Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусам-уцекачам на мяжы Ўкраіны з Польшчай напісалі ў пашпартах «Слава Україні!». Памежнікі не камэнтуюць


Уцекачы на ўкраінска-польскай мяжы, ілюстрацыйнае фота
Уцекачы на ўкраінска-польскай мяжы, ілюстрацыйнае фота

Адразу трое грамадзян Беларусі пры выезьдзе з тэрыторыі Ўкраіны ў Польшчу пасьля афармленьня на ўкраінскай мяжы атрымалі свае пашпарты, у якіх ад рукі па-ўкраінску было напісана «Слава Україні!».

Яны сьцьвярджаюць, што такія надпісы ім паставілі ўкраінскія памежнікі ў пункце пропуску «Рава-Руська» ў Львоўскай вобласьці.

Гэтыя беларусы спачатку ўцяклі ва Ўкраіну ад крымінальнага перасьледу ў Беларусі за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020-м, а другі раз уцякалі ўжо ад вайны з Украіны ў Польшчу.

«Гэта вайна, усе раззлаваныя»

У Беларусі Яўген Малахоўскі займаўся PR і журналістыкай, у 2020-м — удзельнічаў у пратэстах, адміністраваў групу «Это Минск, детка!» у сацыяльных сетках.

Зьехаў ва Ўкраіну ў лістападзе 2020-га, калі пачалі затрымліваць ягоных паплечнікаў. Разьлічваў на часовы ад’езд, але ён ператварыўся на эміграцыю: спачатку — ва Ўкраіне, а цяпер — у Польшчы.

Яўген даехаў да мяжы 5 сакавіка. Разам зь ім у ягонай машыне зь беларускімі нумарамі былі яшчэ дзьве дзяўчыны — грамадзянкі Ўкраіны.

«У чарзе мы стаялі недзе суткі. Калі пад’ехалі на пункт пропуску, украінкам на месцы паставілі штампы, а мой пашпарт забралі. Чакаў недзе 20 хвілін. Я паглядзеў пашпарт толькі ўжо на польскай мяжы і пабачыў гэты надпіс. Польская памежніца паглядзела і пачала задаваць шмат пытаньняў, сказала ісьці за ёй у вялікі будынак, і там мяне ўжо запыталі — навошта, дзе і чаму паставілі, і папярэдзілі, што могуць быць праблемы, бо гэта лічыцца псаваньнем пашпарта. Але потым сказалі — ладна, едзьце».

Яўген кажа, што спачатку не хацеў абнародаваць гэты факт, але потым паспрабаваў высьветліць сярод іншых беларусаў, ці сутыкаліся яны з такім стаўленьнем на ўкраінскай мяжы. Адгукнуліся яшчэ двое беларусаў — сямейная пара. Яны таксама перасякалі ўкраінска-польскую мяжу ў тым жа пункце пропуску — «Рава-Руська», толькі на некалькі дзён раней — 1 сакавіка.

«На ўкраінскай мяжы няветліва размаўлялі, пільна правяралі маю машыну, заганялі яе ў бокс для глыбокага надгляду. Потым і на польскім баку зрабілі тое самае. Стаўленьне было такое сабе, але я ня стаў рэагаваць, бо разумеў — гэта вайна, усе раззлаваныя. Але потым я пачаў думаць, што рабіць з такім кепскім стаўленьнем да нас? Мы ж змагаліся і, па сутнасьці, двойчы пацярпелі — спачатку ў Беларусі, а потым ва Ўкраіне. Вырашыў, што нельга маўчаць і варта гаварыць пра гэта», — кажа Яўген Малахоўскі.

Украінскія памежнікі не камэнтуюць

Свабода зьвярнулася да прэсавага сакратара Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэя Дземчанкі з просьбай пацьвердзіць ці зьняпраўдзіць сытуацыю з сапсаванымі на ўкраінскай мяжы пашпартамі беларусаў.

«Мне пра такія выпадкі невядома», — сказаў ён.

На пытаньне, ці маюць права памежнікі рабіць нейкія надпісы ў пашпартах замежных грамадзян, Андрэй Дземчанка паўтарыў: «Мой адказ ня зьменіцца, бо мне невядома пра такія выпадкі».

«Ніякай калектыўнай адказнасьці не існуе»

Яўген Малахоўскі лічыць няправільным, што ўкраінцы ўскладаюць адказнасьць на ўсіх грамадзян Беларусі за тое, што Аляксандар Лукашэнка дазволіў Расеі выкарыстаць беларускую тэрыторыю для нападу на Ўкраіну.

«Беларусы ня мусяць несьці калектыўную адказнасьць. Усё ж Беларусь акупавана Расеяй ужо даўно. Вось глядзіце, ёсьць розныя гісторыі, краіны і дыктатарскія рэжымы. Напрыклад, і ў Польшчы быў злачынны рэжым, але калі гэтыя рэжымы ўчынялі злачынствы, гэта не азначала, што ўсіх палякаў трэба ненавідзець. Палякі змагаліся, і беларусы змагаюцца. Трэба вельмі дакладна адрозьніваць лукашыстаў і абсалютную большасьць беларусаў, якія не падтрымліваюць вайну ва Ўкраіне», — кажа Яўген.

«Цяпер спрабуюць акупаваць Украіну, а ў Беларусі гэта ўжо адбылося. Але людзі бяз зброі ня могуць змагацца. Калі ў Беларусі адбываліся страшэнныя падзеі ў 2020-ым, украінцы таксама казалі — трымайцеся, мы з вамі. Але, у адрозьненьне ад той сытуацыі, цяпер беларусы едуць ваяваць за Ўкраіну».

«Трэба тлумачыць, а не рэагаваць на зло»

Яўген Малахоўскі мяркуе, што ўкраінцам трэба тлумачыць, што адбываецца ў Беларусі і як беларусы дапамагаюць украінцам — працуюць валянтэрамі, абараняюць Кіеў, зьбіраюць грошы на мэдыкамэнты і ежу.

«Пройдзе час, і пройдзе агрэсія, але галоўнае — паказаць, што Беларусь ім дапамагае. Выпадак з пашпартамі — ня тая сытуацыя, каб агрэсіўна адказваць украінцам. Трэба казаць, што так ня варта рабіць, бо гэта псаваньне пашпарта, што можа выклікаць праблемы ў беларуса-ўцекача ў любой іншай краіне, напрыклад, пры падачы дакумэнтаў на ўцякацтва ці на абарону, і што гэта створыць праблемы пры перасячэньні межаў іншых краін».

Яўген расказаў, як на шляху да ўкраінскай мяжы яго спынілі на блёк-посьце ў сяле Калінаўка Жытомірскай вобласьці, пачалі біць па машыне палкамі і гукаць: «Выходзь, акупант!».

«Я выйшаў з машыны і прапанаваў спакойна пагаварыць. У выніку ўсе супакоілася, я ім патлумачыў, што беларусы паехалі ваяваць і дапамагаюць Украіне. Людзі проста ня ведалі гэтага. Шмат людзей ва Ўкраіне не разумеюць, што адбывалася ў Беларусі нават у 2020-м. І асабліва ў сельскай мясцовасьці. Я пагаварыў, і мяне адпусьцілі. Я зьняў агрэсію, калі пачаў спакойна размаўляць».

Яўген Малахоўскі дадаў, што пацярпеў і ў Польшчы: раніцай пасьля першага начлегу знайшоў сваю машыну зь дзьвюма парэзанымі шынамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG