Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўлады могуць выканаць патрабаваньні Мацкевіча. Тлумачаць ягоныя паплечнікі


Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч

Палітвязень, філёзаф, мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч праз галадоўку пратэсту, абвешчаную 4 лютага, дамагаецца зьмены меры стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе, завяршэньня сьледчых дзеяньняў і прызначэньня даты суду.

Філязофскі ўчынак, крайні крок палітвязьня, спроба быць суб’ектам, а не абʼектам у жахлівых умовах ці нешта іншае? Гаворым з паплечнікамі Ўладзімера Мацкевіча — былой жонкай, экспэрткай у галіне адукацыі Сьвятланай Мацкевіч, дырэктарам Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэем Ягоравым і каардынатаркай Беларускай антыядзернай кампаніі Тацянай Новікавай.

«Гэта ня крок адчаю — адчаю там няма. Гэта крайняя мера»

— Якая апошняя інфармацыя пра стан здароўя, настрой Уладзімера Мацкевіча, стаўленьне да яго за кратамі?

Сьвятлана Мацкевіч
Сьвятлана Мацкевіч

Сьвятлана Мацкевіч: Я маю інфармацыю на 8 лютага, тады ён адчуваў сябе адносна здавальняюча. Мы разумеем, што з кожным днём стан будзе пагаршацца. Крытычнаяы пункт галадоўкі — 9-10-ы дзень, калі, як ён абвясьціў, будзе выходзіць на сухую галадоўку. Мы разьлічваем, што на гэты момант магчымага фізіялягічнага пагаршэньня стану патрабаваньні Ўладзімера Мацкевіча вырашаць выканаць. Уладзімер знаходзіцца ў СІЗА № 1 на Валадарскага, у камэры разам зь ім знаходзяцца яшчэ 5 чалавек. З боку праваахоўных органаў быў зафіксаваны стан яго здароўя на момант абвяшчэньня галадоўкі.

— Андрэй, калі паглядзець на практыку палітычных галадовак у Беларусі апошнія дзесяцігодзьдзі, то гэтая галадоўка мае шанцы на дасягненьне выніку, бо мае вельмі канкрэтныя і ў прынцыпе дасягальныя патрабаваньні. Як вы расцэньваеце гэты крок палітвязьня Мацкевіча — ці гэта філязофскі ўчынак, ці гэта крок адчаю, ці гэта спроба быць субʼектам, а не абʼектам, у жахлівых умовах ці нешта іншае?

Андрэй Ягораў
Андрэй Ягораў

Андрэй Ягораў: Усё гэта мае быць. Але гэта ня крок адчаю, адчаю там няма. Гэта крайняя мера, якую выбірае чалавек. Для Мацкевіча гэта адзінае, што застаецца ва ўмовах, калі не працуюць ніякія прававыя мэханізмы. Наўрад ці праз хадайніцтвы, адвакатаў, перапіску з органамі можна дабіцца нейкай справядлівасьці. У гэтых умовах, ня маючы ніякіх ілюзіяў, Мацкевіч робіць індывідуальны, філязофскі ўчынак. Ён сапраўды не жадае быць абʼектам у гэтай сытуацыі, ідзе супраць сыстэмы індывідуальным дзеяньнем, навязваючы ёй свае правілы, прымушаючы працаваць так, як мае працаваць прававая сыстэма.

Вы добра падкрэсьліваеце момант выканальнасьці патрабаваньняў Мацкевіча. Ёсьць тры кампанэнты ўдалай галадоўкі. Першы — рашучасьць, гатоўнасьць пайсьці да канца; у Мацкевіча гэта ёсьць. Другі — выканальнасьць патрабаваньняў. Мацкевіч не патрабуе штосьці, што не ў кампэтэнцыі судова-сьледчых органаў — можна зьмяніць меру стрыманьня, можна перадаць справу ў суд ці прызначыць дату. І трэці кампанэнт — грамадзкая падтрымка, розгалас і магчымасьць далучацца.

«Мацкевіч ня будзе гуляцца ў гэта як у нейкую гульню, ён пойдзе да канца»

— Тацяна, вы вельмі актыўна ў сацыяльных сетках пашыраеце інфармацыю пра галадоўку Мацкевіча. Чаму для вас гэта важна? Як вы расцэньваеце грамадзкі розгалас і ўвагу да гэтага ў Беларусі і сьвеце?

Тацяна Новікава
Тацяна Новікава

Тацяна Новікава: Для мяне навіна пра арышт Мацкевіча была шокам, але калі даведалася пра галадоўку, гэта стала двайным, трайным ударам. Я ведаю Ўладзімера Мацкевіча з 1990-х гадоў, ведаю значнасьць і вагу гэтага чалавека. Выбіраючы такую крайнюю меру, уяўляючы, наколькі складаны гэты крок, Мацкевіч ня будзе гуляцца ў гэта як у нейкую гульню, ён пойдзе да канца.

Разгортваецца вельмі драматычная сытуацыя. Я магу па-рознаму ставіцца да асобы Ўладзімера Мацкевіча, мы зь ім спрачаліся шмат разоў, але я не магу не прызнаць маштабу ягонай асобы ў сучаснай гісторыі Беларусі. Гэта філёзаф, мысьляр, дзяяч такога маштабу і ўзроўню, страціўшы якога, Беларусь рызыкуе застацца без галавы, бяз розуму і цалкам страціць арыентыры ў сучасным сьвеце.

Калі я нічога не скажу цяпер, як потым буду глядзець сабе ў вочы ў люстэрку? Гэта непрымальна для мяне. Магчыма, таму што я жыву ў ЗША і звонку назіраю, сытуацыя здаецца мне пячорнай. Беларусь ідзе сямімільнымі крокамі ў пячорны стан. І Беларусі цяпер менш за ўсё патрэбна такая ахвяра, як Мацкевіч. І таму боку гэтая ахвяра патрэбная яшчэ меней. Давайце не рабіць гэты працэс незваротным. Наша задача — дапамагаць яму дамагчыся выкананьня патрабаваньняў.

«Гэта заклік ня толькі шкадаваць і дапамагаць палітвязьням, а спрабаваць зрушыць сытуацыю, прабіваць сьцяну паміж намі і рэжымам»

— У цяперашняй крытычнай сытуацыі, калі штодня адна навіна горшая за іншую і колькасьць пакутаў, несправядлівасьці і жорсткасьці неймаверная, ёсьць небясьпека сьціраньня болевага парога, прывыканьня грамадзтва да болі і пакутаў як сваіх, так і палітвязьняў. Як на гэтым тле захаваць увагу, эмпатыю, салідарнасьць, каб галадоўка Ўладзімера ўспрымалася максымальна востра?

Сьвятлана Мацкевіч: Колькасьць палітвязьняў штодня павялічваецца. Грамадзянская супольнасьць, блізкія, родныя адпрацавалі пэўныя спосабы ўзаемадзеяньня і дапамогі. Гэта юрыдычная дапамога і больш-менш магчымае падтрыманьне здароўя ў гэтых умовах. Такая дапамога палітвязьням аказваецца дастаткова даўно. Сапраўды, многія прывыклі, што трэба пісаць лісты і гэтак далей.

А калі такі палітвязень, як Уладзімер, абвяшчае галадоўку, то гэты крыху іншая пазыцыя. Гэта заклік актывізацыі да нас — ня толькі шкадаваць і дапамагаць палітвязьням, а спрабаваць зрушыць сытуацыю звонку, прабіваць сьцяну, якая ўзьнікла паміж намі і рэжымам. Уладзімер цяпер знаходзіцца проста на барыкадзе і дэкляруе, што павінна быць сытуацыя кантакту; павінны выстаўляцца патрабаваньні, якія могуць выконвацца; што павінна наладжвацца камунікацыя, і праз гэта агульная сытуацыя можа зрушыцца.

Я згадваю ліст, які ў 2016 годзе ён пісаў тагачаснаму міністру Шуневічу. Мацкевіча судзілі за тое, што ён нібыта ўдзельнічаў у мітынгах, а ён папраўдзе ня ўдзельнічаў, і ў судзе яго апраўдалі. У лісьце Шуневічу Мацкевіч пісаў, што я філёзаф, я для ўсёй краіны, а ня толькі для нашага боку барыкады, я гатовы дапамагчы разабрацца ў сутнасьці справы, гатовы наладзіць кантакт, камунікацыю, зьвярнуцца да асноваў, у чым жа мы розныя. Для гэтага ён мусіць быць як мінімум на свабодзе. Ягоная галадоўка мае дакладны мэсыдж і праваахоўным органам, і нам, грамадзянскай супольнасьці, пра тое, што кантакт магчымы. Гэта ня столькі палітычны, колькі грамадзянскі, гуманітарны акт.

Філёзаф, палітвязень Уладзімер Мацкевіч. Архіўнае фота.
Філёзаф, палітвязень Уладзімер Мацкевіч. Архіўнае фота.

На кон пастаўлена жыцьцё чалавека. Наколькі нам гэта важна і каштоўна? Што мы можам зрабіць у адказ? Гэта становіцца актуальным цяпер. Што можа зрабіць грамадзтва, што могуць зрабіць канкрэтныя чыноўнікі, людзі, якія прымаюць рашэньні? І часу няма. Час запушчаны ім. Засталося некалькі дзён на прыняцьце рашэньняў.

«Мацкевічу вельмі цяжка знаходзіцца ў турме без усялякага дзеяньня»

— Палітвязьні, якія маюць сумны шматгадовы турэмны досьвед, такія як Мікола Статкевіч, Павал Севярынец, вельмі рэдка выкарыстоўваюць такі крок, як галадоўка пратэсту, захоўваючы сілы ў турме і ведаючы, што адміністрацыя турмы ня дасьць вязьню загінуць і будзе выкарыстоўваць гвалтоўнае кармленьне. Спадар Уладзімер гэтыя рэчы добра ўсьведамляе і тым ня менш ідзе на гэта. Андрэй, як вы б патлумачылі ягонае рашэньне ў гэтай складанай сытуацыі?

Андрэй Ягораў: Для Мацкевіча гэта ўчынак, які прымушае зьвярнуць увагу на ягоную справу. Адзінае, што яму даступна, гэта такія радыкальныя меры. Могуць быць такія наступствы, як гвалтоўнае кармленьне ці заявы, што чалавек зьехаў з глузду, што ён варʼят. А што яшчэ застаецца, калі вырашыў дзейнічаць, а іншых магчымасьцяў няма, каб дамагчыся справядлівасьці, якая лічыцца належнай у гэтай сытуацыі.

Мацкевічу вельмі цяжка знаходзіцца ў турме без усялякага дзеяньня. Усе, хто ведаюць Мацкевіча, разумеюць, што гэта чалавек дзеяньня, які ня можа проста чакаць. Гэта для яго немагчымая сытуацыя. Калі ён скончыў працу (ведаем, што ён працаваў над кнігай), магчыма, ён скончыў свой нейкі роздум, завяршыў усе справы, якія ў яго былі, і цяпер мусіць нешта рабіць, нягледзячы на тое, дзе ён знаходзіцца. Выбіраючы спосаб дзеяньня, бо ён ня можа ня дзейнічаць, прыходзіць да высновы, што ёсьць толькі галадоўка.

— Тацяна, чым можна дапамагчы Ўладзімеру Мацкевічу, што можна зрабіць у Беларусі і за яе межамі?

Тацяна Новікава: Вельмі важна цяпер кожны дзень не пераставаць гаварыць пра гэта. Сытуацыя патрабуе нашай мабілізацыі, бо часу ў нас няшмат. Калі ён намерыўся ісьці да канца, то прымусовае кармленьне не дае ніякіх гарантый. Да таго ж у нас няма ніякага спосабу на яго паўплываць звонку і сказаць яму: «Кідай, беражы сілы». Цяпер адзінае, што можна зрабіць, гэта данесьці гэтую інфармацыю да людзей з тым, каб яны данесьлі яе да асобаў, якія прымаюць рашэньні.

Мне страшна глядзець сваю стужку ў фэйсбуку, бо там на пяць коцікаў адзін партрэт палітвязьня, на дзесяць сланоў і зуброў, якія выходзяць у хэдлайнэры дзённых навінаў, прыпадае 25% згадваньня пра Мацкевіча. Непрымальная сытуацыя, нашы каштоўнасьці зрушыліся ў бок прыемных навінаў. Трэба заклікаць грамадзтва, тлумачыць, што, па-першае, у нас мала часу, а па-другое, калі хочам людзьмі звацца, зрабіце што можаце.

«Мацкевіч бы сказаў: усё, што мы не зрабілі раней, мы мусім рабіць зараз»

— Вы добра ведаеце асобу, працы, сьветапогляд Уладзімера Мацкевіча. Як вы думаеце, які ягоны погляд на тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі і вакол яе, якое ягонае бачаньне вырашэньне беларускага крызісу?

Андрэй Ягораў: Мацкевіч даволі ясна апісаў сытуацыю ў Беларусі ў сваіх тэкстах раней, і мала што зьмянілася зь яго канстатацыяў. Адна з апошніх у 2020 годзе — улада ў краіне захопленая абʼяднанай злачыннай групоўкай, і ўсё, што адбываецца, гэта распаўсюд крымінальных паняткаў і канцэнтрацыя ўлады ў руках цалкам крымінальнай групоўкі. Тут ня дзейнічае ані права, ані закон, ані справядлівасьць, а толькі сіла такога тыпу, злачынныя паняткі і нормы.

Мацкевіч так і ставіўся да грамадзкага працэсу, калі немагчыма выкарыстоўваць законныя сродкі, і таму толькі салідарнае, асэнсаванае і мэтанакіраванае грамадзкае дзеяньне можа прынесьці нейкія зьмены. І маштаб гэтага дзеяньня мусіць адпавядаць пастаўленым задачам. Калі ставім задачу зьменаў у краіне цалкам, каб вярнуць закон, справядлівасьць і прававы парадак, тады гэта мусіць быць сканцэнтраванае дзеяньне ўсіх. І гэта немагчыма зрабіць без агульнай стратэгіі, пра якую гаварыў Мацкевіч увосень; немагчыма зрабіць без абʼяднаньня дэмакратычных сілаў, пра што ён гаварыў на пачатку 2021 году. І тут мала што зьмянілася ў агульным падыходзе. Мацкевіч бы сказаў: усё, што мы не зрабілі раней, але мусілі зрабіць, мы павінны рабіць зараз.

Сьвятлана Мацкевіч: Усе магчымыя сцэнары ён дакладна разьлічыў, у тым ліку самы нэгатыўны ў адносінах да самога сябе. Ён паставіў на кон сваё ўласнае жыцьцё. Разьлічыць сцэнар, што будзе рабіць грамадзтва, дакладна не магчыма. Я думаю, што ён проста запускае працэс, запускае дзеяньне і чакае ў адказ на яго дзеяньня іншых. Ён нібыта правярае. Галадоўка — гэта ягоны тэст на многія паказьнікі. Тэст для нас на стан нашай сьвядомасьці і нашых каштоўнасьцяў, на нашу здольнасьць адказваць і дзейнічаць. Тэст на магчымасьць ціснуць на тых, хто прымае рашэньні, і вучыцца зь імі гаварыць, пераконваць іх. Ён запусьціў, і працэс ідзе ў залежнасьці ад таго, як кожны з нас дзейнічае асобна і разам.

Тацяна Новікава: Мацкевіч разьлічвае на сябе, на свае сілы, як ён гэта любіў і любіць рабіць. Ён добра асэнсоўвае ўчынак, перш чым яго зрабіць. Галадоўка — гэта не палітычны ці філязофскі, ці касмалягічны жэст. Гэтая крайняя мера ляжыць у плашчыні выкананьня законаў. Беларусь дагэтуль функцыянуе і існуе нават у рамках таго тэрытарыяльна-палітычнага ўтварэньня таму, што гэта краіна, на якую працуе ня толькі рэпрэсіўны апарат, але і велізарная колькасьць людзей, і найперш людзей такога маштабу, як Уладзімер Мацкевіч. Бязь іх нацыя ня можа быць нацыяй. Нацыя — гэта ня цар, апрычнікі і халопы, нацыя — гэта колькасьць субʼектаў, прафэсіяналаў, магчымасьць дзейнічаць асэнсавана. І гэтаму асэнсаванаму дзеяньню і вучыць мэтадоляг Мацкевіч. І галадоўка — сурʼёзны мэсыдж, пасланы і таму, і гэтаму боку. Мы ня можам яго праігнараваць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG