Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Эх, Кабзар, каб ты збудзіўся!». Што і як беларускія пісьменьнікі пісалі пра Ўкраіну


Ці ёсьць у беларускай літаратуры вартыя ўвагі творы, якія, агульна кажучы, закранаюць «украінскую тэму»? Як ні дзіўна, пра самую блізкую нам краіну-суседку і суседзяў-украінцаў беларускія пісьменьнікі напісалі няшмат, калі мець на ўвазе такое, што хацелася б сёньня чытаць і перачытваць.

Магчыма, я ня надта дакладна шукаў, хоць і стараўся. Але мяркуйце самі. Вось некалькі прыкладаў зь белліту, у якіх такім ці іншым чынам «украінская тэма» знаходзіцца ў цэнтры ўвагі або недзе блізка яго.

Максім Гарэцкі: «Рускі»

Максім Гарэцкі
Максім Гарэцкі

Я ведаю людзей, якія лічаць гэты кароткі тэкст найлепшым апавяданьнем ва ўсёй беларускай літаратуры. Апавяданьне, безумоўна, магутнае, хоць стылістычна яно вельмі сьціплае, можна нават сказаць, «поснае», хутчэй «журналісцкае», чым мастацкае. І яно больш пра Беларусь і беларусаў, чым пра Ўкраіну і ўкраінцаў.

Першая сусьветная вайна. Недзе на шэрым франтавым полі «Рускі» з Магілёўскай губэрні сустракае «Аўстрыяку»:

«Толькі ўзьняўся ён на нейкі невялічкі ўзгорачак, як зьнянацку ашаламеў: перад ім стаяў аўстрыяк… Абодва разам прыселі да зямлі: Рускі прысеў ад страху, а той, мусіць, таксама. Дзеелася адзін момант, а здалося дужа доўга. Аўстрыяк тады першы кажа:

— Руськый! Я маю горілку…

— Я табе нічога не зраблю! — адказаў Рускі зусім лагодна і сьмела ўстаў і пайшоў да яго бліжэй.

Аўстрыяка таксама падняўся, разы два ступіў і падаў руку. Ворагі прывіталіся, як даўныя сябры. Потым ізноў селі, толькі ўжо побач — і стрэльбы паклалі, кожны пры сваім баку.

Хаця блізу што зусім не гаманілі, бо языкі варочаліся туга, дый мала чаго яны разумелі ў словах той таго, але так выйшла неўзабаве, што выпілі аўстрыякаву гарэлку, заелі яго падсітным хлебцам і закурылі па кручонцы з махоркі Рускага. Гарэлкі было — адно толькі званьне: па чарцы, можа, ці па дзьве на брата. Пілі нагбом — сьпярша аўстрыяк, а тады Рускі. Калі зрабілі ўсё і трэба было расхадзіцца, пачулі нейкую прыкрасьць. Ды аўстрыяк падбодрыўся і сказаў:

— Чы веды менэ до Русіі, чы разойдэмся.

Рускі паскроб ля вуха, як бы й запраўды разважаў, што тут рабіць. Паглядзеў, задраўшы галаву, і адказаў:

— Не, братка, ідзі да сваіх.

Аўстрыяк быццам трохі, нябачна, замаркоціўся. Але падаў руку. Рускі паціснуў яе. І завярнуліся ў свае бакі.

Аўстрыяк адыходзіў шпарчэй. Рускі павалюхаў марудна і няскладна, як мядзьведзь. Яго прыціснула тое, што ня меў часу падумаць, як гэта што было. Ён хапаўся ўцяміць, ці ўсё добра ён рабіў. І калі раптам бліснула яму ў галаве, і ён, каб не спазьніцца і каб пасьля не шкадаваць, што быў варонаю, ён, ужо ступіўшы разоў дзесяць, сказаў сам сабе: „Э, што ж я за ваяка“. І не сказаў, толькі бліснула яму так у галаве… Павярнуўся, злажыўся стрэльбаю і без дум паціснуў пальцам:

— Так!

Гул быў глухі і невялікі. Аўстрыяк спачатку зарыўся носам і бразнуў бляшчанаю пляшкаю, зь якой пілі гарэлку, аб сваю стрэльбу. Потым перавярнуўся дагары тварам — і вельмі жалосна і з працягам застагнаў.

Калі Рускі падбег і нахіліўся над яго чубатаю шапачкаю і даўна падстрыганымі вусамі, дык у цямноце мала чаго ўбачыў, але пачуў, як ён яшчэ дадаў, гаворачы быццам аб нейкім трэцім:

— Што ж цій москаль наробыв… Застанэцца моя жынка і діты…

Безнадзейная крыўда чулася ад яго; апошнія словы ледзь выдыхнуў, бо ўжо канаў. Раскінуў рукі і ногі. Рускаму здалося, што сьмяротная пялёнка, як у той курыцы, засьцілае яго жаўтаватыя бялкі.

— А колькі ж іх маеш? — з апалым сэрцам спытаўся Рускі і мімаволі, выглядаючы сабе падмацаваньне, агледзеўся наўкол, у ночным змроку.

— Ді-ты…

Забіты яшчэ раз пацягнуўся, замкнуў паволі вочы і быў гатоў».

Якуб Колас: «Баяну-Кабзару»

Якуб Колас
Якуб Колас

Няблага чытаецца гэты верш і сёньня, калі ад яго «адсекчы» тры апошнія строфы, у якіх згадваецца «Савецкая старонка», якая нібыта вызваліла краіну Кабзара ад тырана. Трэба, аднак, дадаць, што верш быў напісаны Коласам у 1939 годзе.

А пачатак вось такі нічога сабе — нягледзячы на ідэалягічныя патрабаваньні эпохі, Колас час ад часу бываў і паэтам:

У тваіх вачах,
Дзьвюх глыбозных, як неба, крыніцах,
Я чытаю шлях,
Багатырскі ўзмах
У вышыні, дзе сьвецяць дзяньніцы.

Ты прайшоў яго,
Як асілак-змагар непахісны,
І агню твайго
Не згасіў ніхто, —
Прахам паў твой тыран ненавісны.

І расьце адзін
Пустазёл на магіле тырана.
Пра яго ўспамін —
Горкі дым, палын
І страхоцьце пустога кургана.

А ты жыў, кабзар,
І жывуць твае песьні на сьвеце.
І табе, пясьняр,
Зносяць песень дар
Твае вольныя ўнукі і дзеці.

Янка Купала: «Украіна»/«Тарасова доля»

Янка Купала
Янка Купала

Верш «Украіна» напісаны Купалам у 1935 годзе. Купала ў гэтым вершы ўжо не паэт, а ідэалягічны вэрсыфікатар.

(…)
Украіна, цьвеце любы
Чараўнічай сілы,
Рэвалюцыя з Усходу
Цябе абудзіла.

Абудзіла, а на шляху
Паўстаў вораг дзікі —
Скарападзкія, пятлюры
Ды Махно, Дзянікін.

Запалаў твой стэп шырокі,
Паўставала гора, —
Пацякла кроў старай сьцежкай,
Як Дняпро у мора.
(…)

У падобным ідэалягічным духу вытрыманая і даволі аб’ёмная паэма Купалы «Тарасова доля» з 1939 году, прысьвечаная ўкраінскаму Кабзару. Яе канцоўка:

(…)
На тваёй зямлі квяцістай
Сонца ясна сьвеціць,
Не згібаюць плеч у ёрмах
Бацька, маці, дзеці.

Ройным роем гаспадараць
Сабе самі людзі.
Будаўніцтва йдзе такое, —
Нібы цуд па цудзе!

Ані сьлёз тых, ані гора,
Ні цара, ні пана!
Эх, Кабзар, каб ты збудзіўся,
На Ўкраіну глянуў!..

Пятрусь Броўка: «З табой, Украіна…»

Пятрусь Броўка
Пятрусь Броўка

«З табой, Украіна,
З табой мае думы.
Я з радасным сэрцам стаю прад табою.
Напэўна б зачах ад нудоты і суму,
Калі б я ня ведаў краіны такое.

Краіна стэпоў
Неабсяжных, багатых,
Зь якімі гамоняць гаі і дубровы.
Здаецца, як гусі, бялюткія хаты
Плывуць па зялёных азёрцах вішнёвых.

Пшаніца, як мора,
На полі ўладарыць,
Бахчамі, бахчамі спавіты дарогі.
Па стэпах сланечнікаў зьзяюць пажары,
Таполі, як сьвечкі, да неба самога».

Чытаеш такое, і робіцца табе страшнавата. Пачынаеш падазраваць, што большасьць беларусаў развучылася за савецкім часам чытаць літаратуру па-беларуску не таму, што маскалі з РСФСР і «рускія са знакам якасьці» з БССР іх русыфікавалі, а хутчэй таму, што Броўка і кампанія пісалі вось такія опусы.

Як мне здаецца, Пятрусь Броўка напісаў гэты верш па сьлядах сваёй паездкі ў УССР у 1957 годзе як кіраўнік беларускай пісьменьніцкай дэлегацыі. Пра тую паездку іншы ўдзельнік дэлегацыі, Ян Скрыган, напісаў прачулы тэкст прозаю пад загалоўкам «Тыдзень на Ўкраіне». Фрагмэнт, у якім беларуская пісьменьніцкая дэлегацыя сустракаецца з «аматарамі літаратуры» на Данбасе:

«Кожны, каго б вы ні сустрэлі ў Данбасе, з гонарам пачне расказваць і пра свой горад, і пра сваю зямлю. І абавязкова дадасьць:

— О, а каб вы ведалі, як тут людзі даўней жылі! Гэта было страшна. А цяпер — у нас лепш як дзе! Пабачыце самі.

Вы зьдзівіцеся, бо не заўважыце, чым жа можна захапляцца, калі ваша прывычнае да лясоў вока ўбачыць тут шырачэзны стэп або голыя, перакацістыя палі, зацягнутыя вечнай смугою ўдалечы не то ад сьпёкі, не то ад дыму, што ўсюды курыцца з заводзкіх труб. Аматару маляўнічай прыроды здасца тут вельмі сумна. Што ж, трубы — гэта, вядома, індустрыяльная адзнака, і яны могуць сьцьвярджаць эканамічную магутнасьць, але эстэтычных пачуцьцяў не крануць. Што ж, тэрыконы, падобныя на піраміды, што высяцца наўкруга гэтых індустрыяльных цэнтраў і хаваюцца аж у смузе гарызонту, — грандыёзная рэч, але ж гэта не ўпрыгожвае краявіду. Але так можа здацца толькі на першае вока, пакуль не пакажацца за ўсім гэтым чалавек зь яго любоўю да свае гісторыі, да свайго краю. І вельмі скора вы пачняце ўсім захапляцца і дзівіцца — як жа ўсё магло быць іначай?

У Данецк мы прыляцелі раней часу на цэлую гадзіну па той прычыне, што самалёт не спыняўся па дарозе, як гэта было заведзена па раскладу. „Зімы“ і „пабеды“ прымчаліся на аэрапорт у той час, калі мы пасьля самалёта разьміналі ногі на прывакзальнай плошчы. Гэты „канфуз“ даў яшчэ больш ажыўленьня і непасрэднасьці. Прадстаўнікі абкому, аблвыканкому і іншых грамадзкіх арганізацый, пажартаваўшы, што не гаспадары сустракаюць гасьцей, а госьці гаспадароў, паабяцалі нам за гэта „адпомсьціць“. І „помста“ была суровая: толькі мы пасьпелі ўладкавацца ў гасьцініцы, як тыя ж „зімы“ і „пабеды“ падхапілі і павезьлі нас хто ведае куды».

Падазраю, што павезьлі іх на зацяжную выпіўку з харошай закускай.

Уладзімер Караткевіч: «Лісьце каштанаў»

Уладзімер Караткевіч
Уладзімер Караткевіч

Гэтая аповесьць, бадай што, адзіная пасьляваенная рэч пра Ўкраіну, якую можна сёньня перачытваць, ня круцячы носам над яе пахам. Аповесьць, безумоўна, ужо крыху ўстарэла, і стылем, і сваёй зацыкленасьцю на савецкіх ідэалягічных устаноўках, але яе сюжэтная лінія пра групу падлеткаў у вызваленым Кіеве 1944 году, якія хочуць ісьці ваяваць зь немцамі або адзначыцца нейкім іншым «геройскім» чынам — даволі цікавая.

Аповесьць файна пачынаецца, як бы зусім не пра Ўкраіну:

«Чалавек можа сказаць, што ён ня любіць мора, сіняга мора, ласкавага, цёплага — і яму не павераць. Чалавек можа сказаць, што ён ня любіць сьветлай-сьветлай срэбнай поўні над цьвітучым садам, у якім вішні купаюцца ў зеленаватым месячным сьвятле, стаяць, як хмары, як белыя прывіды — і зь яго толькі пасьмяюцца, падумаюць, што ён арыгінальнічае, асабліва калі ў кампаніі ёсьць прыгожыя дзяўчаты. А я веру, калі такое здараецца, таму што…

…Нехта можа не паверыць мне, але я і сам не люблю адной з самых прыгожых зьяў на зямлі. Не люблю лістоты каштанаў. Жоўтай, асеньняй, залацістай пад сонцам, лапчастай (а за ёй сіняе-сіняе неба залатой восені).

Прыгажэй за яе няма на зямлі. Вулкі ў залатых каштанах ныраюць то ўгору, то ўніз. Наводдаль цьмяна, як праз ваду, плавяцца ў няяркім сонцы залатыя купалы цэркваў. Лістота зьвініць, калі яе зграбаюць у купы, у якіх так добра куляцца дзецям і закаханым юнакам. Замілаваньне такое, што глянь на ўсё гэта — і памры, бо сэрца разрываецца ад прыгажосьці ўвяданьня.

І адначасова ад балеснай тугі, ад незваротнасьці ўспамінаў, ад спозьненых шкадаваньняў, ад непапраўнасьці… ад нянавісьці».

Сяргей Прылуцкі: «тут у тыле ёсьць сьвятло цяпло»

Сяргей Прылуцкі. Фота: Анатоль Днястровы
Сяргей Прылуцкі. Фота: Анатоль Днястровы

Гэты верш Сяргей Прылуцкі апублікаваў 1 красавіка 2022 году ў Фэйсбуку. Сяргей з жонкай і сынам некалькі тыдняў жылі пад расейскімі бомбамі і ракетамі ў Бучы каля Кіева. Ім удалося эвакуавацца. Выдатны тэкст ад выдатнага сучаснага паэта:

«тут у тыле ёсьць сьвятло цяпло
і ня чутна выбухаў ракетных
толькі нутро скаланаецца ад выбухаў
ці то віны ці то палёгкі:
што цэлы
што выжыў выпадкова
а там у акупацыі
дагэтуль твой новы сябра Андрэй
у кватэры падвальнай
абмінаючы руіны
распальвае вогнішча на дзіцячай пляцоўцы
і крычыць уначы адліваючы пад куст
нейкі стары даваенны хіт
кажа: будучыні няма цыгарэт няма алькаголю няма
кажа: ніколі ня плакаў
і плача
там у суседнім пад’езьдзе
у жытле барахлом набітым
жыў марадэр Мікола
няма больш яго
у вітальні бязьлюднай
стаіць скрадзены прынтэр
будзе на чым родным раздрукаваць пахаронку
а там мы лавілі рыбу —
цяпер маскалі тут ловяць людзей
тыднямі трупы ляжаць на падворках
пахне вясной і гарэлым мясам
ажывае прырода як можа
між будынкаў ходзіць зварʼяцелая бабулька
і просіць у кожнага:
учора я памерла —
закапайце мяне па-людзку».

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG