Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская ў The Economist: Калі Беларусь будзе свабодная, Эўропа будзе больш бясьпечная


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская напісала калёнку для брытанскага выданьня «The Economist» — пра тое, што слабая пазыцыя Захаду ў 2020 годзе стасоўна Беларусі прывяла да таго, што беларускі дыктатар стаў супольнікам агрэсіі Расеі ў вайне супраць Украіны.

«Каб дапамагчы Ўкраіне, Захаду пара вучыцца на сваіх памылках, якія ён дапусьціў у Беларусі ў 2020 годзе, — піша Ціханоўская. — У мяне ўзьнікае дэжавю, калі я бачу, як Уладзімір Зяленскі адчайна спрабуе дамагчыся ўвагі ўсяго сьвету. Ён робіць гэта ў той час, як мірныя гарады руйнуюцца ракетамі, выпушчанымі з маёй краіны, Беларусі. Гэта стала магчымым толькі таму, што, калі Аляксандр Лукашэнка, дыктатар, які кіраваў Беларусьсю больш за 27 гадоў, заявіў аб сваёй перамозе на фальсыфікаваных выбарах у нашай краіне менш за два гады таму, Захад зрабіў занадта мала».

На баку Лукашэнкі выступіў Пуцін, даўшы зразумець, што запусьціць, калі спатрэбіцца, усю моц расейскай вайсковай машыны супраць беларускага народу.

Калі б іх спынілі ў 2020 годзе, нічога б гэтага не адбылося.

«Цяпер на карту пастаўлены лёс як Беларусі, так і Ўкраіны. Беларусь ня можа быць свабоднай без свабоднай Украіны і наадварот. Дэмантаж дыктатуры ў Беларусі дапаможа Ўкраіне выйграць вайну. І для Крамля ня можа быць мацнейшага пакараньня, чым бачыць, што Расея мяжуе з дэмакратычнай Беларусьсю.

Эўропа больш бясьпечная, калі Беларусь свабодная... Лукашэнка ўжо пагражае разьмясьціць расейскую ядзерную зброю ў Беларусі. Можа нават у канчатковым выніку прыкінуцца міратворцам. Ня дайце сябе падмануць, калі ён паспрабуе прыкінуцца міратворцам.

Якой бы ні была рэакцыя Захаду, беларусы працягваюць змагацца за сябе...

Я заклікаю заходніх лідэраў вучыцца на сваіх мінулых памылках. Я разумею, чаму яны праяўляюць асьцярожнасьць, калі сутыкаюцца з Лукашэнкам і Пуціным: ніхто ня хоча біцца з хуліганам. Гэта рацыянальны падыход. Але з дыктатарамі гэта не працуе. Я настойліва заклікаю вас перастаць прызнаваць рэжым у Менску. Сачыце за выкананьнем санкцыяў, перакрывайце шчыліны. Беларусь сама не павінна стаць гіганцкай шчылінай, празь якую расейскі бізнэс зможа абыходзіць заходнія санкцыі. Зрабіць так, каб спадар Лукашэнка ня змог пазьбегнуць адказнасьці за ўжо ўчыненыя ім злачынствы.

Дыктатараў нельга перавыхаваць. Але я спадзяюся, што дэмакратычны сьвет зможа навучыцца дзейнічаць хутка і ўсьведамляць, калі на карту пастаўленая яго будучыня і яго бясьпека. Я перакананая, што дыктатары ня вытрымаюць адзінага дэмакратычнага адказу і беспарадкаў дома. Яны выбралі ня той бок гісторыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG