Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі: адзін прэм’ер з ЭЗ запатрабаваў доказаў, што Буча — не інсцэніроўка


Уладзімір Зяленскі ў Бучы
Уладзімір Зяленскі ў Бучы

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі расказаў, што кіраўнік ураду адной з краін Эўразьвязу запатрабаваў доказаў таго, што забойствы мірных жыхароў у горадзе Буча пад Кіевам не былі інсцэніроўкай: менавіта так сьцьвярджала расейская афіцыйная прапаганда.

Пра гэта Зяленскі заявіў у інтэрвію нямецкай газэце Bild.

Прэзыдэнт Украіны не назваў імя гэтага палітыка, сказаўшы толькі, што гэта ня канцлер Нямеччыны Олаф Шольц. «Украінская праўда» сьцьвярджае, што, паводле інфармацыі крыніц, з такім патрабаваньнем да Зяленскага зьвярнуўся прэмʼер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан. Пры гэтым афіцыйна гэта не пацьверджана, і не вядома пра якія-небудзь кантакты паміж двума лідэрамі ў апошні час. Вядома, аднак, што Орбан днямі размаўляў па тэлефоне з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным, і падчас размовы той назваў падзеі ў Бучы «цынічнай правакацыяй» украінскага боку.

Орбана крытыкуюць — як ва Ўкраіне, так і ў ЭЗ — за адмову прадстаўляць Кіеву ўзбраеньне, а таксама за гатоўнасьць ісьці насустрач Крамлю, напрыклад, у пытаньні аб аплаце за расейскі газ у рублях. Днямі Орбан публічна назваў Зяленскага сваім апанэнтам.

Рэакцыя Вугоршчыны

Прэм'ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан асуджае забойствы ў Бучы і цалкам падтрымлівае міжнароднае расьсьледаваньне, накіраванае на выяўленьне віноўнікаў праліцьця крыві, заявіў прэс-сакратар Орбана Бэрталан Хавасі.

  • Краіны ЭЗ ухвалілі новы пакет санкцый у дачыненьні да Расеі ў сувязі з масавымі забойствамі ў Бучы. Гэта значыць, што Вугоршчына таксама падтрымала гэтыя санкцыі. Орбан раней заяўляў, што асуджае расейскае ўварваньне ва Ўкраіну.
  • Ва ўкраінскім горадзе Буча пасьля сыходу расейскіх войскаў выявілі шматлікія целы забітых мірных жыхароў, многія зь іх былі застрэленыя. Украіна абвінавачвае ў забойствах Расею, Масква абвяргае сваё дачыненьне да іх. Пры гэтым адны расейскія прадстаўнікі называлі падзеі ў Бучы інсцэніроўкай, іншыя ж вінавацілі ў забойствах саму Ўкраіну. У суботу стала вядома, што віцэ-прэмʼер Польшчы Яраслаў Качыньскі, у мінулым саюзьнік Орбана на глебе супрацьстаяньня Брусэлю і абароны так званых традыцыйных каштоўнасьцяў, асудзіў вугорскага прэмʼера за адмову дакладна заявіць аб віне Расеі ў забойствах у Бучы. «Калі Орбан кажа, што ён ня бачыць, што адбылося ў Бучы, яму трэба параіць зьвярнуцца да акуліста» — заявіў ён, дадаўшы, што, калі Будапэшт ня зьменіць сваю палітыку, ранейшых сяброўскіх адносін паміж Польшчай і Вугоршчынай ня будзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG