ўкраінцаў варожыя. Зь Беларусі да нас едуць расейскія танкі і ляцяць ракеты. Але тое, што беларускі народ не падтрымлівае гэтай палітыкі, дае ўсё ж невялікі адсотак (10%) тых, хто ацэньвае Беларусь як нэўтральную краіну, і 5% лічаць яе нават дружалюбнай краінай. Што да Расеі, то ўкраінцы лічаць ворагамі і расейскую дзяржаву, і расейцаў, бо большасьць іх падтрымліваюць «спэцыяльную ваенную апэрацыю», як яе называе расейская прапаганда. Беларусы як народ — добрыя, Беларусь як краіна і ўлада — кепская. А ў Расеі кепскія і ўлада, і народ.

У канцы мінулага году Лукашэнка ўжо рабіў недружалюбныя заявы на адрас Украіны, у тым ліку і падчас шматлікіх сустрэч з Пуціным. Яшчэ ў красавіку 2021 году толькі 22% лічылі Беларусь у той ці іншай ступені варожай Украіне, а 44% лічылі яе нэўтральнай краінай. У выніку зьмены рыторыкі Лукашэнкі на антыўкраінскую ў сьнежні мінулага году гэтая ацэнка варожасьці вырасла больш як удвая».

Украінцы адрозьніваюць Беларусь і Расею ў сэнсе суадносінаў адказнасьці за вайну ўлады і народу. Адносна Беларусі яны ўскладаюць адказнасьць пераважна на Лукашэнку, толькі прыкладна чвэрць — і на яго, і на беларускі народ. Аднак пры гэтым, адказваючы на папярэдняе пытаньне, украінцы называюць варожай не беларускую (ці антыбеларускую) ўладу, а краіну Беларусь.

Нягледзячы на тое, што пераважная большасьць украінцаў лічыць, што іхная краіна адабʼе напад Расеі, амаль дзьве траціны лічаць, што гэта адбудзецца ў спалучэньні ваенных і дыпляматычных мэтадаў, а ня толькі ваенных (апошняе лічыць рэальным толькі 31% апытаных).

Анціповіч: «Калі звычайнага чалавека спытаць, што лепш — ваяваць ці дамаўляцца, ён, хутчэй за ўсё, аддасьць перавагу дамоўленасьці. Адказы на гэтае пытаньне — паказьнік міралюбнасьці Ўкраіны, нежаданьня, каб гінулі свае вайсковыя і цывільныя. Так што перамовы ўспрымаюцца пазытыўна. Іншая справа, што ўкраінцы ня вераць у плён перамоваў з Расеяй. І я ня ведаю, на які кампраміс украінцы гатовыя на гэтых перамовах. Шмат гарадоў разбурана, шмат людзей загінулі, Расея павінна панесьці пакараньне за гэта, тады Ўкраіна можа быць задаволеная. Без пакараньня мір немагчымы. Украінцы могуць пагадзіцца з формулай міру, паводле якой расейцы пакінуць украінскую тэрыторыю і панясуць пакараньне за тое, што яны нарабілі ва Ўкраіне, — гэта і рэпарацыі, і суд над ваеннымі злачынцамі.

Калі гэта будзе зроблена, стаўленьне ўкраінцаў да расейцаў можа нават палепшыцца. У сакавіку 40% рэспандэнтаў адказвалі, што адносіны з расейцамі не палепшацца ўжо ніколі. Пасьля жахаў Бучы ўжо 60% адказалі, што ніколі ня змогуць палепшыць стаўленьне да расейцаў. І яшчэ 20% лічаць, што адносіны з расейцамі могуць палепшыцца праз пакаленьне».

Аднак пры гэтым межы кампрамісу, які дапускае грамадзкая думка, досыць вузкія. Гатоўнасьць да саступкі Крыму і тэрыторыі самаабвешчаных рэспублік «ЛДНР» за час вайны не павялічылася, а зьменшылася.

Падчас вайны таксама павялічыліся долі тых, хто выступае за сяброўства Ўкраіны ў Эўразьвязе і NATO. Аднак вынікам нежаданьня Паўночнаатлянтычнага альянсу ўступіць у вайну на баку Ўкраіны і заяваў прэзыдэнта Зяленскага пра гатоўнасьць адмовіцца ад імкненьня да ўступленьня ў Альянс стала пэўнае зьніжэньне долі прыхільнікаў сяброўства Ўкраіны ў NATO. Але, тым ня менш, доля прыхільнікаў гэтага застаецца вышэйшай, чым была да пачатку вайны.

Анціповіч: «З боку NATO мы зараз бачым негатоўнасьць абараняць Украіну. Украінцы могуць разважаць, што калі іх у Альянсе ня хочуць, то Ўкраіна можа і ня рвацца туды. Але калі зараз правесьці ў нас рэфэрэндум наконт уступленьня ў NATO, то большасьць прагаласавала б „за“. Украіна гатовая на кампрамісы, але яна ня прыме ўльтыматуму.
Умовы кампрамісу будуць вызначацца на полі бою.
Ва Ўкраіне ёсьць частка насельніцтва, якая лічыць, што трэба дайсьці да Масквы. Такія ўра-патрыятычныя настроі выключаюць любы кампраміс. Але трэба зыходзіць з рэальнасьці».

Адказы на пытаньне аб мове хатняга ўжытку на вялікім часавым інтэрвале дэманструюць тэндэнцыю зьмяншэньня долі расейскамоўных і павелічэньня долі тых, хто ў хатнім побыце ўжывае ўкраінскую і расейскую адначасова. Пры гэтым доля ўкраінамоўных у побыце заставалася стабільнай на працягу 11 гадоў.

Аднак у пытаньні статусу моваў карціна іншая. У 2014 годзе доля прыхільнікаў адзінай дзяржаўнай мовы — украінскай — прыблізна супадала з доляй тых, у каго ўкраінская была адзінай мовай хатняга ўжытку. Пасьля 2014 году доля прыхільнікаў адзінай дзяржаўнай мовы істотна, на 20 адсоткавых пунктаў, павялічылася, падчас вайны адбыўся яшчэ адзін скачок колькасьці прыхільнікаў такога афіцыйнага статусу моваў.

Больш за 50% апытаных лічаць недастатковымі заходнія санкцыі і заходнюю вайсковую дапамогу.

Летась Уладзімір Пуцін апублікаваў артыкул, у якім абгрунтоўваў, што расейцы і ўкраінцы — адзін народ. Тую ж тэзу ён паўтарыў у сваім выступе 21 лютага сёлета аб прызнаньні незалежнасьці «ДНР» і «ЛНР». Летась немалая частка ўкраінцаў гэтую тэзу падзяляла, хоць, магчыма, і зь іншай, чым у Пуціна, інтэрпрэтацыяй. Але пасьля пачатку вайны доля прыхільнікаў такога ўяўленьня скарацілася ў 5 разоў.

Расейская ўлада афіцыйна заяўляе, што мэта нападу на Ўкраіну, які там называюць «спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй», — гарантаваньне бясьпекі «ЛДНР», перадухіленьне ўступленьня Ўкраіны ў NATO, а таксама незразумелыя «дэмілітарызацыя» і «дэнацыфікацыя». Праўда, час ад часу расейскія публіцысты і палітыкі расшыфроўваюць сэнс гэтых мэтаў. Аўтар праграмнага артыкула на сайце РИА Новости Цімафей Сяргейцаў і намесьнік дзяржсакратара Савету бясьпекі РФ Дзьмітрый Мядзьведзеў у сваім тэлеграм-канале патлумачылі, што «дэнацыфікацыя» азначае фактычна дэўкраінізацыю, зьнішчэньне ўкраінскай дзяржаўнасьці і нацыянальнай ідэнтычнасьці. Менавіта гэтак пераважная частка ўкраінцаў і разумее расейскія мэты вайны.

Структура інфармацыйнага спажываньня ва Ўкраіне парадаксальным чынам падобная да беларускай. Найбольш папулярная крыніца — тэлевізія, прыкладна роўная зь ёю — інтэрнэт-сайты, крыху менш папулярныя сацыяльныя сеткі. Гэтак жа, як і ў Беларусі, тэлевізія пераважае як крыніца інфармацыі сярод старэйшага пакаленьня, моладзь аддае перавагу інтэрнэту, а яшчэ больш — мэсэнджарам. Праўда, у Беларусі мэсыджы тэлевізіі і найбольш папулярных інтэрнэт-сайтаў і мэсэнджараў — ці не супрацьлеглыя. Ва Ўкраіне карціна зусім іншая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG