Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнтагон: загад Пуціна аб павышэньні гатоўнасьці ядзерных сіл робіць сытуацыю нашмат больш небясьпечнай


Пэнтагон
Пэнтагон

Рашэньне расейскага прэзыдэнта абмяркоўвалася на нарадзе міністра абароны ЗША, кіраўніка Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў і камандуючага сіламі ЗША ў Эўропе.

Загад прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна прывесьці ядзерныя сілы ў стан павышанай баявой гатоўнасьці на фоне яго ўварваньня ва Ўкраіну зьяўляецца эскаляцыяй, якая можа зрабіць сытуацыю «значна больш небясьпечнай», заявіў у нядзелю высокапастаўлены прадстаўнік абароннага ведамства ЗША.

Пуцін аддаў загад у той момант, калі, паводле ацэнак Вашынгтона, расейскія войскі церпяць нечаканыя няўдачы на полі бою пасьля чатырохдзённага ўварваньня. Як заявілі амэрыканскія афіцыйныя асобы, гэтаму садзейнічалі магутнае супраціўленьне Ўкраіны і збоі ў плянаваньні, якія прывялі да таго, што некаторыя падразьдзяленьні засталіся без паліва і іншых прадметаў забесьпячэньня.

Пэнтагон даведаўся аб загадзе Пуціна з тэлевізійнага звароту расійскага прэзыдэнта, а не ад крыніц амэрыканскай разьведкі, паведаміў высокапастаўлены прадстаўнік Пэнтагона.

Адразу пасьля выступу Пуціна міністар абароны ЗША Лойд Осьцін, старшыня Абʼяднанага камітэта начальнікаў штабоў генэрал Марк Мілі і камандуючы ўзброенымі сіламі ЗША ў Эўропе Тод Уолтэрс правялі загадзя заплянаваную сустрэчу, на якой абмяркоўвалі рашэньне расейскага прэзыдэнта.

Хаця Вашынгтон усё яшчэ зьбірае інфармацыю, рашэньне Пуціна выклікае турботу, сказаў высокапастаўлены супрацоўнік Пэнтагона, выступаючы на ўмовах ананімнасьці.

«Па сутнасьці, яно ўводзіць у гульню сілы, якія, у выпадку праліку, могуць зрабіць сытуацыю больш небясьпечнай», – сказаў ён.

Адказваючы на пытаньне, ці працягнуць ЗША аказваць ваенную дапамогу Украіне пасьля абʼяўленьня Пуціна, супрацоўнік сказаў: «Гэтая падтрымка будзе працягвацца».

Па ацэнках ЗША, Расея выпусьціла больш за 350 ракет па мэтам ва Ўкраіне, некаторыя зь якіх патрапілі ў абʼекты грамадзянскай інфраструктуры. Аднак супрацоўнік Пэнтагона выказаў глыбокую заклапочанасьць у сувязі з тым, што, на думку ваеннага ведамства, указвае на зьмену стратэгіі расійскімі сіламі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG